Пераможны фініш жыткавіцкіх гіравікоў

Жыткавіцкія гіравікі ў чарговы раз даказалі сваё майстэрства. У мінулую суботу каманда ДЮСШ “Матор” у трынаццаты раз стала пераможцам турніру па гіравому спорту сярод юнакоў “Кубак Палесся”.


Сёлета ў пятнаццаты раз сабраліся юныя гіравікі на жыткавіцкай зямлі, каб зноў вызначыць ва ўпартым змаганні ўладальніка ганаровага трафею. Скажам, што спартсмены сваімі выступленнямі падаравалі нямала прыемных хвілін і эмоцый аматарам гэтага віду спорту. Іх прыйшло ў спартыўную залу сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 3 райцэнтра, дзе і праводзілася мерапрыемства, нямала. Дарэчы, гаспадары навучальнай установы зрабілі нямала, каб месца правядзення турніру выглядала прывабна і радавала вока сваёй прыгажосцю і спартсменаў, і гледачоў. Гэта ім удалося.


Як і патрабуе ўзровень такіх спаборніцтваў яны пачаліся цырымоніяй адкрыцця. Яна была надзвычай прыгожай і ўрачыстай. Увогуле, варта зазначыць, што цырымонія адкрыцця юнацкага турніру па гіравому спорту мае шмат традыцый, якія шануюцца і год ад году развіваюцца. Не раз свае выступленні на спаборніцтвах юнакі прысвячалі знамянальным датам. Сталася так і ў гэтым годзе, арганізатары мерапрыемства прысвяцілі яго 65-ці годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.


Гэта яскравы доказ таго, наколькі важны для ўдзельнікаў гэтых спаборніцтваў духоўны пачатак. Таму і віталі на турніры разам са спартсменамі і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія былі запрошаны на спаборніцтвы ў якасці ганаровых гасцей. Ды і тое, што турнір юных гіравікоў не застаецца пазаўвагай прадстаўнікоў раённай улады, таксама сведчыць аб яго значымасці. Нельга не сказаць і пра культурную праграму, якая падчас цырымоніі заўсёды вельмі насычаная. Парадавалі шматлікімі выступленнямі і сёлета. Нікога з прысутных не пакінулі раўнадушным выступленні спартсменаў-каратыстаў і гіравікоў, а таксама песенныя і танцавальныя нумары ў выкананні хлопчыкаў і дзяўчат. Хвалю станоўчых эмоцый выклікае і ўзняцце сцяга спаборніцтва пад гукі гімна, і прадстаўленне каманд. Падчас апошняга заўсёды пачынаеш лічыць: колькі ж іх прыехала? І калі лік перавальвае за дзесятак, адчуваеш гонар за турнір, што расце яго папулярнасць. У гэтым годзе ў спаборніцтве прынялі ўдзел дванаццаць каманд. Геаграфія прадстаўніцтва сапраўды шырокая. Гэта Гомель і Мазыр, Узда і Пружаны, Бабруйск і Лельчыцы, Жлобін і Светлагорск, Мінск і Жыткавічы, Котава і Смаленская вобласць Расійскай Федэрацыі. Амаль сотня спартсменаў-гіравікоў. І гэта ўсё пятнаццаты турнір “Кубак Палесся”. Цяпер нават не верыцца, што ў першым турніры прымалі ўдзел толькі дзве каманды: з Брэста і Жыткавіч…


Што тычыцца саміх спаборніцтваў, то яны таксама прайшлі на добрым узроўні. На сёлетнім турніры першынство ўпершыню аспрэчвалі і гіравікі-дзяўчынкі. І волю да перамогі яны праявілі вялікую, таму парадавалі добрымі вынікамі. Напрыклад, Люба Дзесюковіч з горада Узда мае ўласную вагу ўсяго трыццаць кілаграмаў, а ў двух практыкаваннях “штуршку” і “рыўку” падняла васьмікілаграмовую гіру 120 разоў. Выступала яна ў групе спартсменаў вагой 50 кілаграмаў. І не спасавала перад больш моцнымі саперніцамі. Са сваім вынікам заняла трэцяе месца. Перамога ж у гэтай вагавой катэгорыі па суме выступленняў у двух практыкаваннях дасталася Наталя Гурскай таксама з Узды. Яе вынік 244 пад’ёмы. Наша зямлячка Аляксандра Палхоўская з 220 ачкамі стала другой. У іншых вагавых катэгорыях таксама тон у барацьбе за першынство задавалі дзяўчаты з Узды. На іх рахунку заваяваныя яшчэ два залатыя і адзін сярэбраны медалі. Жыткавіцкія гіравічкі атрымалі два бронзавыя медалі. Прызёрамі ў іншых групах сталі К. Хаткевіч І М. Карніяшык.


