Паважаюць прадаўца
Магазін у вёсцы Пагост з’яўляецца не проста гандлёвай кропкай для вяскоўцаў, але і своеасаблівым цэнтрам іх стасункаў. Любяць вяскоўцы заходзіць у сваю краму не толькі за таварам, але і за мясцовымі навінамі. У чаканні сваёй чаргі, або прывозу тавараў яны няспешна могуць пагутарыць адзін з другім пра сваё жыццё.
Будынак магазіна ў Пагосце не новы, хутчэй старэнькі. Але ён пастаянна падтрымліваецца ў добрым стане, штогод ля яго высаджваюцца кветкі. Гэта заслуга прадаўцоў, бо усё добраўпарадкаванне трымаецца на іх плячах. Больш дзесятка гадоў працуе ў гэтай гандлёвай кропцы Марыя Голад. Паважаюць яе пагастячане не толькі як спецыяліста — прафесіянала, але як і чалавека. У чым давялося пераканацца падчас наведвання гандлёвай кропкі. Звычайная па цяперашнім часе дзея. У краму заходзіць бабулька, каб купіць бохан хлеба. Марыя Міхайлаўна рэагуе на просьбу бабулі імгненна — выдае з-за прылаўка тавар, разлічвае пажылога чалавека.
— А можа яшчэ малачка патрэбна? — пытаецца прадавец.
— Дзякую дочка, што нагадала пра малако. Вось старая, пакуль ішла да магазіна і забылася, — зазначае бабуля.
Атрымаўшы і гэты тавар бабулька задаволеная кіруецца да выхаду. Услед ёй ад прадаўца гучыць: “Заходзьце, калі ласка, яшчэ”. Адным словам ведае сваю справу прадавец.
— Без паважлівых адносін да старых, якія цяпер асноўныя жыхары вёсак, у нашай рабоце не магчыма, — гаворыць Марыя Міхайлаўна. – З імі і пагутарыць патрэбна, і тавар прапанаваць, бо могуць забыцца, што планавалі купіць. Толькі так і можна дабівацца поспеху.
У Марыі Міхайлаўны свае падыходы маюцца не толькі да пажылых людзей, але і сярэдняга ўзросту, і дзяцей. Яна стараецца, працаваць так: калі пакупнік прыйшоў да яе ў магазін, з яго ён павінен выйсці абавязкова з пакупкай. Несумненна, што значную ролю у тым адыгрываюць не толькі дзелавыя якасці прадаўца, але і насычанасць паліц таварамі. У Пагосцкім магазіне іх дастаткова. Есць малочныя і мясныя вырабы, розныя напіткі, мапрожанае, фрукты, іншыя прадукты. Дарэчы, у магазіне дастаткова абсталявання, каб іх захоўваць згодна санітарных правілаў. Асобна прадстаўлена і прамысловая група. Актыўна працуе магазін і па заяўках насельніцтва. Па заказу могуць прывезці і складаную бытавую тэхніку, і кармы для жывёлы, і будаўнічыя матэрыялы, і іншае. Стараюцца працаваць у магазіне так, каб заказы выконваліся ў самыя сціслыя тэрміны. І гэта імпануе вяскоўцам, бо не патрабуецца выбірацца за пакупкамі ў той жа райцэнтр, шукаць транспарт, каб іх адтуль прывезці.
На паважлівыя адносіны прадаўца да сябе пакупнікі адказваюць тым жа. Паважаюць у вёсцы Марыю Міхайлаўну, лічаць сваім чалавекам. Хаця родам яна са Сталіншчыны, але ж у Пагосце амаль дваццаць гадоў пражывае. Трывала пусціла корні на гэтай зямлі, таму і імкнецца, сваёй працай прыносіць карысць людзям.
С. МІКАЛАЕЎ.