Настроены спрацаваць яшчэ лепей
Як дабіцца высокіх вытворчых паказчыкаў кожны год? Для працаўнікоў КСУПа “Бялёў” адказ на гэтае пытанне даўно не з’яўляецца сакрэтам. У гаспадарцы назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння аддачы палеткаў і ферм. Мінулы год не стаў выключэннем. Пра яго вынікі расказвае дырэктар гаспадаркі Валянціна ТОЧКА.
— У гаспадарцы маецца нядрэнны вытворчы патэнцыял і нямала добрых працаўнікоў і спецыялістаў, якія яго пастаянна развіваюць. Менавіта стараннем людзей мы і атрымліваем штогод значны рост па вытворчасці прадукцыі.
— Напэўна, больш за ўсё парадавалі сваёй леташняй дзейнасцю жывёлаводы?
— Гэта так. За мінулы год ад адной каровы надоена па гаспадарцы 4830 кілаграмаў малака. Гэта на 296 кілаграмаў больш чым за папярэдні год. Сярэднясутачныя прывагі па сельгаспрадпрыемству на адкорме маладняку 624 грамы, што на 58 грамаў больш. Тэмп росту жывёлагадоўчай прадукцыі дасягнуты 110 працэнтаў. Бясспрэчна, усе гэтыя дасягненні — вынік працы нашых работнікаў, многія з іх спрацавалі намнога лепей за сярэднегаспадарчыя паказчыкі. Так, Антаніна Віткоўская надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 5200 кілаграмаў малака. Даглядчыца Алена Жогаль атрымала па сваёй групе сярэднясутачныя прывагі 675 грамаў. Хочацца адзначыць працу і такіх жывёлаводаў як Наталля Савіч, Антаніна Агіевіч, Сяргей Увараў, Дзмітрый Масолаў, Жанна Матох, Любоў Чаюкова, Марыя Бялько, Ніна Чарнушэвіч, тэхнік –асемянатар і многіх іншых.
— Але ж, напэўна, высокія паказчыкі работнікаў ферм гаспадаркі грунтуюцца не толькі на іх старанні і прафесіяналізме?
— Сапраўды, прафесіяналізм і старанне работнікаў тады дадуць належны плён, калі будуць удасканальвацца вытворчыя працэсы. На фермах у нас у гэтым плане многае зроблена і робіцца. Абнаўляецца абсталяванне, вядуцца рэканструкцыі памяшканняў і іншае. Напрыклад, у гэтым годзе плануем запусціць у эксплуатацыю ферму па раздою цялушак на 200 галоў. Канешне, складана вырашаць многія праблемы, але патрэбна рухацца наперад, каб забяспечваць рост вытворчасці. Сёлета патрэбна спрацаваць не горш чым летась, а па многіх пазіцыях і намнога лепей.
— Уявіць поспехі жывёлаводаў без плённай працы раслінаводчай галіны немагчыма. Мінулы ж год для працаўнікоў палёў быў па пагодных умовах вельмі складаным. Ці справіліся яны з пастаўленымі задачамі?
— Калі браць кормавытворчасць, то тут мы дасягнулі нядрэннага выніку. Напрыклад, па мінуламу году выхад кармавых адзінак склаў 48,5 супраць 42,9 у 2008 годзе. Ды і ўраджайнасць зерня мы атрымалі самую высокую сярод гаспадарак жыткавіцкай зоны. Разам з тым, не ўсё з-за надвор’я атрымалася ў раслінаводстве як хацелася. Будзем выпраўляцца ў гэтым годзе.
— Дарэчы, а як ідзе падрыхтоўка да палявых работ?
— Работы гэтыя вядзем. Рамантуем тэхніку, на запасныя часткі выдзелілі трыццаць мільёнаў рублёў. Вядзем пераборку насення бульбы. Вывозім на палеткі арганіку. Сёлета плануем значна больш унесці арганічных угнаенняў пад сяўбу. Думаецца, што вясна не застане нас знянацку, а нашы працаўнікі пастараюцца спрацаваць так, каб і ў гэтым годзе адчувальнымі былі прыбаўкі ўраджаю, надояў і прываг.
— Дзякую за гутарку.
С. МІКАЛАЕЎ.