Пачатак працоўнага шляху Яўгеніі Межнінай
Яўгенія Межніна – дзяўчына разважлівая, рашучая і вельмі самастойная. Ёй крыху за дваццаць, але за гэты параўнальна невялікі перыяд жыцця Яўгенія Анатольеўна прыняла не адно важнае рашэнне, якое стала вызначальным у яе лёсе. Дзякуючы гэтаму карэнная гараджанка моцна прывязалася да вясковага ладу жыцця.
Моцна задумацца, якую выбраць жыццёвую дарогу, якой справе сябе прысвяціць, Яўгеніі прыйшлося яшчэ ў выпускным класе школы. Шляхі было два. У марах бачыла сябе спецыялістам — знаўцам замежных моў. Цяпер гэта вельмі прэстыжна, а з улікам таго, што дзяўчына вырасла і выхоўвалася ў інтэлігентнай сям’і (бацька яе ўрач, а маці па адукацыі журналіст) самая што ні на ёсць прымальная прафесія. Разам з тым, прываблівалі будучую выпускніцу розныя жывёліны. Апошняе ў Яўгеніі з маленства. Бацькі пастаянна трымалі дома сабак, з якімі і яна праводзіла многа часу. Бавілася з малымі шчанюкамі і дарослымі гадаванцамі, карміла, мыла іх, гуляла. І заўсёды гэта рабіла з вялікім задавальненнем і ласкай. Ды і ў вёсцы, куды часта прыязджала падлеткам да бабулі, рознай жыўнасці было больш чым дастаткова. Нават у сваім родным Наваполацку яна не прамінала магчымасці, каб наведацца ў мясцовую ветэрынарную лячэбніцу і там дапамагаць лекарам лячыць гадаванцаў. Ад жалю да іх болю, поўных даверу і надзеі да чалавека вачэй у Яўгеніі сціскалася сэрца. Магчыма, у такія хвіліны праяўлення міласэрнасці і шкадавання выклікалі ў школьніцы думку, што яе дапамога чацвёралапым сябрам можа быць большай і намнога эфектыўнейшай. Не так і шмат трэба для гэтага, толькі паступіць у ветакадэмію, дасканала асвоіць там прафесію ветэрынара і дзейнічаць, прыносіць карысць братам нашым меншым. Напэўна, гэта і адыграла на карысць таго, што Яўгенія Анатольеўна стала студэнткай Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, якую з поспехам закончыла ў мінулым годзе.
Вучыцца ёй заўсёды было цікава, хаця пэўныя цяжкасці і надараліся. Але дзякуючы свайму цвёрдаму характару, мэтанакіраванасці яна ўпэўнена іх пераадольвала. Асаблівым для Яўгеніі стаў той дзень, калі яна, студэнтка апошняга курса вышэйшай ветэрынарнай навучальнай установы, накіравалася на вытворчую практыку. Яе выпала праходзіць, так бы мовіць без пяці хвілін дыпламаванаму спецыялісту ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”. Канечне, магла гэта зрабіць і ў сябе дома, ў адной з прыгарадных гаспадарак пад родным Наваполацкам, вобразна кажучы, пад цёплым крылом і апекай матулі, якая працуе там галоўным спецыялістам. Але дзяўчыне захацелася самастойнасці, самой паспрабаваць свае сілы ў гэтым жыцці, нібы маладому птаху стаць моцна на крыло. Таму паехала на практыку з вялікай ахвотай. Радавалася, што пабачыць новыя мясціны, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Усё ж з адной старажытнай беларускай зямлі кіравалася ў другую. І Тураўшчына Яўгенію не расчаравала, з першых крокаў па гэтай зямлі ўлюбіла ў сябе сваімі велічнымі краявідамі і прыгажуняй Прыпяццю.
У курс спраў увайшла вельмі хутка. Працы для ветэрынара хапала штодзённа. Падтрымка старэйшых калег, кіраўніцтва гаспадаркі дапамагалі асвойвацца ў прафесіі, раскрывалі яе сакрэты. Тэарэтычных ведаў было дастаткова, таму і справы пайшлі на лад. Кіраўніцтва гэта заўважыла і прапанавала Яўгеніі пасля атрымання дыплома прыязджаць назад на сталую працу. Межніна ўспрыняла такую прапанову даволі сур’ёзна і пагадзілася. Вярнулася ў жніўні мінулага года дыпламаваным ветэрынарам. Яе прызначаюць лячыць жывёлу на новы малочнатаварны комплекс. Вырашае кіраўніцтва гаспадаркі станоўча і жыллёвыя праблемы маладога спецыяліста, выдзеліўся яму добраўпарадкаваную кватэру. Усё гэта ў сукупнасці спрыяе хуткаму кар’ернаму росту Яўгеніі Анатольеўны. Крыху больш чым за паўгода яна дарасла да пасады галоўнага ветэрынарнага ўрача ААТ “Тураўшчына”.
— Клопатаў у мяне значна прыбавілася, — расказвае Яўгенія. — У нашай гаспадарцы налічваецца амаль два дзясяткі фермаў, дзе ўтрымліваецца больш за пятнаццаць тысяч буйной рагатай жывёлы. Зразумела, што пад маім кіраўніцтвам нямала падначаленых спецыялістаў, але існуюць такія пытанні, што толькі галоўнаму ветэрынару і вырашыць іх па сілах. Усё ж наш галоўны абавязак не толькі лячыць жывёлу, а найперш рабіць так, каб папярэджваць хваробы. Таму выкананне ўсіх прафілактычных мерапрыемстваў на грамадскіх фермах ветэрынарнай службай гаспадаркі мае важнае значэнне. І ўсе іх патрэбна выконваць у строга вызначаныя тэрміны, бо, напрыклад, прамарудзіш з вакцынацыяй і потым бяды з маладнячком не абярэшся.
Таму рана ўстаць і позна легчы для галоўнага ветэрынара акцыянернага таварыства стала нармальнай з’явай. Яна нават ноччу не выключае мабільны тэлефон, каб па першаму званку аб дапамозе выехаць на ферму. Яўгенія Анатольеўна не толькі праяўляе працавітасць на асноўнай рабоце, яна яшчэ і павышае свой прафесійны ўзровень, атрымлівае па абранай спецыяльнасці другую вышэйшую адукацыю. Імпануе Межніной, што ў іх гаспадарцы падабраўся вельмі дзеяздольны калектыў спецыялістаў, што кіраўнік Уладзімір Кузьменка падтрымлівае ўсіх, не абмяжоўвае ініцыятывы. Вобразна кажучы, дае расправіць моладзі крылы ў палёце. Несумненна, што маладому ветэрынару гэта вельмі падабаецца. І яна ў чарговы раз у роздуме над адказным выбарам свайго жыцця. І зноў, як некалі пасля школы, у пачатку працоўнага шляху, Яўгенія Межніна стаіць на скрыжаванні двух шляхоў: з’ехаць пасля абавязковай адпрацоўкі ці застацца на тураўскай зямлі. Рашэнне Яўгенія Анатольеўна прыме і ў выбары сваім не памыліцца, як гэта было не аднойчы. Важна іншае, што гады працы ў ААТ “Тураўшчына” не пройдуць для яе бясследна і ў плане жыццёвага вопыту і прафесійнага росту. Дарэчы, на гэтай багатай зямлі вырас не адзін прафесіянал у сваёй справе. Старажытны тураўскі край дапаможа і Межніной дасягнуць вышынь свайго майстрэства, да якіх яна пракладвае дарогу сумленнай і шчырай працай.
Сяргей БЕЛКА.