Сонца над новабудоўлямі
Як у нашым райцэнтры, так і ў аграгарадках будаўнікі актыўна працуюць на самых розных аб’ектах. Што і казаць, мы ўжо ўспрымаем вежавыя краны і нязручнасці, звязаныя з будоўлямі, як патрэбную і звычайную з’яву. А, зрэшты, што тут дзіўнага? Скажам, работа па забеспячэнні жыллёвага будаўніцтва ідзе ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2005 года №150. Адначасова з узвядзеннем жылля пільная ўвага ўдзяляецца і развіццю інфраструктуры вёскі. Будуюцца вытворчыя і сацыяльныя аб’екты.
Што б мы ні казалі, але няма нічога прыемней, чым пераезд у новую кватэру альбо ў свой уласны дом. Словам, у сваё ўласнае жыллё, дзе адчуваеш сябе ў бяспецы, дзе па-сапраўднаму адпачываеш і набіраешся сіл. Ключоў ад жылля, што будуецца, чакаюць як паяўлення на свет уласнага дзіцяці, рыхтуюцца, хвалююцца, радасна абмяркоўваюць. А той, хто будуе, добра ведае, як важна эфектыўна выкарыстоўваць кожны квадратны метр плошчы.
— Літаральна на днях мы здалі ў эксплуатацыю 20-кватэрны дом па вуліцы Карла Маркса ў Жыткавічах, — не хавае цёплых нотак у голасе начальнік ПМК-76 Сяргей Бабранок. — Узвялі гэты жыллёвы аб’ект за тры з паловай месяцы. Нашы брыгады працавалі з поўным напружаннем сіл і разам з тым не ва ўрон якасці. 30 чэрвеня камісія падпісала акт яго ўводу і разам з тым мы атрымалі распіскі ад усіх будучых жыльцоў, што прэтэнзій да якасці пабудаваных намі кватэр яны не маюць. Дарэчы, такая практыка ў нас вядзецца не першы год, бо марка нашай калоны, яе аўтарытэт і прэстыж для нашых будаўнікоў далёка не пустыя гукі.
Варта адзначыць, што дзесьці 60 працэнтаў жылля, згодна гадавой раённай праграмы, прыпадае на плечы ПМК-76 трэста “Гомельсаўгасбуд”. Прыёмная камісія, да прыкладу, была проста ў захапленні ад якасці і прыгажосці пяці домікаў, што былі здадзены сёлета ў эксплуатацыю ў вёсцы Бялёў, яе члены так і назвалі іх ўзорна-паказальнымі. У бягучым годзе таксама ўступілі ў строй дзеючых 5 домікаў у аграгарадку Людзяневічы, 20-кватэрны рознакаляровы, нібы цацка, жылы дом у мікрараёне Азёрны райцэнтра.
У гэтым жа мікрараёне, толькі цераз дарогу, непадалёк ад сярэдняй школы №3, распачата і шпаркімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва 60-кватэрнага дома на 3 пад’езды, здаць які трэба будзе да канца 2010 года. Тут жа ўвосень плануюць закласці падмуркі пад узвядзенне яшчэ двух новых дамоў – 40-кватэрнага і 45-кватэрнага. Пачалося будаўніцтва аднаго дома ў вёсцы Ленін.
Бадай-што, самы вялікі даўгабуд у Жыткавічах, аб’ект “з барадой” — райцэнтраўская гасцініца. Але мясцовы бюджэт знайшоў грошы, за 3 месяцы трэба будзе асвоіць 2,5 мільярда рублёў і увесці ў рэшце рэшт гэты аб’ект у строй дзеючых да нашага ўсеагульнага юбілею – 510-годдзя заснавання горада Жыткавічы.
За апошнія паўтара года, калі механізаваную калону ўзначаліў высокапрафесіянальны і дальнабачны кіраўнік Сяргей Бабранок, тут былі набыты 2 экскаватары, бетонавоз, 2 аўтамабільныя краны, цягач-трал, адзіны ў раёне цэментавоз. Устаноўлены новы растворны вузел, які працуе пры дапамозе камп’ютэра і можа выдаваць “на-гара”, згодна закладзенай праграмы, любыя маркі бетона. Як для сваіх патрэб, так і на продаж другім арганізацыям. Адкрыты цэх па металаапрацоўцы, плануюць мець сваю стужкавую пілараму.
Перасоўная механізаваная калона №76 – самадастатковая арганізацыя, якая абыходзіцца без субпадрадчыкаў, штомесячна выконвае работ уласнымі сіламі на 1 мільярд рублёў.
Тут атрымалі адпаведныя ліцэнзіі, стварылі брыгады патрэбнай спецыялізацыі і імкнуцца рабіць усё сваімі сіламі, акрамя толькі сувязі і газаправодаў. І ўсё ж калектыў, у якім працуе 180 чалавек, па словах Сяргея Яфімавіча, па-ранейшаму мае патрэбу ў высокакваліфікаваных мулярах, цеслярах, аддзелачніках.
Калі гаварыць вобразна, то мясцовая ПМК-76 напамінае сабою самалёт, які набірае вышыню. А былі ж і найцяжэйшыя часы. У ліхія 90-я гады рабочыя раз’язджаліся ў пошуках лепшай долі, спецыялісты гандлявалі на рынках. Будаўнічая справа была ў жахлівым стане. Аднак кіраўніцтва не мірылася з такім паваротам спраў, шукала і знаходзіла варыянты загрузкі падраздзяленняў, не баялася неардынарных рашэнняў. Дзякуючы гэтаму і быў захаваны касцяк калоны, а будаўніцтва атрымала другое дыханне. Выраслі яго маштабы.
Мы пабылі на адным з вядучых на сённяшні дзень аб’ектаў калоны – 60-кватэрным доме ў мікрараёне Азёрны, сустрэліся і паразмаўлялі з прарабам Алегам Гулютам і зменным майстрам Сяргеем Навічэнкам, паназіралі за работай муляроў, якіх, дарэчы, будаўнічымі матэрыяламі і растворамі ўвішна і ўмела забяспечвала кранаўшчыца Людміла Курбан, страла крана якой, часам здавалася, хацела дабрацца да зыркага сонейка, што з кожнай хвілінай убіралася ў зеніт. З 6 і да 22 гадзін тут пазменна працуюць брыгады Пятра Малочкі і Дзмітрыя Салея. Яны своечасова забяспечваюцца ўсімі неабходнымі матэрыяламі, таму работы ідуць згодна графіка. У хуткім часе жанчыны прыступяць да аддзелачных работ у адным з трох пад’ездаў аб’екта. Між іншым, з другога паўгоддзя ўсе дамы будуць уводзіць у строй з поўнай аддзелкай самі будаўнікі.
Па рабоце, па размовах адчувалася, што ўсе імкнуцца хутка і добрасумленна выконваць заданні, сочаць, каб не было ніякіх адхіленняў ад патрабаванняў. І сапраўды, будуюць зараз людзі кватэры за свае грошы, бяруць немалыя крэдыты, дык хіба можна рабіць цяп-ляп!
— Нашы работнікі, як ніхто, адчулі на сабе ўсе змены эканамічнага “надвор’я” і ўсё ж засталіся ў прафесіі, — падвёў рысу нашай размовы Сяргей Бабранок. – І гэта пры тым, што работа будаўніка ніколі не была простай і лёгкай. Таму я спадзяюся: тое, што зроблена нашымі рукамі, яшчэ паслужыць не аднаму пакаленню.
С. КУЛАКЕВІЧ.