На злёт – самых дастойных

Зробім невялікі экскурс у мінулае. Торфабрыкетны завод “Жыткавіцкі” пачаў здабываць свае першыя тоны сыравіны ў 1971 годзе ва ўрочышчы “Булеў мох”. Першапачаткова здабываўся фрэзерны торф для спальвання яго і функцыяніравання цеплаэлектрацэнтралі. А брыкетная вытворчасць пачалася толькі з увядзеннем у строй у 1980 годзе першай чаргі завода, а ў 1986 годзе — другой. Праектная магутнасць яго была разлічана на выпуск 90 тысяч тон брыкету ў год.


Раней выпускаемыя тарфяныя брыкеты выкарыстоўваліся як бытавое паліва для прадпрыемстваў камунальнай сферы і насельніцтва Гомельскай вобласці. Адначасова прадпрыемства пастаўляла фрэзерны торф цагельням, цяплічным камбінатам, гароднінным фабрыкам, а таксама торф для вытворчасці брыкетаў.


…Трымаеш у руцэ блішчастую чорную цагліну брыкету і міжволі думаеш, якое гэта стварэнне чалавечых рук і розуму! Кінеш торфабрыкет у грубку ці топку катла, згарыць ён там, дасць цеплавую энергію, неабходную для абагрэву памяшкання, падтрымання належнага тэмпературнага рэжыму. А вытворчасць торфабрыкету — справа складаная, а занятыя ёю людзі — розных спецыяльнасцей і прафесій. А яшчэ наш беларускі торф з’яўляецца надзвычай карысным выкапнем, з яго вырабляецца мноства самай рознай прадукцыі — ад лекаў і шампуняў да ўгнаенняў і брыкету. Нават пры такім шырокім спектры яго прымянення вучоныя сцвярджаюць, што “залаты” век торфу яшчэ наперадзе.


Цяпер нарыхтоўкай фрэзернага торфу і выпускам брыкетаў займаецца адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”. І даўно нязменным правілам для працаўнікоў прадпрыемства стала выкананне і перавыкананне даведзеных планаў і заданняў, прагнозных паказчыкаў. Паспяхова тут справіліся з задачамі мінулага і двума месяцамі бягучага года.


— Сёлета мы запланавалі замест 184 тысяч тон нарыхтаваць 190 тысяч тон фрэзернага торфу, таксама перавыканаць план выпуску торфабрыкетаў, — сказаў дырэктар ААТ “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” М. Малочка.


А на злёце перадавікоў калектыў прадставяць начальнік вытворчага ўчастка №1 Сяргей Севярын, машыніст па здабычы і перапрацоўцы торфу Дзмітрый Купрацэвіч, машыніст цеплавоза Павел Чарнагалоў, слесар-электрык Аляксандр Буй.


Спорыцца работа і ў брыкетным цэху. Лепшым за мінулы год тут названы старшы майстар Вячаслаў Макарэвіч.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.