У Жыткавічах з’явіліся новыя пярвічкі
Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ўзяты курс на павелічэнне колькасці пярвічных арганізацый на прадпрыемствах. Актыўна да гэтай работы падключылася і Жыткавіцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў. У выніку такой дзейнасці створаны чатыры новыя ячэйкі, тры з якіх зарэгістраваны.
Новыя пярвічкі з’явіліся ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама, раённым ваенным камісарыяце і на прыватным прадпрыемстве ПГВУЛ «НТД-Маркет». У перадапошні дзень прайшоўшага года вырашылі стварыць сваю пярвічную прафсаюзную арганізацыю і работнікі Тураўскага малочнага камбіната. Амаль два дзясяткі спецыялістаў сабраліся з такой нагоды на ўстаноўчы сход, каб сказаць, што прафсаюзнай пярвічцы ў акцыянерным таварыстве быць. Непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве прыняў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта.
Ініцыятыва стварэння ячэйкі на перапрацоўчым прадпрыемстве належыць яго кіраўніку Вользе Луцко. Таму падчас наведвання камбіната Уладзімірам Гулютам дырэктара перад пачаткам сходу цікавілі многія аспекты дзейнасці прафсаюза. Пытанні, якія задавала Вольга Віктараўна раённаму прафсаюзнаму лідару, тычыліся складання калектыўнага дагавору, уплаты членскіх узносаў, іх размеркавання, выбараў і работы кіруючых і кантралюючых органаў пярвічкі і іншай дзейнасці прафактыва. Уладзімір Мікалаевіч падрабязна адказаў на ўсе пытанні, зазначыў, што на час станаўлення ячэйкі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў яна будзе атрымліваць усебаковую падтрымку і дапамогу.
Устаноўчы сход таксама прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні. Работнікі і спецыялісты малочнага камбіната адзінадушна прынялі на ім неабходныя мерапрыемствы, і гэтак жа дружна аказалі давер свайму лідару. На пасаду прафкама пярвічкі абралі маладога і ініцыятыўнага працаўніка Анастасію Базарэўскую. Яна на камбінаце з’яўляецца мэнеджэрам па якасці і працуе тут з самага адкрыцця прадпрыемства. Як прызналася Анастасія Юр’еўна, на пасадзе старшыні прафкама яна гатова прыкладваць усе намаганні, каб яшчэ мацней знітаваць калектыў. Тым больш што пярвічка будзе толькі прырастаць новымі членамі, прычым у бліжэйшыя месяцы. Ды і грамадская работа гэта чарговы крок для асабістага самаўдасканалення.
Цяпер у пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Тураўскага малочнага камбіната распачаўся новы этап станаўлення. Патрэбна прайсці рэгістрацыю, распрацаваць і прыняць калектыўны дагавор, а наколькі цікавым і насычаным стане жыццё мясцовай прафсаюзнай ячэйкі будзе залежаць ужо непасрэдна ад прафкама.
– Стварэнне прафсаюзнай пярвіч-най арганізацыі на такім новым прадпрыемстве, лічу, падзеяй гістарычнай не толькі для Тураўскага малочнага камбіната, але і ўсяго прафсаюзнага руху раёна, – зазначыў лідар грамадскага аб’яднання Жыткаўшчыны Уладзімір Гулюта. – Мяркуючы па тым, што ў склад ячэйкі ўвайшлі людзі маладыя, з кіпучай энергіяй, справы будуць ладзіцца па сацыяльнай абароне працаўнікоў яшчэ больш плённа.
Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, пакладзены пачатак у рабоце па стварэнні прафсаюзных пярвічак у рэгіёне будзе працягнуты і ў новым годзе. Прычым, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў у гэтай дзейнасці імкнуцца асабліва вялікае значэнне надаваць прыватным прадпрыемствам. Іх жа ў раёне нямала, таму верагоднасць, што прафсаюзныя шарэнгі толькі пашырацца, існуе вялікая.
Сяргей Белка.