Такіх праблем з вадою наша Палессе даўно не перажывала
Рэзка ўпаў узровень вады ў рэках, азёрах, сажалках, абмялелі калодзежы ў многіх населеных пунктах Жыткаўшчыны.
Не абышла бокам гэтая бяда і возера Чырвонае, воднае люстэрка якога плошчаю ў 44300 гектараў не першы год паспяхова арандуе рыбгас “Чырвоная Зорка”. Па-першае, перасох канал, якім рыбаловы раней увесь час дабіраліся да вадаёма, і ва ўвесь рост паўстала пытанне аб тым, каб разбіць стан і засяродзіць усю тэхніку непасрэдна на беразе Чырвонага. Па-другое, у самім возеры ідзе хуткае развіццё блакітна-зялёнай водарасці, што ў значнай ступені замінае адлову рыбы сеткамі.
Тым не менш калектыў участка пад кіраўніцтвам майстра Адама Аліфяровіча па-ранейшаму стабільна займаецца адловам, захаванасцю і дастаўкай па прызначэнні азёрнай рыбы. Зараз тут працуе 26 чалавек, сярод якіх ёсць як пастаянныя работнікі, так і сезонныя. Варта адзначыць, што акрамя такой традыцыйнай па відавому складу рыбы як карась, плотка, акунь, шчупак дзякуючы пасадачнаму матэрыялу рыбгаса тут гадуюцца карп і таўсталобік, амур і судак.
Адловам рыбы тут практычна займаюцца на працягу года, акрамя перыяду нерасту. Галоўныя прылады – невад і сеткі. Адлоўленую рыбу працаўнікі “блакітнай нівы” адгружаюць у дзве халадзільныя камеры ёмістасцю каля адной тоны кожная. Затым гэты каштоўны прадукт спецмашынамі з халадзільнымі ўстаноўкамі дастаўляецца спажыўцам як Гомельшчыны, так і жыхарам Мінска, Старобіна, Лунінца.
Як паказвае практыка, арэнда возера рыбгасам “Чырвоная Зорка” – справа эканамічна выгадная для гаспадаркі. У адрозненні ад сажалак тут выпадаюць два такія важнейшыя звяны як пасадка і кармленне рыбы, а застаецца толькі яе адлоў і рэалізацыя. Дзякуючы ж гнуткай цэнавой палітыцы з боку аддзела маркетынга азёрнай рыбай можна з поспехам гандляваць у шматлікіх рэгіёнах на працягу года і мець стабільны грашовы даход.
За першы квартал 2015 года было алоўлена 43,3 тоны рыбы, што склала 124,4 працэнта да адпаведнага паказчыка 2014 года. з завяршэннем сезона нерасту да гэтага набытку дабавілася яшчэ 14 тон. А квота на 2015 год – 160 тон азёрнай рыбы.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.