Стогадовы юбілей бабулі Надзеі

Чулае сэрца ды працавітасць, напэўна, і дапамаглі Надзеі Козінец з аграгарадка Кольна пражыць вялікае, доўгае жыццё. Нядаўна Надзея Мікіцічна адзначыла стагоддзе з дня свайго нараджэння.


 У невялікай хаце юбіляркі ад гасцей ажно цеснавата стала. Павіншаваць бабулю Надзею з такой знамянальнай датай прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Наталля Макарэвіч, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, намеснік дырэктара КСУПа “Коленскае” Раіса Петрушкевіч, старшыня Руднянскага сельсавета Вольга Бойка, самадзейныя артысты Кольненскага сельскага Дома культуры. Шмат цёплых слоў віншаванняў і пажаданняў было выказана Надзеі Мікіцічне прадстаўнікамі органаў улады. Яны ўручылі бабулі букеты кветак і падарункі. Самадзейныя артысты падаравалі ёй музычныя нумары. Песні юбілярша слухала вельмі ўважліва, бо, як расказала яе суседка, сама ў маладосці добра спявала. Пасля выканання канцэртных нумароў бабуля Надзя ціха заўважыла артысткам: “Цяпер не такія песні, як некалі мы спявалі”. Пасля гэтага пачала ўспамінаць словы песні сваёй маладосці. Па памяці практычна без запінак пераказала адну з іх пра нялёгкую долю дзяўчынкі-сіраты і яе трагічнае каханне.


Можа і невыпадкова, што Надзеі Мікіцічне прыйшла на памяць гэтая песня. Бо яе лёс у многім падобны з лёсам гераіні песні. За доўгія гады жыцця ёй давялося зведаць нямала выпрабаванняў. У першую чаргу, гэта страта ўсіх родных. У гады калектывізацыі яе сям’ю выслалі ў Свярдлоўскую вобласць, дзе ўсе і загінулі. Надзеі Мікіцічне пашанцавала, суседка забрала яе да сябе дадому, каб яна даглядала яе дзяцей. Гэта і выратавала. Дарэчы, адна з тых дзяўчынак, што бабуля Надзея расціла ў маладосці, цяпер яе суседка і першая памочніца. Яшчэ прыязджае па выхадных дачка. Як ні кажы, а чалавеку ў такім салідным узросце дапамога патрабуецца пастаянна. Усё ж здароўе не тое, што было некалі ў маладосці, ці яшчэ з дзесятак гадоў назад. Нават у дзевяноста Надзея Мікіцічна яшчэ старалася апрацоўваць свой агарод. Цяпер жа толькі па хаце крыху і патупае, ды і то з кіёчкам.


Праца для яе значыла многае. Рабіла шмат ад рання да позняга вечара на калгасным палетку (доўгі час Надзея Мікіцічна была звеннявою паляводчай брыгады ў мясцовым калгасе) і на ўласнай гаспадарцы. Жыццё вымушала так высільвацца. У Кольна бабуля трапіла са Старажоўцаў. Выйшла замуж за ўдаўца, у якога было сямёра дзяцей. Яна замяніла ім маці, бо сваіх Бог не падараваў. Усіх сямёра вырасціла. Хаця і нялёгка даводзілася.


Надзеі Мікіцічне было вельмі прыемна, што ёй аказалі такую ўвагу і павіншавалі з яе сотым днём нараджэння. Як яна зазначыла, ніколі не адзначала іх, бо пастаянна з-за працы забывалася, гэта, мабыць, першы дзень нараджэння ў яе такі з гасцямі і падарункамі за ўсё жыццё. Яна не шкадуе аб пражытых гадах. Канечне, засмучаецца крыху, што ў яе маладыя гады жылося людзям намнога цяжэй чым цяперашнім пакаленням. Але гэта ў пэўнай ступені смутак пра пражытае жыццё з яго выпрабаваннямі, складанасцямі і радасцямі. Усяго было за доўгі век жыцця. Але галоўнае, што па гэтым шляху Надзея Мікіцічна прайшла годна. А пражытыя гады — гэта багацце, якое не кожнаму даецца чалавеку.


С. БЕЛКА


Фото В. КИЖНЕВ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.