Тураўская дзіцячая школа мастацтваў змяніла сваю прапіску
Тураўская дзіцячая школа мастацтваў гэтай восенню змяніла сваю прапіску. Пасля капітальнага рамонту ў будынку Дварэцкага Дома культуры сюды і пераехалі выкладчыкі і выхаванцы музычнай установы. Як расказала настаўніца Ларыса Муравіна, за больш чым паўвекавую гісторыю Тураўскай музычнай школы такіх прыстойных умоў для працы і навучання ніколі не было.
Гэтую выснову Ларыса Аляксандраўна зрабіла невыпадкова. Яна была ў ліку першых вучняў Тураўскай музычнай школы. Цяпер вось амаль трыццаць гадоў тут працуе выкладчыкам. Дарэчы, яшчэ два педагогі — Галіна Шруб і Таццяна Дзейхіна — таксама з’яўляюцца выпускніцамі гэтай музычнай установы і сёння творча працуюць у ёй.
— Будаўнікі пастараліся, — зазначае і дырэктар школы Павел Берніковіч. – Класныя пакоі прасторныя, светлыя. Для выступленняў маецца і вялікая актавая зала. Таму працаваць у такіх умовах.
Зараз у музычнай школе навучаецца 153 чалавекі. І гэта не толькі дзеці са старажытнага горада, але і з навакольных аграгарадкоў і вёсак. Філіялы школы маюцца ў Азяранах, Верасніцы, Рычове, Хільчыцах. Увесь вучэбны працэс арганізуюць 19 выкладчыкаў. Яны навучаюць юныя таленты іграць на баяне, цымбалах, фартэпіяна, балалайцы, домры, духавых інструментах. Акрамя гэтага ва ўстанове выкладаюць выяўленчае мастацтва і харэаграфію.
— Калектыў у нас цудоўны і высокапрафесійны, — расказвае Павел Леанідавіч. — Таму дзеці з вялікім задавальненем наведваюцца на заняткі. Ганарымся мы і тым, што кожны год нашы выпускнікі паступаюць у профільныя музычныя установы і звязваюць сваё жыццё на прафесійнай аснове з музыкай. Мы пастаянна трымаем сувязь з імі, сочым за поспехамі, запрашаем на сустрэчы з цяперашнімі навучэнцамі. Гэта дапамагае нам прафарыентаваць сваіх выпускнікоў, рыхтаваць іх да паступлення ў сярэднія-спецыяльныя і вышэйшыя профільныя ўстановы.
Нямала робіцца калектывам Тураўскай музычнай школы, каб сюды прыходзілі новыя вучні. Цесную сувязь кіраўніцтва трымае з агульнаадукацыйнымі школамі, а таксама з клубнымі ўстановамі. У апошніх юныя музыкі выступаюць перад сваімі равеснікамі і жыхарамі, дэманструюць таленты ў маляванні, віртуозным валоданні інструментамі, спевах. Толькі ў гэтым годзе навучэнцы музычнай школы арганізавалі 12 розных выстаў. Нямала дадзена і канцэртаў падчас правядзення святочных мерапрыемстваў.
— Зараз мы будзем часцей запрашаць школьнікаў і іх бацькоў да сябе ў госці, — гаворыць дырэктар Павел Берніковіч. — У нас вялікая актавая зала, дзе мы можам ладзіць свае выступленні. Таму спадзяюся, што вучняў у нас пабольшае.
Так, у Тураўскай дзіцячай школе мастацтваў будуюць планы на будучае. І наведванне ўстановы засведчыла, што ёсць тут усе магчымасці для паспяховай іх рэалізацыі. Таму дзецям творчым варта сюды завітаць, каб акунуцца ў свет прыгажосці. А выкладчыкі ўстановы сваім прафесіяналізмам дапамогуць юным талентам у гэтым.