Жывы падарунак— у надзейныя рукі

DSC_1434Як паведамлялася ўжо ў адным з нядаўніх нумароў нашай раённай газеты, напрыканцы студзеня ў рэдакцыі “Новага Палесся” адбыўся розыгрыш галоўнага прыза конкурса падпісчыкаў на першае паўгоддзе. Шчаслівы нумар 24 трапіў на квіток жыхаркі вёскі Знаменка Ганны  Меляшчэні.

І вось наша службовая машына спыняецца ля падворка дыхтоўнага, па-гаспадарску абшаляванага дома, сцены якога пафарбаваны ў залаціста-жоўты колер. На ганку з ветлівай, радаснай усмешкай нас сустракае гаспадыня, якую мы загадзя папярэдзілі пра свой візіт. І кабанчык плаўна перакачоўвае з багажніка аўтамабіля ў рукі сваёй новай, сталай апякункі.
У хаце ў час размовы мы даведаліся, што пенсіянерка Ганна Рыгораўна — былая настаўніца пачатковых класаў Азяранскай сярэдняй школы, а таксама даўняя падпісчыца і чытачка раённай газеты. Яна з мужам Валянцінам Мікалаевічам, які ўсё жыццё працаваў трактарыстам, родам са Знаменкі, якая колісь мела загадкавую назву Слепцы. Маюць траіх дзяцей, якія ўжо сямейныя і не забываюць бацькоў, падтрымліваюць з імі самыя цесныя стасункі.
— А ведаеце, гэты падарунак ужо другі для мяне ад рэдакцыі раённай газеты, — дзеліцца цікавай навіною з намі жанчына. — Гадоў дзесяць назад я таксама стала прызёрам у час падпіскі і розыгрышу, і мне ўручылі будзільнік. Які, дарэчы, і па сённяшні дзень дакладна паказвае час…
Працуючы ўсё жыццё ў школе, Ганна Рыгораўна ўвесь час заставалася дбайнай, працавітай гаспадыняй вясковага падворку. Не цуралася аніякай работы, гадавала розную жывёлу і птушку. Так што свінчо трапіла ў надзейныя, гаспадарлівыя рукі.
***
У гэты ж дзень падарункі за старанную і выніковую працу падчас падпісной кампаніі ад установы «Рэдакцыя газеты «Новае Палессе» атрымалі і работнікі пошты. Паштальёну 4-га гарадскога аддзялення Надзеі Лоўгач уручаны ў якасці прыза прас. За час правядзення падпіскі яна аформіла 156 экземпляраў раёнкі, павялічыўшы колькасць у параўнанні з мінулагоднім перыядам на 24 працэнты. А вось лепшым сярод аддзяленняў паштовай сувязі, па ўмовах конкурсу, стала Градаўское. Яго кіраўніку, Любові Канапацкай, уручаны чайнік і салодкія прысмакі.
Супрацоўнікі «Новага Палесся» ўдзячны нашым партнёрам-паштавікам за працу падчас падпісной кампаніі і спадзяюцца, што гэтыя стасункі будуць толькі ўмацоўвацца, а тыражы на раёнку павялічвацца.
Калектыў раёнкі выказвае вялікую падзяку дырэктару ААТ «Жыткавічыхімсервіс» Віктару Атліванаву за падтрымку «Новага Палесся»
Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Фота Анастасіі КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.