Цяжэе надой на азімых

Стабільнасцю вызначаецца дзейнасць працаўнікоў малочнай галіны камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Коленскае”. Яскравае сведчанне таму пастаянная дынаміка росту надояў на мясцовых малочнатаварных фермах. У гэтыя дні важным фактарам для павелічэння вытворчасці малака служаць пасевы азімых, на якіх у гаспадарцы пачалі выпасаць грамадскія статкі.


Загадчыка руднянскай малочнатаварнай фермы Мікалая Куксу засталі менавіта на палетку азімых. Спецыяліст пільна назіраў за тым, як жывёла паядае маладыя парасткі азімага жыта. Па ўсяму было відаць, што працэсам ён задаволены. Каровы дружна выгрызалі зеляніну, шукаючы больш гусцейшыя кусцікі.


— Пакуль практыкуем пасьбу на азімых па некалькі гадзін у дзень замест звычайных прагулак, — расказвае Мікалай Васільевіч. — Аснову ж кармлення складаюць яшчэ зімовыя рацыёны, але відавочна, што ў хуткім часе стаўка будзе зроблена менавіта на зялёны корм, а сілас спатрэбіцца толькі ў якасці падкормкі. Пакуль жа каровы прывыкаюць да пашы, а гэта дазволіць нам пазбегнуць падзення ў вытворчасці малака, калі статкі будуць выпасвацца больш інтэнсіўна.


— З выганам на пашу, ці пацяжэлі надоі малака? — задаюць пытанне спецыялісты райсельгасхарчу загадчыку фермы.


— Безумоўна, толькі пасля першага дня пасьбы надой павялічыўся па ферме на сто кілаграмаў. На паўсотні кілаграмаў сырадою прыбавілі і пасля другога дня выпасу, і пасля трэццяга, — без прамаруджвання адказвае Мікалай Васільевіч.


Зараз на руднянскай ферме надойваюць ад адной каровы больш чым па адзінаццаць кілаграмаў малака. У пачатку года гэты паказчык складаў толькі восем кілаграмаў. Не цяжка падлічыць наколькі пацяжэў надой ад каровы на ферме за тры месяцы. Дарэчы, гэтая тэндэнцыя назіраецца і на малочнатаварным комплексе “Пасека”. Тут увогуле надой ад каровы набліжаецца да пятнаццаці кілаграмаў у суткі. І таксама з выганам на пасьбу па азімых назіраецца адчувальная прыбаўка ў вытворчасці малака.


Павялічваюцца надоі, павялічваецца і продаж малака перапрацоўшчыкам. На сённяшні дзень КСУП “Коленскае” на перапрацоўку прадае дванаццаць з паловай тон малака. У параўнанні з мінулагоднім перыядам на 11 працэнтаў больш. Значны ўклад у агульнагаспадарчы бідон і руднянскіх жывёлаводаў. З гэтай фермы штодзённа на малаказавод адпраўляецца больш пяці тон малака. І загадчык фермы ўпэўнены, што гэтая лічба будзе павялічвацца.


Малако для сельгаспрадпрыемства на цяперашні час з’яўляецца асноўнай крыніцай даходаў. І цана малочнай прадукцыі, як сведчаць лічбы, даволі высокая. Штодзённая выручка ад рэалізацыі малака складае больш васьмі мільёнаў. За месяц набягае неблагая сума. А гэта грошы і на заробкі, і на развіццё вытворчасці, і на закуп новай тэхнікі, і на вырашэнне іншых гаспадарчых патрэб. Несумненна, што кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства надаецца немалое значэнне на развіццё малочнай галіны. Толькі па адных пераменах, якія за апошнія месяцы адбыліся на той жа руднянскай малочнатаварнай ферме, можна меркаваць, якая каласальная праца праводзіцца ў гаспадарцы ў гэтым накірунку. І нешта новае дзякуючы мэтанакіраванай працы з’явілася на кожнай ферме. І самае галоўнае, што спыняцца на дасягнутым у сельгаспрадпрыемстве не збіраюцца. Ужо на гэты год намечаны вялікі аб’ём работ, каб на мясцовых фермах палепшылася і культура вытворчасці, і ўдасканаліліся тэхналагічныя працэсы, і многае іншае. Усё робіцца дзеля аднаго, каб атрымліваць большую колькасць якаснай малочнай прадукцыі. Але гэта пакуль больш аддаленыя планы, калі статкі выйдуць на пашу. Цяпер жа асноўны клопат мясцовых працаўнікоў грунтоўна падрыхтавацца да пашавага перыяду, каб ён прайшоў паспяхова.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.