Майстар-рыбавод рыбгаса «Чырвоная Зорка» Адам Аліфяровіч верны бацькоўскаму краю

104У колішнія часы ў вёсках лічылі, што, маўляў, толькі той сапраўдны сын, які, вырасшы, працягне пачэсную справу свайго бацькі. Менавіта так нараджаліся, мацнелі дынастыі цесляроў, бондараў, ганчароў, печнікоў… За плугам і з сярпом услед за бацькам і маці ішлі сыны і дочкі. І жыла, маладзела вёска.

— Ну а мне, як кажуць, і карты ў рукі, бо мой бацька Раман Мікалаевіч не адзін дзесятак гадоў адпрацаваў у нашай вёсцы Пласток брыгадзірам комплекснай брыгады, — усміхаецца мой суразмоўца майстар Чырвонапалескага ўчастка рыбгаса “Чырвоная Зорка” Адам Аліфяровіч. — Да таго ж з чатырох дзяцей я быў самы малодшы, таму змалку вучыўся ў старэйшых розным вясковым справам і клопатам. З нараджэння цячэ ў маіх жылах вясковая, сялянская кроў…

Пасля Пухавіцкай сярэдняй школы ён паступіў вучыцца на зоаінжынерны факультэт Гродзенскага селькагаспадарчага інстытута. Закончыўшы яго ў 1980 годзе, яшчэ са свежанькім дыпломам паспеў да арміі папрацаваць паўгода ў роднай вёсцы загадчыкам фермы. Бацькі Раман Мікалаевіч і Дар’я Яфімаўна былі ж, канечне, вельмі задаволеныя сваім малодшанькім: і ад вёскі, радні не адарваўся, і вышэйшую адукацыю атрымаў…

Паўтара года служыў у Печах, што пад Барысавам. А ў салдацкіх снах юнак часта вяртаўся на радзіму, адчуваў шчымліва-салодкую вастрыню вясковых уражанняў. Бачыў запрэжаныя ў калёсы коні, бухматы воз сена. З возера Чырвонае патыхала вільготным холадам і рыбнай сырасцю…

Вось чаму пасля дэмабілізацыі дадому ехаў, нібы на крылах ляцеў. Так хацелася ўбачыць, як віецца дымок над родным комінам. Узяць у рукі касу і ўбачыць, як роўна кладзецца справа налева зялёная, росная трава. А як быць без сівых туманоў па лагчынах, без дымкоў з сотак, дзе паляць сухі картаплянік? Ды пачуць на беражку возера, як раніцаю, абудзіўшы сон і цішу, плясне па вадзе хвастом добры шчупак. Як гучна кракне качка. Узяць у рукі пучок вымытай чырвона-белай радыскі. Альбо маладой аранжавай морквы, пахучага кропу, шчаўя. Тут яму знаёмая кожная паваротка дарогі. А сэрца спачатку б’ецца пругка і радасна, затым на душу кладзецца супакой…

Сваю працоўную біяграфію Адам Аліфяровіч распачаў заатэхнікам у саўгасе “Жыткавічы”. Вельмі хацелася маладому спецыялісту зведаць усе адметнасці гэтай няпростай работы, таму ён не саромеўся цікавіцца ўсім незразумелым як у радавых даярак, так і ў сваіх калег, што мелі ўжо важкі груз вопыту і ведаў за плячыма. А ёсць жаданне – будзе і поспех. Дырэктар саўгаса Адам Емельянавіч Агіевіч адразу адзначыў для сябе працавітасць і мэтанакіраванасць юнака. Вось чаму праз паўгода Адам Аліфяровіч прызначаецца галоўным заатэхнікам, а праз пяць гадоў — намеснікам дырэктара па вытворчасці.

— У саўгасе “Жыткавічы” я адпрацаваў 12 гадоў, — расказвае Адам Раманавіч. — Гэта была для мяне вялікая школа жыцця, прафесіяналізму і майстэрства. Я зразумеў, якую вялікую адказнасць накладвае работа ў мяса-малочнай галіне на кожнага спецыяліста. Бо ў жывёлагадоўлі, у адрозненне ад агранаміі, няма сезоннасці. На гэтай службе, вобразна кажучы, трэба заўсёды быць пад ружжом…

Ёсць меркаванне, з якім нельга не пагадзіцца, — сапраўдны гонар настаўніка — гэта вучань, які ў сваім росце пайшоў далей педагога. І зыходзячы з гэтага меркавання, бацька Адама Раманавіча мае поўнае права ганарыцца сваім сынам, які 10 гадоў адпрацаваў затым старшынёю роднага калгаса “Зара”. Калегі і падначаленыя помняць Адама Раманавіча на гэтай пасадзе як кіраўніка адказнага, разважлівага, які, вобразна кажучы, не любіў браць горлам і ў якога на першым плане заўсёды былі інтарэсы грамадскай справы. Каля дзесяці гадоў затым Адам Аліфяровіч працаваў дырэктарам раённай племстанцыі. І хоць справы ўвогуле як быццам бы і ладзіліся, але ці блізкі гэта свет ездзіць за 30 кіламетраў штодня на работу ў Жыткавічы з Пухавічаў, дзе ён жыве?

Нездарма гавораць, што рана ці позна, але ўсё вяртаецца на кругі свае. Вось так у Адама Раманавіча атрымліваецца з возерам Чырвоным, у мінулым Князь-возерам, непадалёку ад якога ён меў шчасце нарадзіцца. Некалі ён часта вяртаўся сюды пасля школы. Затым – пасля арміі. І вось у маі споўніцца год, як ён працуе тут майстрам участка, які арандуе рыбгас “Чырвоная Зорка”. Хіба ж ён мог падумаць у дзяцінстве, закідваючы сюды вуду, што прыйдзе час і дзяржава дазволіць яму разам з землякамі шырокім фронтам весці прамысловы адлоў рыбы?