Як заўсёды востра ішла барацьба сярод юнакоў. Рабяты па-сапраўднаму змагаліся не толькі са снарадам, але і сваімі пачуццямі. Некаторыя проста працавалі на памосце да знямогі, настолькі вялікім было жаданне перамагчы. Па традыцыі, вельмі востры напал барацьбы атрымліваецца ў юных гіравікоў, якія выступаюць у самых лёгкіх вагавых катэгорыях. Напрыклад, у групе спартсменаў вагой сорак кілаграмаў пасля першага практыкавання адразу пяць спартсменаў заявілі сваё права на першае месца. Кожны з іх штурхнуў дзве гіры больш чым па сто разоў. У “рыўку” напал барацьбы яшчэ больш узмацніўся. Напрыклад, калі ў першым практыкаванні лідарам быў Сяргей Кудрашоў з Узды (194 штуршкі), то ў “рыўку” большую колькасць разоў паказаў Павел Палхоўскі з каманды “Матор” (143 разы). Розніца ўсяго ў два балы склала па выніках спаборніцтваў паміж гэтымі гіравікамі. Кудрашоў набраў 314, а наш зямляк 312, хаця адставаў пасля першага практыкавання на 25 ачкоў. У іх адпаведна залаты і сярэбраны медалі. Трэцім жа ў гэтай вагавай катэгорыі стаў Уладзіслаў Бодры са Смаленшчыны. А вось выступленне юнакоў у вагавой катэгорыі 48 кілаграмаў парадавала новым рэкордам. Яго ўстанавіў у “штуршку” расіянін Антон Зайцаў, які ўзняў снарад 200 разоў. Ен па суме балаў і перамог у гэтай групе спартсменаў. Прызёрамі тут сталі Іван Варановіч з Лельчыц і Дзіма Булгак з Узды.


Выступленне ў вагавой катэгорыі 55 кілаграмаў жыткаўчаніна Дзімы Карпава ў штуршку давала надзею, што нарэшце і ў нашай каманды будзе першы залаты медаль. Спартсмен штурхнуў снарад 134 разы і забяспечыў сабе нядрэнны адрыў ад сапернікаў. На жаль, гэтага не хапіла. У “рыўку” ўдалае выступленне Мікалая Махнача з Узды перакрэсліла спадзяванні гледачоў на перамогу нашага земляка. Са 192 баламі ён фінішаваў толькі другім, а перамогу святкаваў Мікалай, які набраў 213,5 бала. Гэты прыклад яшчэ раз засведчыў, якой нежартоўнай, вострай была барацьба на памостах.


Першыя два залатыя медалі ў скарбонку жыткаўчан прынеслі Аляксандр Івашкевіч і Павел Кірыловіч, якія выступалі ў вагавых катэгорыях 60 і 65 кілаграмаў. Выступалі хлопцы ўпэўнена як у “штуршку”, так і ў “рыўку”, таму і вынік атрымаўся заканамерным. Скажам, што яшчэ адзін сярэбраны медаль прынёс камандзе Аляксей Лукашэвіч. Але, відаць, сама крыўдна Яўгену Гурскаму. Усяго некалькі дзесяткаў грамаў уласнай вагі, на якія ён аказаўся важэйшым за свайго саперніка з Бабруйска, не дазволілі яму ўзысці на трэцюю прыступку п’едэстала. Пачын папярэдніх спартсменаў з каманды “Матор” падтрымалі іх сябры Аляксандр Федаровіч і Яўген Мішчук, якія выступалі ў вагавых катэгорыях 70 і болей кілаграмаў. Тут таксама сюрпрызаў не адбылося, нашы землякі адразу захапілі лідарства і не саступілі яго нікому. А іншага чакаць і не патрэбна было ад хлопцаў, акрамя як перамогі. Сваё майстэрства яны неаднаразова пацвярджалі перамогамі на розных турнірах і першынствах. І сёлетнія іх перамогі на турніры ў Жыткавічах дазволілі заняць камандзе “Матор” першае агульнакаманднае месца, а разам з ім і галоўны трафей спаборніцтваў — кубак. Другой стала каманда з горада Узда, а трэцімі — юнакі са Смаленшчыны. У пяцёрцы лепшых каманд яшчэ адна жыткавіцкая каманда і каманда горада Бабруйска.


Гучыць голас суддзі, які аб’яўляе прозвішчы спартсменаў-пераможцаў і прызёраў. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. У іх гонар гучаць Дзяржаўныя гімны. Многія фатаграфуюцца на памяць аб прайшоўшых спаборніцтвах. Менавіта так закончыўся пятнаццаты турнір па гіравому спорту сярод юнакоў у Жыткавічах. Што ж, будзем чакаць наступнага года, які збярэ ў нашым горадзе на чарговыя спаборніцтвы юных гіравікоў, якія парадуюць нас новымі спартыўнымі рэкордамі і перамогамі. Такі турнір з’яўляецца выдатнай ацэнкай заслугам выхаванцаў і іх трэнераў Жыткаўшчыны па развіццю гіравога спорту.


С. МІКАЛАЕЎ, У. МІКАЛАЕЎ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.