Спадарожнічае поспех на Жыткаўшчыне
Уборку збажыны і нарыхтоўку кармоў вядуць у гэтыя дні працаўнікі КСУПа “Чырвоны Бор”. І на кожным з гэтых важных вытворчых участкаў ім садзейнічае поспех.
— Да жніва мы падрыхтаваліся нядрэнна, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Васіль Маркевіч (на здымку 2). — Таму максімальна скарыстоўваем увесь светлавы дзень, каб убраць вырашчанае без страт. Крыху дажджы перашкаджаюць, але, як толькі збажына падсыхае, камбайнеры бяруцца за працу.
Для ўборкі зерневых у сельгаспрадпрыемстве маецца сем камбайнаў. Ёсць і дастаткова тэхнікі для адвозкі збажыны. Уся яна ўкамплектавана вопытнымі механізатарамі. Задзейнічаны кругласутачна ў рабоце і новы КЗС, які ўвялі ў эксплуатацыю летась. Усе ўдзельнікі жніва забяспечваюцца гарачымі абедамі, станоўча для іх кіраўніцтва вырашыла і іншыя пытанні, звязаныя з маральным і матэрыяльным стымуламі. Таму і працуюць людзі з добрым настроем, імкнуцца дабівацца максімальнай выпрацоўкі.
— Як на гэты год, дык і ўраджайнасць у нас някепская, — расказвае камбайнер Мікалай Давідовіч (на здымку 1). — Больш за дваццаць цэнтнераў выходзіць з гектара, таму ёсць дзе развярнуцца і паказаць сваё хлебаробскае майстэрства. На ўборцы я працую ўжо шосты сезон, і заўсёды вяду абмалот хлеба з бадзёрым настроем, таму што бачыш плён працы рук сваіх і ўсяго калектыва.
—Сёлета ўборачная плошча ў сельгаспрадпрыемстве складае дзевяцьсот гектараў, — дапаўняе механізатара галоўны аграном Васіль Маркевіч. — Спадзяемся атрымаць валавы намалот больш за тры тысячы тон збажыны. На цяперашні час ужо ўбралі амаль 400 гектараў і намалацілі больш тысячы тон зерня.
Збажына прама з поля паступае на КЗС, дзе дапрацоўваецца да патрэбных кандыцый, пасля чаго кладзецца на захоўванне ў склады. Адказваюць за перапрацоўку зерня аператары тока Аляксандр Какора і Сяргей Сайко. Другі год Аляксандр Георгіевіч абслугоўвае зернесушыльнае абсталяванне і вельмі задаволены, яго вытворчымі магутнасцямі. Таму зерне не залежваецца на таку, а ўпарадкоўваецца хутка і якасна.
Хапае работы чырванаборскім хлебаробам не толькі на збожжавых палетках. Не спыняюць яны і нарыхтоўку кармоў на зімоўку грамадскаму статку. Магутны КВК, за рулём якога Дзмітрый Макарэвіч (на здымку 3), бесперапынна рухаецца па полі, падбіраючы адзін валок за другім. Гэтай выніковасці спрыяе тое, што маецца дастаткова тэхнікі для адвозкі зялёнай масы, а таксама невялікае плячо перавозкі да месца яе закладкі. Курган са здробненай травой знаходзіцца на краю поля, маса ў ім добра ўтрамбоўваецца, што скажацца на якасці будучага корму. Варта адзначыць, што Дзмітрый Макарэвіч старанна рупіцца не толькі на кармавых угоддзях, але і на збожжавым палетку.
— Дажджы крыху выбілі з рабочага рытму на хлебнай ніве, — гаворыць Дзмітрый Анатольевіч, — але як толькі закончым закладваць чарговы курган, адразу перасяду на збожжаўборачны камбайн. Хопіць працы там яшчэ і мне. Кармы ж таксама неабходныя.
З пачатку корманарыхтоўчай кампаніі Макарэвіч здрабніў на сваім КВК больш пяці тысяч тон травяной масы. Дарэчы, ва ўнутрыгаспадарчым саперніцтве Дзмітрый з першых дзён жніва захапіў лідарства. Хаця працоўнае спаборніцтва на збожжавых палетках у КСУПе “Чырвоны Бор” праходзіць вельмі востра. Высокія намалоты забяспечваюць на сваіх машынах камбайнеры Анатоль Макарэвіч, Віктар Цімашчэня, Мікалай Давідовіч і іншыя, а на адвозцы старанна працуюць Анатоль Купрацэвіч, Сяргей Макарэвіч (на здымку 4) і Яўген Макарэвіч.
…На аўсяным палетку, што раскінуўся адразу за аграгарадком Сяменча, нічога не перашкаджала зладжанаму рытму ў працы хлебаробаў. І ўсё будзе ў сельгаспрадпрыемстве падпарадкавана яго Вялікасці Хлебу, да той пары, пакуль не збяруць яго да апошняга зярняці.
Сяргей БЕЛКА.
Фота Аляксандра КІЦУРЫ.