НЕСПАКОЙНАЕ СЭРЦА ГАННЫ ЛОЙ
ЗАМЕСТ УСТУПУ
Чарговая сустрэча з песеннай творчасцю гераіні гэтага нарыса адбылася літаральна мінулым нядзельным надвячоркам. У вёсцы Бялёў, з якой мяне парадніў лёс, маім землякам зрабіў выдатны канцэртны падарунак народны ансамбль народнай песні “Сваты” раённага цэнтра фальклору. І як заўсёды на сцэне была яна — душа выдатнага калектыву: вось — спявае разам з усімі, вось — іграе ролю прытворна хворай бабулі ў сцэнцы, а вось пад акампанемент Васіля Каральца сольна заводзіць: “Гэй, мой конік вараны!..”, “Играй, гормонь, гормошка милая…”
Сяджу з аднавяскоўцамі ў клубнай зале, у якой напачатку было холадна, і разам з імі хутка забываюся на гэтую акалічнасць: ад станоўчых эмоцый і энергетыкі калектыва і яе вядучай спявачкі становіцца надта цёпла, хораша, утульна ўсім! Вось што робіць сапраўднае мастацтва! А зала тым і занята, што ўзрываецца апладысментамі, аддзячвае за цудоўнае выканальніцкае майстэрства.
Я ж у гэтыя хвіліны згадваў нашу (надарылася гады два таму) сумесную паездку ў Швейцарыю. Наплыў на памяць візіт у Міністэрства культуры, дзе цудоўным спевам паляшучкі і таленту музыкі Васіля Каральца, мала сказаць, цёпла апладзіравалі чыноўнікі і дзеячы культуры гэтай горнай краіны.
Думаю: колькі ж было ў гэтай жанчыны сцэнічных і канцэртных пляцовак? Наўрад ці яна злічыць. Ці злічыш усе кропелькі вады, што напаўняюць магутную раку? За імі — цэлае жыццё чалавека, якога пазначыў Бог талентам, працавітасцю, ініцыятыўнасцю, энергічнасцю, настойлівасцю, верай у справядлівасць і дабро. І мне вельмі хочацца, як удзячнасць за яе нялёгкую працу, расказаць пра гэтую незвычайную творчую асобу, чалавека, перакананы — апазнавальнага ўсімі жыхарамі раёна. Бо, нягледзячы на здраднікі-гады, на хваробы і жыццёвыя няскладнасці (жыццё ёсць жыццё!) яна ўсё ж такая, як у маладосці — заражае ўсіх сваёй захопленасцю фальклорнымі традыцыямі, нашымі беларускімі і агульнаславянскімі народнымі шадэўрамі. І вось у каго б нам, маладзейшым, павучыцца. Як несці ў народ, прапагандаваць сваё — мастацтва, мову і чалавечую чысціню. Павучыцца, як незаўважна робіць справу свайго жыцця простая жанчына, Ганна Пятроўна Лой…
З вялікага спеўнага роду
Сямурадцы — старажытная палеская вёска — яе радзінны куток. Сюды Ганніна сэрца імкнулася заўсёды і ў радасныя, і ў горасныя хвіліны жыцця.Тут дзяўчына выхоўвалася працавітымі, добрымі бацькамі, жыццё якіх было цесна звязана з працай у тагачасным калгасе імя XXII з’езда КПСС. Маці, Марыя Сяргееўна, шчыравала паляводам, а бацька, Пётр Савіч, быў ездавым. Але што б ні здаралася, гучалі гэтыя песні ў хаце Клімовічаў. Гаспадыня што б ні рабіла: ці гатавала вячэру, ці прала, ці ткала, заўсёды спявала. А ёй часта падпявалі і дзеці, асабліва дачка Аня. Спяваў і гаспадар. I як ні стамляліся пасля працоўнага дня, аднак заўсёды знаходзілі час і быў такі настрой, каб заспяваць песню.
