На хільчыцкім малочнатаварным комплексе сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба падабраўся дружны і высокапрафесійны калектыў. Сумленнымі адносінамі да справы вызначаецца і жывёлавод Васіль Бажэнаў
Васіль Васільевіч – ураджэнец Пскоўшчыны. Хільчыцы з’яўляюцца малой радзімай жонкі. У гэтую вёску і пераехала з Расіі на пастаяннае месца жыхарства сям’я. Сталася гэта ў 1993 годзе.
На долю мужчыны выпала нямала выпрабаванняў. Самае цяжкае і страшнае – вайна ў Афганістане. У гэтай краіне Васіль Васільевіч выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак амаль два гады. За праяўленую мужнасць мае баявыя ўрадавыя ўзнагароды. Напэўна, удзел у баявых дзеяннях аказаў уплыў на выбар прафесіі, таму сваё жыццё і прысвяціў Васіль самай мірнай і стваральнай працы ў сельскай гаспадарцы. Пасля пераезду ў Хільчыцы ўладкаваўся на мясцовую грамадскую ферму. Быў загадчыкам структурнага падраздзялення, памочнікам брыгадзіра. Калі ж калгас аб’яднаўся з сялянскай гаспадаркай, перайшоў у аператары машыннага даення. За якія б справы не браўся Васіль Васільевіч, яму заўсёды былі ўласцівы старанне і адказнасць, дысцыплінаванасць і прафесіяналізм.
З увядзеннем у эксплуатацыю малочнатаварнага комплексу Бажэнаў зноў уліўся ў рады жывёлаводаў. Арганізацыя працы на ферме такая, што работніку даводзіцца працаваць пазменна. Спраў хапае: і кармы каровам падсунуць, і падаслаць у стойлах, і падагнаць жывёлу на дойку, і ў памяшканні належны парадак падтрымліваць, і іншае. Але Васіль Васільевіч не прывык наракаць на цяжкасці, бо ўпэўнены, што і ад яго старання залежаць агульныя вытворчыя здабыткі калектыву комплексу. А яны, як паказвае практыка, растуць штодзённа.
Сяргей БЕЛКА.