Сур’ёзная размова адбылася ў Чырвоным са старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама і кіраўнікамі раённых службаў і арганізацый
Каб больш дэталёва даведацца і разабрацца з жыццёвымі праблемамі жыхароў Чырвоненскага Савета, адміністрацыйную тэрыторыю на гэтым тыдні наведаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі разам з кіраўнікамі раённых службаў і арганізацый. Дыялог паміж прадстаўнікамі ўлады і людзьмі атрымаўся сур’ёзным і канструктыўным.
Сустрэча старшыні райвыканкама з жыхарамі пасёлка Чырвонае праходзіла ў мясцовым Доме культуры. Выказацца аб цяперашнім дні пасёлка мог кожны ўдзельнік мерапрыемства, не прыхоўваючы самых складаных праблем. І як паказала гутарка, такіх у населеным пункце аказалася нямала. Іх пералік пачала старшыня ветэранскай арганізацыі торфабрыкетнага завода Інна Манакова. Як казала жанчына, пражывае яна ў пасёлку з самага першага дня яго заснавання, і цяпер у яе душа баліць за стан населенага пункта. Асабліва шмат нараканняў жыхарка выказала ў адрас камунальнай службы і дарожнай арганізацыі, што тыя не па-гаспадарску ажыццяўляюць сваю дзейнасць.
– Канечне, за апошнія гады многа зроблена добрага, – не прамінула падзякаваць кіраўніку раёна ветэран працы, – заменены водаправодныя камунікацыі, уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады, што значна павысіла якасць водазабеспячэння жыхароў пасёлка. Цяпер вось мяняюць і цеплатрасу, але робяць гэта неахайна. Ламаюць асфальт, выкапаныя траншэі не раўняюцца. Многа дамоў патрабуюць рамонтаў, ды і з добраўпарадкаванасцю не ўсё гладка, бо камунальшчыкі не дапрацоўваюць.
Іну Манакову падтрымалі і іншыя ўдзельнікі сустрэчы, якія прывялі нямала фактаў безгаспадарчасці і адсутнасці ўзаемапаразумення паміж сельвыканкамам і кіраўнікамі службаў, што працуюць на адміністрацыйнай тэрыторыі. Вось адзін з такіх прыкладаў. Рабочыя камунальнага ўчастка абкошвалі замацаваную за імі тэрыторыі, а нейкія два метры, што да яе прымыкаюць, пакінулі, хаця старшыня сельвыканкама і прасіла абкасіць гэты ўчастак. Нават бензін для касілак прапаноўвала. Ці яшчэ прыклад, які прывяла работніца Чырвоненскай амбулаторыі. Сваю тэрыторыю яны падтрымліваюць у парадку, кожны тыдзень выходзяць на суботнікі, а вось ля трансфарматарнай будкі і тэлефоннай станцыі іх уладальнікі, энергетыкі і электрасувязісты, зусім не паказваюцца. Хаця работы па навядзенні парадку ў гэтых месцах дастаткова.
– Пакуль не патэлефануем дырэктару Алегу Савосценку ў Жыткавічы, на месцы яго падначаленыя і пальцам не пашавеляць, – гаварылі чырвоненцы. – Адсюль і ўсе беды нашага пасёлка. Няхай бы кіраўніка структурнага падраздзялення прызначылі з мясцовых, каб тут пражываў, таму ведаў бы ўсе праблемы знутры.
Зразумела, што накопліваліся пытанні па тым жа жыллю не адно дзесяцігоддзе. І цяпер, каб іх належна вырашыць, патрэбны значныя капіталаўкладанні, якіх на цяперашні час недастаткова. Але разам з тым ёсць нямала агрэхаў, якія па сілах выправіць сваімі сіламі. Сумесна можна вырашыць справу з устаноўкай пясочніц, альтанак, гойдалак для дзіцячых забаваў. У пасёлку нараджаюцца дзеці. А гуляць ім няма дзе. Ды і з развядзеннем антысанітарыі на прыпынках таксама патрэбна змагацца больш актыўна. Тым больш што ёсць каму, на тэрыторыі Савета працуюць два ўчастковыя інспектары. Ды і самім людзям патрэбна займаць больш актыўную грамадзянскую пазіцыю ў дачыненні парушальнікаў, вобразна кажучы, выводзіць іх на чыстую воду. Усё ж правільна зазначыў начальнік ДЭУ-111 Мікалай Штукар, што, акрамя саміх чырвоненцаў, на прыпынках ніхто не смеціць, але паабяцаў, што пашукае выйсце са склаўшайся сітуацыі.
– Несумненна, што дробныя праблемы, якія не патрабуюць вялікіх затрат, будуць вырашацца неадкладна, – запэўніў прысутных на сустрэчы старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі. – Пасля мерапрыемства адпаведныя кіраўнікі атрымаюць канкрэтныя даручэнні. Увогуле, кожная праблема павінна мець станоўчае вырашэнне. Зразумела, што ў залежнасці ад складанасці спатрэбіцца для гэтага больш ці менш часу.
Пад асаблівы кантроль Аляксандр Віктаравіч узяў пытанне па забеспячэнні належнага тэмпературнага рэжыму ў мясцовай школе, каб да пачатку ацяпляльнага сезону выправіць існуючыя недахопы. Таксама чырвоненцы агучылі і пытанні, што тычыліся работы лічбавага тэлебачання, праваахоўных органаў, дзейнасці кафэ. Сваім набалелым дзяліліся з прадстаўнікамі раённай улады і людзі ў іншых населеных пунктах Савета. Напрыклад, у Пухавічах жыхароў турбавала, калі ж будзе прыбраны з цэнтра падмурак раней знесенага будынка, як можна аднавіць работу наглядальніка за могілкамі, а ў Сяменчы прасілі, каб супрацоўнікі ДАІ падзяжурылі колькі падвячоркаў з мэтай прызваць да парадку несумленных вадзіцеляў. Самае важнае, што падчас сустрэч прадстаўнікоў раённай улады з насельніцтвам Савета атрымаўся жывы дыялог. І хочацца спадзявацца, што карысць ад гэтага будзе. Тым больш што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца і ў іншых сельсаветах. Бо менавіта яны павінны стаць своеасаблівым барометрам, які вызначае ўзровень даверу людзей да мясцовай і раённай улады. А ён, як вядома, найперш вымяраецца канкрэтнымі справамі на карысць людзей. І памкненні ў гэтым ёсць, як і намаганні, што прыкладваюцца ўладай для вырашэння людскіх праблем.
Сяргей БЕЛКА.