Як кажуць у народзе — яблыка ад яблыні далёка не коціцца. Усе рысы бацькоў: працавітасць, любоў да роднай зямлі, да людзей, якія на ёй жывуць, любоў да песні і народнай творчасці сфарміраваліся ў характарах іх дзяцей — дачок Ганны і Валянціны, сына Уладзіміра.
Яшчэ некалькі гадоў таму ў бацькоўскую хату можна было хадзіць, як у музей. Тканыя посцілкі, ручнікі, вышываныя сурвэткі, вязаныя абрусы — усё прыцягвала ўвагу. Сюды нават завітвалі вядомыя фалькларысты, этнографы і мастацтвазнаўцы. Быў у гасцях у Клімовічаў і мой універсітэцкі настаўнік-фалькларыст Васіль Ліцвінка, які запісаў у свой час ад Марыі Сяргееўны Клімовіч некалькі дзесяткаў абрадавых песень.
Цяпер, лічы, такі ж музей у прасторным доме Ганны Лой і яе мужа Мікалая Аліфяровіча ў Жыткавічах. І бацькі чацвёрты год жывуць разам з дачкой. Пастарэлі ж, ім трэба клопат і ўвага. Паклікала ў свой час бацькоў Ганна да сябе: на вачах пры родным дзіцяці лепш пачувацца будуць. Згадзіліся яны, пераехалі. Жывуць разам, дружна. Сюды прыязджаюць з Гомеля Валянціна з сям’ёй, яна цяпер дырэктарка камерцыйнай гомельскай фірмы, і Валодзя з Людзяневічаў, дзе працаваў кіраўніком, а цяпер настаўнікам мясцовай школы. Збіраюцца разам і дзеці з унукамі Ганны Пятроўны. Усе разам успамінаюць мінулае, радуюцца за сённяшняе, што жывыя ўсе, здаровенькія. А гэта нямала для сённяшняга жыцця. І — заспяваюць разам! Яшчэ ж як заспяваюць!
…Гучыць адна з любімых песень — “У зялёную дуброву”, якую яшчэ спявала бабуля Ганны. Шчыміць сэрца, калі ёй, Ганне Пятроўне Лой, наплывае на памяць маладосць. Даўно ж з’явілася ў яе думка аб стварэнні сямейнага ансамбля. Збіраліся тады ўсе разам у хаце бацькоў: брат Валодзя, сястра Валя, Ганна з дачкой Надзеяй і сынам Жэнем, заводзілі песню, потым другую. А Ганна, якая вучылася на завочным аддзяленні Магілёўскага культасветвучылішча, давала родным нейкія парады, рэплікі. Тады ніхто і не думаў, што гэта і ёсць самыя сапраўдныя рэпетыцыі. Потым, калі зразумелі, што атрымліваецца няблага, Ганна і рэпертуар падабрала. Спачатку сямейны ансамбль выступіў на сцэне сельскага клуба, дзе яна працавала загадчыцай. А потым, як і фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Сцвіжанка”, якому было прысвоена званне «народны», выступаў на абласным, рэспубліканскім тэлебачанні…
Разам яны такія шчаслівыя! Так, фактычна фенаменальная з’ява для нашай рэчаіснасці — сямейны ансамбль…
Падаецца загадкай нават тое, як знаходзяць агульную мову паміж сабой прадстаўнікі розных пакаленняў. Вучоныя, карыстаючыся лічбамі, сцвярджаюць, што інстытут сям’і ў сучасным грамадстве перажывае жорсткі крызіс. Дзеці не разумеюць бацькоў, а тыя — дзяцей. Разводзяцца маладыя і сталыя мужы і жонкі, бацькі-алкаголікі адмаўляюцца ад уласных дзяцей, а дзеці «забываюцца» пра сваіх старых бацькоў. Стварыць і захаваць сваю сям’ю, жыць у міры і згодзе з дзядамі і ўнукамі — справа, аказваецца, не такая ўжо і простая.
