Напрыканцы прайшоўшага года ў школе №3 г. Жыткавічы адбылася яркая падзея – конкурс “Я – піянер новай эры!”
Мэтай конкурсу з’яўлялася развіццё лідарскіх якасцей і творчых здольнасцей вучняў, замацаванне ведаў аб гісторыі піянерыі. Удзел прымалі вучні 5-8 класаў. Рыхтавацца да заданняў яны пачалі задоўга, таму конкурс прайшоў выдатна.
Удзельнікам былі прапанаваны тры этапы заданняў: самапрэзентацыя – візітная картка піянера-лідара; піянер-рынг – пытанні віктарыны “Гісторыя піянерыі” і конкурс рытарычнага майстэрства “Я – піянер”. Членамі журы ўлічваліся не толькі выразнасць і дакладнасць выступлення, сцэнічнае майстэрства канкурсантаў, але і арыгінальнасць, навізна, мастацкае і музычнае афармленне, крэатыўнасць.
Гледачам былі прадэманстраваны яркія, цікавыя візіткі. Аднакласнікі дапамагалі сваім лідарам песнямі, вершамі, прэзентацыямі. Падтрымаць актывістаў прыйшлі і бацькі. Вучні паказалі выдатныя веды з гісторыі піянерыі. Але найбольш яскрава раскрыліся рытарычныя якасці піянераў у трэцім этапе конкурсу. І журы, і слухачам спадабалася выступленне вучаніцы 7 “Б” класа Дзіяны Карповіч, у якім дзяўчынка пранікнёна расказала аб піянерскім руху, пачынаючы з гадоў яго ўтварэння, заклікала вучняў уступаць у рады БРПА.
Але якімі б выдатнымі не былі выступленні юных піянераў, пераможцы ўсё ж вызначыліся. На думку журы, лідарам года стала вучаніца 6 “А” класа Паліна Сахарава. Паміж астатнімі ўдзельнікамі месцы былі размеркаваны наступным чынам:
дыплом I ступені – Пётр Шлык, 5 “А” клас, Ганна Купрацэвіч, 8 “А” клас;
дыплом II ступені – Паліна Рагалевіч, 5 “Б” клас, Дзiяна Карповіч, 7 “Б” клас;
дыплом III ступені – Валерыя Матарас, 6 “В” клас, Ангеліна Багамаз, 7 “А” клас.
Хочацца адзначыць творчы і адказны падыход у падрыхтоўцы да конкурсу не толькі вучняў, але і іх бацькоў, а таксама класных кіраўнікоў. І няхай тыя светлыя пачуцці і думкі, якія данеслі да гледачоў нашы выхаванцы, знойдуць месца ў сэрцах кожнага школьніка.
З. Аліфіравец,
кіраўнік гуртка “Юны журналіст”.