У Жыткавічах ёсць нямала мясцін, якія цесна пераплецены з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны
І ў кожнай з іх 9 Мая прайшлі ўрачыстасці, дзе ўшаноўвалі і ўспаміналі не толькі герояў, але і ахвяр.
Вуліца Першамайская, напэўна, самае трагічнае месца Жыткавіч. Як сведчыць надпіс на помніку, што ўстаноўлены тут, у гады вайны на гэтай вуліцы знаходзіўся канцлагер, дзе фашысты ўтрымлівалі ў жудасных умовах палонных чырвонаармейцаў. Салдаты і афіцэры жылі практычна пад адкрытым небам, харчаваліся толькі адыходамі, таму штодня ад такіх нечалавечых умоваў, што стварылі фашысты для палонных, апошніх памірала да дзясятка чалавек. Жыхары райцэнтра не забыліся на зверствы гітлераўцаў. Таму ў Дзень Перамогі не меней паўсотні прадстаўнікоў працоўных калектываў прыйшлі на жалобны мітынг, каб ушанаваць памяць ахвяр фашызму. На мерапрыемстве пра звярыныя катаванні чырвонаармейцаў гітлераўцамі нагадаў прысутным першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай П’яўко. Ён павіншаваў усіх сабраўшыхся з Вялікай Перамогай, адзначыў, што цяперашнія пакаленні павінны быць удзячны ветэранам за іх подзвіг. Менавіта дзякуючы яму на нашай зямлі сёння не назіраецца тых здзекаў і жудасці, якія вытрымалі палонныя ад фашыстаў.
Пранікнёна гучаць вершаваныя радкі ў выкананні гімназістаў. Навучэнцы, якія стаялі ў ганаровай варце ля помніка, услаўляюць савецкага салдата, яго самаахвярнасць, згадваюць зверствы фашыстаў, высокія маральныя якасці жыткаўчан у гады вайны. Як ні кажы, а нягледзячы на забарону гілераўцаў перадаваць ежу палонным, гараджане, рызыкуючы ўласным жыццём, перадавалі прадукты чырвонаармейцам. Самаахвярнасць савецкага народа ў спалучэнні з гераізмам савецкіх салдат і дазволілі зламаць хрыбет фашызму. Вайна – гэта і гераізм, і трагізм адначасова. Таму вянок, які ўсклалі першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай П’яўко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Цімашчэня да помніка, а таксама жывыя кветкі ад удзельнікаў мітынгу, што ляглі ля падножжа абеліска, памяць і пашана адначасова не толькі мужнасці, але і пакутам. Таксама ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі загінуўшых палонных чырвонаармейцаў хвілінай маўчання.