У сям’і Ганны Пятроўны таксама былі і ёсць свае праблемы, цяжкасці, непрыемнасці. Жыццё цяпер няпростае для ўсіх. Зрэшты, калі яно было простае і лёгкае для працоўнага чалавека? Але песня — дапамагае жыць, адкрывае яго новыя грані, настройвае на добры лад, адрывае ад будзёнасці…
Яе спадарожніца — песня народная
Ці збіралася Ганна Пятроўна ўсё сваё жыццё прысвяціць фальклору і песні?
— Ды не! Я адносілася да гэтага, як да захаплення, і толькі так! — адкажа яна вам.
І згадае, як разам дзяўчатамі-аднагодкамі, сабраўшыся надвячоркам каля чыёй-небудзь хаты на ўтульнай вясковай лавачцы, спявалі ў Сямурадцах. Прасілі дзяўчаткі і Аню праспяваць любімую песню. Яна з захапленнем выконвала іх просьбу. Слухаць яе было — вялікая радасць. Ужо тады дзяўчына неяк умела згуртаваць, аб’яднаць вакол сябе моладзь. 3 ёй нікому і ніколі не было сумна. Хоць і не думала — не гадала, што гэтыя здольнасці спатрэбяцца ёй у будучай прафесіі, якую не адразу выбярэ сваім розумам і сэрцам.
А было ж у яе біяграфіі і такое: пасля заканчэння школы падалася ў горад, у Мінск. Тут паступіла на вучобу ў прафтэхвучылішча пры камвольным камбінаце. Вучылася, не ленавалася, хоць і адчувала, што не яе гэта справа. У сны прыходзіў родны дом, бацькі, сябры, якія нікуды не паехалі — засталіся працаваць у родным калгасе. А больш за ўсіх чакаў Ганну адзін малады прыгожы хлопец. Калі ён прапанаваў аднойчы стаць яго жонкай, усе яе сумненні наконт таго, пераязджаць у Сямурадцы ці працягваць вучобу ў Мінску, рассеяліся нібы той летні няўстойлівы туман.
Вучылішча яна так і не закончыла. Пайшла замуж. Вярнулася ў родную вёску. Працаваць стала прыёмшчыцай малака. Потым адно за другім нарадзіліся дзеці. Спачатку сын, а затым дачка…
Месца яе працы было ў памяшканні сельскага клуба. Ганна спачатку з цікавасцю сачыла за рэпетыцыямі самадзейных артыстаў, а потым і сама пачала ўдзельнічаць у іх. Яе зацікавіла, захапіла клубная справа. I часам прыходзіла ў галаву думка: ці змагла б яна справіцца з гэтай работай?
— Памятаю, — расказвае Ганна Пятроўна, — што калі выслабанілася месца загадчыка, я паехала ў раён і стала прасіцца, каб мяне прынялі на новую пасаду.
У аддзеле культуры аднесліся да просьбы спачатку вельмі скептычна: маўляў, які з гэтай дзяўчыны культработнік? Ні спецыяльнай адукацыі, ні ўяўлення аб клубнай рабоце яна не мае. І ёй адмовілі. Але праз нейкі час яна дабілася свайго, даказала, што справіцца з абавязкамі загадчыцы клуба.
І… пачала сваю работу на новай пасадзе з канфлікту з калгасным кіраўніцтвам. А разгарэўся ўвесь сыр-бор вакол прыёмнага пункта, таго самага, дзе Ганна працавала раней. I тады, і цяпер, калі стала загадчыцай клуба, не падабалася ёй, што ў ачагу культуры прымаюць малако ў насельніцтва. — Не месца тут прыёмнаму пункту, — даводзіла ў сваіх спрэчках з начальствам. І дабілася свайго — перанеслі ўсё-такі яго.
