Колькасны патэнцыял – у якасны
Вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за мінулы год і першы месяц бягучага, а таксама іншыя пытанні работы аграпрамысловага комплексу раёна былі разгледжаны на раённым семінары з удзелам старшыні райвыканкама Мікалая Какоры. Практычная частка мерапрыемства прайшла на базе КСУПа “Чырвоны Бор”.
Кіраўнікі і спецыялісты жывёлагадоўчай галіны гаспадарак, райсельгасхарчу напачатку азнаёміліся з работай малочнатаварнага комплексу сельгаспрадпрыемства. Здадзены ў эксплуатацыю ён нядаўна, таму па тэхналагічнаму аснашчэнню вытворчых працэсаў з’яўляецца найбольш сучасным у нашым раёне. На чым і была засяроджана ўвага ўдзельнікаў мерапрыемства. Канешне, усім спадабалася чысціня, якая пануе тут, камфортныя ўмовы для працы і адпачынку жывёлаводаў. Ды і ўтрыманне жывёлы таксама намнога палепшылася, у чым усе пераканаліся, прайшоўшы па памяшканнях. Пытанняў падчас гэтага было абмеркавана нямала. Найперш, што і ў іншых гаспадарках патрэбна на вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі прымяняць камп’ютарныя тэхналогіі. На комплексе яскрава было прадэманстравана наколькі больш якасна можа працаваць спецыяліст, маючы пад рукой камп’ютар. І ўлік пагалоўя наладзіць згодна яго прадуктыўнасці, і асемяненне, і кантроль за надоямі, і разлічыць неабходныя рацыёны кармоў згодна фізіялагічнага стану жывёліны, і многае іншае. Вынік такой працы пойдзе толькі на карысць вытворчасці. Таму ўкараняць гэта патрэбна ўжо зараз, як і іншыя спецыялізаваныя машыны. Напрыклад, тыя ж кормазмешвальнікі. Такая тэхніка дазваляе намнога эканомней расходаваць кармы, павышае іх спажыўныя якасці. На жаль, не вельмі спяшаюцца ў гаспадарках абзаводзіцца ёю. Толькі працуючы па старынцы, далёка не заедзеш. Работа жывёлаводаў КСУПа “Чырвоны Бор” у першыя месяцы года даказвае, што прымяненне сучаснага абсталявання дазваляе мець намнога лепшы вынік у рабоце. Гаспадарка ўпэўнена нарошчвае вытворчасць малака. Хаця надоі пакуль і не высокія, але яны з’яўляюцца заканамерным вынікам цяперашняй працы і мінулагодніх памылак. Востра тут стаяла пытанне з узнаўленнем статка, цялушак для гэтых мэт утрымлівалі на правах сірат, кармілі па астаткаваму прынцыпу. Зразумела, якой прадуктыўнасці кароў вырошчвалі з такімі падыходамі. Зараз і да гэтай важнай работы па развіццю галіны зусім іншы падыход. У чым удзельнікі семінара пераканаліся, наведаўшы комплекс “Узнаўленне”. Тут праведзена рэканструкцыя памяшканняў, значна палепшаны ўмовы ўтрымання і кармлення маладнячка, што адразу станоўча адбілася на велічыні прываг. Есць пэўныя недапрацоўкі, але хочацца спадзявацца, што іх выпраўленне — гэта справа часу.
Азнаёміліся ўдзельнікі семінара і са станам спраў у механізацыі гаспадаркі. Для гэтага пабывалі ў майстэрнях машыннага двара. Скажам, не самае прыемнае ўражанне пакінула гэтае наведванне. Так. Пэўныя крокі па паляпшэнню спраў прыкладваюцца, але ж вельмі слабыя. У тым жа пункце тэхнічнага абслугоўвання трактароў і машын слаба наладжана ацяпленне. Парадку таксама хацелася, каб там паболей было. Ды і ў майстэрнях таксама яго няма. І як рамантаваць механізатарам тэхніку зімой у такіх умовах? Больш патрэбна паклапаціцца кіраўніцтву і інжынернай службе сельгаспрадпрыемства і пра бытавыя ўмовы ў гаражы. База для гэтага маецца і даволі нядрэнная, патрэбна толькі прыкласці для гэтага старанні і праявіць ініцыятыву.
На падвядзенні вынікаў семінару менавіта асноўная ўвага была скіравана на выяўленне недапрацовак і шляхах іх выкаранення. З аналізам спраў па рабоце жывёлагадоўчай галіны выступілі галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Рыгор Кронда, начальнік райплемстанцыі Адам Аліфяровіч, намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Сяргей Ярмаш. Разгледжана пытанне і па падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ. Па ім выступіў галоўны інжынер райсельгасхарчу Андрэй Ляшкевіч. Па словах старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, які актыўна прымаў удзел у абмеркаванні вынесеных на парадак дня пытанняў, патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб выйсці на тыя аб’ёмы вытворчасці, што пастаўлены перад працаўнікамі гаспадарак. Яны рэальныя для дасягнення, патрэбна толькі зрабіць правільныя вывады з тых недапрацовак, што маюць месца, і найхутчэй ад іх пазбаўляцца.
Як было зазначана выконваючым абавязкі начальніка райсельгасхарчу Аляксандрам Наўныка, у раёне маецца ўжо дастатковая колькасць рэсурсаў для вытворчасці неабходных аб’ёмаў прадукцыі і іх нарошчвання, неабходна толькі перайсці на больш якасны ўзровень іх выкарыстання. У Год якасці выкананне гэтай задачы павінна стаць асноўным крытэрыем у рабоце аграрыяў раёна.
С. МІКАЛАЕЎ.