Ушанавалі ветэрана
У Вятчын, да Паўла Васільевіча Века, днямі адрасавана было шмат віншаванняў з нагоды ягонага жыццёвага юбілею. 90 гадоў споўнілася былому педагогу. Каб адзначыць юбілей старэйшыны сям’і, з’ехаліся ў хату дачкі Людмілы Паўлаўны Зацапілінай, куды ён з Дзедаўкі пасля смерці жонкі пераехаў, родныя і блізкія Паўла Васільевіча, а таксама ўнукі і праўнукі. Яшчэ адной радасцю для Века стала віншаванне ад кіраўніцтва райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і мясцовай улады.
Пётр Іванавіч Кальцоў, дарэчы, нядаўна, напярэдадні 65-годдзя Перамогі, адведваў свайго старэйшага калегу, які аддаў працы ў сістэме адукацыі больш сарака гадоў. Павіншаваў са святым святам, прывёз падарунак. І абавязкова паабяцаў прыехаць праз два месяцы на юбілей. Слова стрымаў. Цёпла сустрэў Павел Васільевіч дарагога госця, падзякаваў за віншаванне і падарунак — прадуктовы набор.
Не забыліся і ў мясцовым Савеце на такую вялікую нагоду ў жыцці Века. Уладзімір Неўмяржыцкі, старшыня сельсавета, і сакратар выканкама сельсавета Валянціна Жураўлевіч прыйшлі з сувенірам, кветкамі. Дый прывялі мясцовых самадзейных артыстаў з Вятчынскага сельскага клуба. Трэба было бачыць, як радаваўся пажылы чалавек такой вялікай увазе да сябе. Удзячныя за гэта землякам і яго дачка Людміла Паўлаўна, унучка і ўнук, праўнукі і праўнучкі. Павел Васільевіч ганарыцца сваімі адукаванымі дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Кажа: мне так хораша ад думкі, што мае з нябожчыцай-жонкай намаганні ў выхаванні дзяцей не сталіся дарэмнымі…
Павел Васільевіч Века — двойчы ветэран. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і ветэран педагагічнай працы. Перад самай вайной, яшчэ зялёным чубатым хлопцам ён прыехаў у невядомую яму дагэтуль вёсачку Хвойка — сюды атрымаў накіраванне на працу дырэктарам пачатковай школы. Навакольныя мясціны — глухія, але людныя — запамятаў на ўсё жыццё. Хто тады не паважаў настаўніка, хто не скідаў перад ім свой капялюш? І цяга вясковай дзятвы да ведаў — надта вялікая.
Але… грымнула вайна. Прыйшлося выбрацца з вёскі на радзінны куток — у Людзяневічы. Далей была падпольная работа ў тыле ворага, 50-я партызанская брыгада Глушчэні, дзе быў разведчыкам. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адразу ж быў прызваны ў дзеючую армію. У паветраныя дэсантныя войскі.
Спачатку непрацяглы час была ваенная падрыхтоўка, а затым дывізію, дзе служыў Века, “кінулі” на паўднёвы захад, пад Будапешт. Хлопцы былі ўсе рослыя, моцныя, спецыяльна падабраныя. Дэсант быў наперадзе. Яны першымі ступалі на зямлю, калі ішло вызваленне гарадоў Дзевігер, Шаравар, Самбатэль, Логнітц, Вена…
Што ж, шмат выключных і сапраўды гераічных выпадкаў было перажыта Векам. Напрыклад, ён згадвае, як цэлы батальён парашутыстаў па загаду камандавання павінен быў знайсці зробленыя ў Альпах тунэлі, дзе размяшчаліся гітлераўскія заводы. Там выраблялі снарады, а на станках дзень і ноч працавалі… вывезеныя з радзімы беларускія, украінскія, рускія дзяўчаты. Дэсантная вылазка была нечаканай для аховы і паспяховай для савецкіх парашутыстаў. Завод застаўся цэлы, жывымі засталіся палонныя, якія выраблялі ў горным ваенным прадпрыемстве, глыбока засакрэчаным, авіябомбы.
У сям’і ганарацца тым, што іх бацька, дзядуля і прадзядуля ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. Атрымаў узнагароду воін за вызваленне горада Самбатэль: там размяшчалася буйное гітлераўскае фарміраванне, абсталяванае “тыграмі”. Літаральна з паветра “зваліліся” фактычна на голавы нечакаўшым фашыстам, раззброілі, ніводзін танк не пацярпеў…
Шмат баявых узнагарод атрымаў за час ваенных дзеянняў Павел Васільевіч, а вялікую Перамогу сустрэў у Празе, быў паранены ў нагу і дэмабілізаваны.
46 гадоў ён сумленна шчыраваў на настаўніцкай ніве: і ў Людзяневіцкай школе, і асабліва ў Калінаўскай пачаткоўцы, дзе дырэктараваў дзесяткі год. Хоць і закончыў філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ж так усё жыццё вучыў маленькіх дзетак пісьму і чытанню. Ен надта любіў сваю працу, быў выдатным метадыстам, вёў актыўнае грамадскае жыццё на вёсцы. Выраслі дзеці, якія абралі таксама педагагічны шлях…
Прайшлі гады. Павел Васільевіч амаль страціў зрок, але да дробязяў памятае ўсё, што бачыў, усё, што адбывалася на яго складаным, але і шчаслівым жыццёвым шляху.
Цяпер ен шчыра радуецца, калі прыязджаюць родныя. Не хавае: добра ўсё ж старому чалавеку дажываць свой век у цеплыні даччыной любові і клопату. Утульна. Радасна, калі прыязджаюць унукі і праўнукі. І цяпер шчаслівы, што прыехала з сям’ёй унучка Галка, і ўнук Аляксандр. Саша — гонар Паўла Васільевіча і ўсёй радні. Унук — кадравы афіцэр, выкладае ў Ваеннай Акадэміі ў Маскве. І ўсёй сям’ёй ён прыехаў на юбілей роднага чалавека са сталіцы Расіі, суседняй краіны. Хораша спявалі для цяпер ужо фактычна свайго аднавяскоўца культработнікі.
Хораша жадалі сустрэць соты юбілей. І хораша ўсміхаўся ветэран — радаваўся людской увазе. Большага ж і сапраўды не трэба. А на развітанне ветэран паабяцаў — абавязкова дажыць да чарговага юбілею.
У. МІКАЛАЕЎ.
НА ЗДЫМКУ: ветэран Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы П.В. Века разам са сваімі ўнукамі, праўнукамі.