Старэйшыя жанчыны пасля таго канфлікту спачатку крыўдавалі на Ганну, заяўлялі, што нага не ступіць больш у клуб. Разважалі паміж сабой: «I як такая ўпартая будзе працаваць загадчыцай клуба, як з людзьмі паладзіць?” Але з цягам часу вяскоўцы перайначылі свае меркаванні аб Ганне, змянілі гнеў на літасць. Новая загадчыца не цуралася ніякай працы. У гарачую пару корманарыхтоўкі для грамадскай жывёлы выходзіла разам з іншымі калгаснікамі на сенажаць, гэтак жа, як і яны, завіхалася на праполцы буракоў. Ну як было не прыняць такую дзяўчыну ў сваю кампанію, не заспяваць разам з ёй песню і не згадзіцца на яе прапанову прыйсці ў клуб на рэпетыцыю?!
I прыйшлі, і паказалі Ганне, на што здатныя. Успомнілі старадаўнія, шчымлівыя мелодыі і словы песень, якія спявалі яшчэ дзядулі і бабулі аб нялёгкім сялянскім лёсе. Спявалі і новыя песні. Любімы занятак усё больш і больш прыцягваў да сябе. Ганна стала адшукваць і выконваць новыя народныя песні, зацікавілася старажытнымі абрадамі.
— Працуючы з людзьмі, я адчувала, што не хапае ведаў, што трэба абавязкова вучыцца, — распавяданне Ганна Пятроўна. — Таму і вырашыла паступіць на завочнае аддзяленне Магілёўскага культасветнага вучылішча. А ўсё лічу, што гэта адбылося ад любові да песні, якую я атрымала ад маці…
Трэба сказаць, што Ганна Лой шырока разгарнула работу па актывізацыі культурнага адпачынку працаўнікоў сваёй роднай вёскі. Новая загадчыца клуба не хацела мірыцца з тым, што ў танцавальнай зале кураць, прыходзяць п’яныя… Пачала наводзіць парадак. Ды ці толькі адны танцы павінны быць у сельскім клубе?
Яна змагла сабраць вакол сябе такіх жа ўлюбёных у народную песню жанчын і стварыла самадзейны калектыў— фальклорна-этнаграфічны ансамбль, якому самі ўдзельнікі далі назву «Сцвіжанка». 3 цягам часу пасля доўгіх рэпетыцый была складзена першая праграма. 3 ёю калектыў выступіў перад працаўнікамі мясцовага калгаса. Бурныя апладысменты сведчылі аб вялікім поспеху канцэрта. Аднак кіраўнік ансамбля добра разумела — спыняцца на дасягнутым нельга. Неабходна адшукваць новыя песні, творча апрацоўваць іх, павышаць выканаўчае майстэрства. Наперадзе была вялікая праца.
Настойлівасць і творчы пошук далі свой плён. Праз нейкі час самадзейных артыстаў добра ведалі і любілі не толькі ў нашым раёне. Найбольшую радасць прынесла тое, што «Сцвіжанка» была ўдастоена запісу па абласному тэлебачанню і атрымала высокую ацэнку тэлегледачоў. Аб гэтым сведчылі сотні пісьмаў, падзяк, якія прыйшлі пасля выступлення ў Сямурадскі сельскі клуб. Калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі раённага аддзела культуры.
А Ганну прызналі клубным работнікам у поўным сэнсе гэтага слова. Яна ім стала. Ініцыятыўны, энергічны, напорысты, настойлівы ў дасягненні пастаўленай мэты. Зрушыліся справы да лепшага і ў плане рамонту клуба, увагі кіраўніцтва гаспадаркі да праблем работнікаў культуры.
У сельскім клубе старанны культработнік арганізавала шмат змястоўных мерапрыемстваў, якія становяцца традыцыйнымі. Людзей сумленных, працавітых удзельнікі мастацкай самадзейнасці славілі і словам, і песняй. А п’яніцам і гультаям не давалі спуску. Агітбрыгада клуба «прысвячае» ім свае спецыяльныя выпускі-выступленні. А загадчыца клуба тады была прызнана пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва, якое разгарнулася сярод работнікаў культуры, яе фотаздымак занесены на раённую Дошку гонару.