— Плошча возера — 44300 гектараў, — уводзіць у курс спраў майстар-рыбавод Адам Аліфяровіч. — Акрамя такой традыцыйнай па відавому складу рыбы як карась, плотка, акунь, шчупак, дзякуючы пасадачнаму матэрыялу рыбгаса тут гадуюцца карп і таўсталобік, амур і судак. На ўчастку працуе 18 чалавек, але ў часы напружанага рытму адлову, калі градус пуціны найвышэйшы, то набіраем дадаткова яшчэ з дзесятак чалавек. Адловам рыбы займаемся практычна на працягу года. Метады лову розныя, прылады — невад і сеткі. У летні перыяд выкарыстоўваем вялікія лодкі, так званыя ў нас бараноўкі, на якіх устаноўлены бензінавыя рухавікі з лябёдкамі.

Адлоўленую рыбу працаўнікі “блакітнай нівы” адгружаюць у дзве халадзільныя камеры ёмістасцю каля адной тоны кожная. Затым гэты каштоўны прадукт харчавання спецмашынамі з халадзільнымі ўстаноўкамі дастаўляецца спажыўцам як Гомельшчыны, так і жыхарам Мінска, Старобіна, Лунінца.

Як паказвае практыка, арэнда возера Чырвонага рыбгасам “Чырвоная Зорка” — справа эканамічна выгадная для гаспадаркі. У адрозненні ад сажалак тут выпадаюць два такія важнейшыя звяны як пасадка і кармленне рыбы, а застаецца толькі яе адлоў і рэалізацыя. Дзякуючы гнуткай цэнавой палітыкі з боку аддзела маркетынга азёрнай рыбай можна з поспехам гандляваць у шматлікіх рэгіёнах на працягу года і мець стабільны грашовы даход.

Дырэктар рыбгаса Іван Шчур дае высокую ацэнку рабоце майстра ўчастка Адама Аліфяровіча і яго невялікага, але дружнага і нацэленага на поспех калектыву. Ды і паказчыкі працаўнікоў возера Чырвонага сведчаць самі за сябе. У 2014 годзе было адлоўлена 143,9 тоны рыбы, што на 42 тоны больш папярэдняга года. За першы квартал 2015 года агульны набытак склаў 43,3 тоны — 124,4 працэнта да адпаведнага паказчыка 2014 года. Квота на 2015 год — 160 тон рыбы. І Адам Раманавіч настроены разам са сваімі падначаленымі толькі на важкі вынік. Рыбакі добра ведаюць сваю справу. А тон тут задае брыгадзір Аляксандр Боган. Пакуль жа на старажытным палескім возеры цішыня — нераст. А ў другой палове мая тут закіпіць работа.

Адам Раманавіч згодны з думкаю аб тым, што ў народа, які выкрасліў сваё мінулае, няма будучага, таму ён жыва цікавіцца гісторыяй свайго краю і возера Чырвонага ў першую чаргу. Шмат легенд ёсць пра замак на адным з астравоў возера. І нейкія рэальныя абставіны і падзеі, нейкае зерне ісціны, мабыць, мела месца. Адно з дарэвалюцыйных выданняў пад рэдакцыяй В.П. Сямёнава пісала: “Сярод возера знаходзіцца шмат паляў і камянёў пад вадою. Як бы там ні было, але існуючыя да нашага часу палі на вялікім абшары возера паказваюць, што тут сапраўды была нейкая старажытная пабудова”.

— У дзяцінстве, купаючыся, мы з братам выцягвалі пасярод возера здаравенныя дубовыя калоды, якія, мабыць, былі асновай нейкага зруба, — успамінае Адам Аліфяровіч. — Так што пабудова была…

З цікавымі легендамі пра возера Чырвонае можна азнаёміцца ў кнізе “Памяць” і вядомым нарысе У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. А вось, у завяршэнне нашага газетнага матэрыялу, прапануем цікаўнаму чытачу наступную публікацыю:

“За міль 12 ад Слуцка ёсць возера, названае Жыд, якое ўбачыўшы, што мору малому падобнае, назву яго перамяніў я на Князь Возера. Зімою, знайшоўшы цэнтар, пачаў на такі кшталт, як Венецыя пастаўленая, рабіць на сярэдзіне акоп досыць дужы, на якім валы мураваць, у іх казематы, скарбніцы, шпіхлеры на правіянт для 500 чалавек ды для мяне самога пры капліцы рэзідэнцыю… Каб немалы кошт таго патрэбным падаўся ласкаваму чытачу, апішу вялікасць возера, якое, апроч балотаў, такіх, што трасецца ледзьве не пад куліком, не пад чалавекам, мае самога люстэрка без трыснягу ці травы наўкол міляў 12. Кожны прызнае — разумею, — што фартэцыі той даўно там быць патрэбна, паколькі да Случы, ракі, што мілі тры ўбаку ідзе, раблю я канал для карэспандэнцыі са Слуцкам… Таксама, жадаючы навігацыю мець байдаркамі з Русі пад сам Слуцак, загадаў я чысціць раку; дзіўлюся продкам маім, што, бачачы гэтак месту патрэбную рэч — дый да таго ж гонар партовага места мець можна, таго не ўчынілі, хаця рака тая ў Прыпяць, а Прыпяць у Дняпро ўпадае” (Геранім Фларыян Радзівіл, 1755 г.) (Ул. Ягоўдзік “Быў знак на небе, або Прырода Беларусі за 1000 гадоў у з’явах і падзеях на старонках летапісаў і друку”, часопіс “Маладосць”, №7 за 2009 г.).

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Фота Аляксандра КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.