Але з радасцю ад поспехаў на працы прыходзіла і жыццёвае расчараванне — некалі шчаслівы сямейны карабель даў такую трэшчыну, праз якую выратаваць яго не было ніякай магчымасці. Гэта было сапраўды нялёгкае жыццёвае выпрабаванне, з якім яна, як ні цяжка, справілася. І тады прымаецца цяжкае, але кардынальнае рашэнне — Ганна разышлася са сваім першым мужам.
Шчасце на новы лад
Яна не схіляе галавы перад жыццёвымі праблемамі: забраўшы дзяцей, перабралася ў Жыткавічы. Кіраўніцтва аддзела культуры райвыканкама запрасіла яе на пасаду дырэктара раённага цэнтра фальклору. Тут аддае ўсю сваю душу новай працы, і дасягае выдатных вынікаў — цэнтр фальклору становіцца самай сапраўднай скарбніцай духоўнасці Жыткаўшчыны.
Тут, у райцэнтры, Ганна Лой змагла пабудаваць новы сямейны карабель. Са сваім мужам Міколам Аліфяровічам жанчына пазнаёмілася дзякуючы песні. — Неяк прыехалі мы з сямейным сваім калектывам выступаць, — з усмешкай распавядае яна. — I тут высветлілася, што ў майго бацькі недзе згубіліся боты і кашуля. Пра нашу бяду даведаўся малады хлапец, які таксама прыехаў з нейкім самадзейным ансамблем на канцэрт. Прыйшоў і даў бацьку сваю вопратку, каб той змог выйсці на сцэну…
Так яны стварылі сям’ю. Мікалай адначасова стаў і ўдзельнікам сямейнага ансамбля, які на той момант ужо быў вядомы не толькі ў раёне, але і ў вобласці, рэспубліцы.
Выдзелены сям’і стары дом капітальна адрамантавалі. Мікола, інжынер па спецыяльнасці, ён працаваў на маторабудаўнічым заводзе, зрабіў у ім усё на гарадскі лад, каб былі ўсе выгоды. Цяпер дырэктар цэнтра фальклору і народнай творчасці ў Жыткавічах Ганна Лой і яе муж Мікола жывуць куды больш цывілізавана, чым іх бацькі. Хоць жывуць па-гарадскому, але трымаюць сваю гаспадарку…
Праца ў цэнтры фальклору (а ён дзейнічае з 1992 года, і ўвесь гэты час ім нязменна кіруе Ганна Пятроўна Лой) захапіла жанчыну поўнасцю: яна збірала старыя песні і рэстаўрыравала старажытныя абрады. Дзеля гэтага трэба было аб’ехаць шмат вёсак раёна, пазнаёміцца з цікавымі народнымі майстрамі, запісаць песні, вывучыць абраднасць.
— Многа было сабрана матэрыялу, экспанатаў, нават музей удалося адкрыць. На жаль, не захаваўся ён, але работа прайшла не дарэмна… — кажа кіраўнік унікальнага цэнтра.
І гэта так. У цэнтры за гэтыя гады сабраны багатыя звесткі, якія не даюць згінуць бясследна матэрыяльным і духоўным каштоўнасцям таленавітых палешукоў.
Ганна Лой спрычынілася і да стварэння клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” — члены клуба займаюцца выяўленнем новых і цікавых прапагандыстаў і выканаўцаў народнай песні, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такія пошукі ў населеных пунктах раёна ператвараюцца ў сапраўдныя святы. Калі б выдаць толькі друкаваным словам усе напрацоўкі, то, відаць, не хопіць і некалькіх тамоў для гэтага. Але галоўнае, мабыць, тое, што праводзімыя цэнтрам фальклору мерапрыемствы і конкурсы трывала ўвайшлі ў жыццё раёна, у іх прыцягваецца моладзь і дзеці. Усяго пры цэнтры фальклору працуе трынаццаць фарміраванняў. А колькі цікавых знаходак знойдзена разам з кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Сваты” Васілём Каральцом!
— Прыкра тое, што многае робіцца толькі на энтузіязме, — кажа мая гераіня. — А гэта не заўсёды добра.
Гэта яе думка датычыцца развіцця народных рамёстваў. І не толькі. Ей баліць за многія пачынанні, якія могуць толькі нарадзіўшыся загінуць, калі мы — ад кіраўнікоў культуры да простых людзей — будзем дбаць толькі пра матэрыяльны бок справы. Забываючы сваё прадвызначэнне — шанаваць і захоўваць нашу агульную спадчыну, якая цэментуе нашу незалежную Беларусь.
Падрастае маленькая “зорачка”
У Ганны Лой сын і дачка, чацвёра ўнукаў. Яна старалася прывіць усім любоў да роднага і дарагога, што складае паняцці душа народа і род. І гэта ў яе, дзякуючы падтрымцы мужа Мікалая, бацькоў, атрымалася. Дачка Надзея — таленавітая жанчына, спявае з маці дуэтам у сямейным ансамблі. Яна ж майстар вышыўкі крыжыкам. І сваю дачушку Аляксандру захапіла гэтай справай. Дзяўчынка стварыла нямала выдатных палотнаў, якія ўжо экспанаваліся на розных выставах.
А нядаўна Аляксандра была ўганаравана і як юная баяністка. Майстэрства і настойлівасць дзяўчынкі прывялі яе да перамогі ў рэгіянальным фэсце гарманістаў “Грай, гармонік”. У 2007 годзе Аляксандра стала лаўрэатам чацвёртага абласнога фэсту-конкурсу “Мой сябра — баян”. Вучаніца Жыткавіцкай дзіцячай школы была адзначана прэміяй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта за творчыя дасягненні і высокае выканальніцкае майстэрства. Гэта для сям’і была вельмі вялікая радасць. Асабліва для бабулі — яна і прывучыла дзяўчынку з ранніх гадоў да музычнай традыцыі сям’і. З пяці гадоў Аляксандра задзейнічана ў ансамблі, які так і завецца — “Сямейны ансамбль Ганны Пятроўны Лой”…
— Саша самастойная, старанная, усё гарыць у яе руках — натура творчая, — радуецца бабуля. — Ей усё цікава: і баян, і вышыванне, і спевы, і пляценне. Нядаўна яна прадстаўляла свае творы кіраўніку вобласці, і яму яны вельмі спадабаліся.
Што ж, няхай у шчасці расце прадаўжальнік сямейных традыцый Лой. Няхай будзе такой жа таленавітай, ініцыятыўнай, энергічнай, настойлівай у дасягненні пастаўленай мэты, як і яе бабуля.
На заканчэнне …
Пасля канцэрта я падзякаваў Ганне Лой за выдатны канцэртны падарунак. — А ці Вам на самай справе спадабалася? — крыху насцярожана перапытала яна. — Канешне. Вашы песні не могуць не крануць. Глядзіце ж, як мае землякі апладзіравалі… — Значыць, у нас атрымалася. Дзякуй Богу… — усміхнулася яна мне ласкава, сардэчна, крыху супакойваючыся. Божа, толькі зараз я зразумеў адну дэталь: яна і цяпер хвалюецца перад кожным выхадам на сцэну. І будзе, мабыць, хвалявацца заўсёды. Кожнае выступленне расцэньвае як творчы экзамен. Для сябе, для калег. Што ж, гэта яе жыццё. І ўсё яе хвалюе, бо, перакананы, гэта дзеяч культуры ў поўным сэнсе гэтага слова. Няхай жа яе творчае жыццё будзе як мага больш доўгім і шчаслівым, а здароўе прыбаўляецца год ад году.
У. ГАЎРЫЛОВІЧ. НА ЗДЫМКУ:Г.П. Лой з унучкай.