Быць гаспадарамі на Жыткаўшчыне
Аднойчы на аўтастанцыі выпадкова стаў сведкам размовы паміж немаладымі мужчынамі, якія жыва абмяркоўвалі цяперашняе вясковае жыццё. Адзін з суразмоўцаў выказаў такую думку: “Час моцна змяніў уклад і побыт сельскіх жыхароў. Яшчэ, здаецца, нядаўна, пра што найбольш турбаваліся сельскія жыхары. Дзе б прыхапіць лішнюю сотку зямлі або лапік сенакосу, каб забяспечыць уласную гаспадарку кармамі. Трэцяя праблема была, як назапасіць на зіму паліва. За гэтым і жылі, і трымаліся вёскі. Цяпер куды гэтыя клопаты падзеліся? Дровы прама ў хату прывозяць, па зямлі пытанняў не ўзнікае, толькі сей, а там, дзе выкошвалася кожная травінка, рассліннасць у пояс стаіць. Сена амаль нікому не патрэбна, бо кароў засталося ў гаспадароў на пальцах пералічыш”.
Сапраўды, не пабачыш сёння сцэн з ранейшага вясковага побыту, калі сваркі з-за мяжы на полі ці сенакосе ледзь не перарасталі ў сапраўдныя бойкі. Не адчуеш і тых каларыту і атмасферы, што складваліся летнімі вечарамі, калі і дарослыя, і малыя забіраліся на ўскрайку паселішча, каб сустрэць сваіх каровак. А потым гэтак жа ра-зам стаялі ў чарзе і разважалі пра свае справы на малаказборным пункце, каб выліць у цыстэрну прынесеныя бідончыкі малака. Здача свіней таксама не абыходзілася без чаргі і мітусні. Адбывалася ўсё гэта гадоў трыццаць назад, не болей. Цяпер усё паціху знішчаецца замежным словам “дэмаграфія”, якое аказвае з кожным годам усё большы ўплыў на былую эканамічную моц сельскіх населеных пунктаў – прыватныя гаспадаркі. І наш раён у гэтым сумным працэсе не стаў выключэннем. За тры апошнія гады жыхароў у сельскіх паселішчах стала на тысячу дзвесце чалавек меней. Канечне, узнавіць былы патэнцыял не так і проста, але ў дзяржаве прымаюцца захады, каб прыватныя гаспадаркі сталі для вяскоўцаў як і раней невычэрпнай крыніцай дабрабыту. Прыкладам гэтаму можа служыць праграма развіцця і падтрымкі прыватных гаспадарак на 2011-2015 гады.
Знаёмства са статыстыкай, якая паказвае стан спраў па асабістых прыватных гаспадарках у рэгіёне, вымалёўвае наступную сітуацыю. На першае студзеня бягучага года ў сельскай мясцовасці налічваецца 8483 падворкі. У 2013 годзе іх было 93319. У сувязі са старэннем і скарачэннем сельскага насельніцтва зніжаецца колькасць ахвотнікаў трымаць буйную рагатую жывёлу. На першае студзеня ў прыватнікаў сёлета ўсяго засталося 755 кароў.
Значна лепш абстаяць справы з раслінаводствам. Зараз у карыстанні сельскіх гаспадароў знаходзіцца 4,8 тысячы гектараў зямлі, 2,2 тысячы з якіх выкарыстоўваюцца для развіцця прыватных гаспадарак. Дарэчы, за 2011-2015 гады былі задаволены просьбы амаль сотні грамадзян аб выдзяленні зямельных участкаў. Моцная падтрымка гаспадарам аказваецца і сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Толькі ў мінулым годзе выканана розных паслуг насельніцтву на льготных умовах на 191,5 мільёна рублёў. 85,3 мільёна рублёў было выдаткавана з бюджэту на правядзенне ветэрынарных і супрацьэпізатычных мерапрыемстваў у прыватным сектары. Годам раней на гэтыя мэты патрачана амаль восемдзясят мільёнаў рублёў. Вяскоўцам, якія ўтрымліваюць на сваіх падворках кароў і іншую жывёлу, пастаянна аказвалася дапамога ў набыцці зерня, сена, саломы. У прыватнасці, за мінулы год іх прададзена адпаведна 200 тон, 1,7 тысячы тон і 100 тон. Дзякуючы сельгаспрадпрыемствам сельскія жыхары прыдбалі 195 галоў буйной рагатай жывёлы і 370 парасят. Значныя зямельныя плошчы выдзяляліся пад сенакосы і выпасы.
Наладжана ў раёне работа і па закупу ў прыватным сектары лішкаў прадукцыі. Так, Жыткавіцкім спажывецкім таварыствам у гаспадароў летась набыта 332 тоны бульбы, 610 тон агародніны, 1478 тон садавіны, 48,8 тоны жывёлы і птушкі ў жывой вазе. Арганізацыі аграпрамысловага комплексу для далейшага вырошчвання закупілі 540 цялят. Плённа папрацавалі і малаказборшчыкі, якія прынялі ва ўладальнікаў кароў 1,3 тысячы тон малака. З мэтай матэрыяльнай зацікаўленасці прыватных гаспадароў у продажы малака і жывёлы летась ім выплачана дадаткова 476,6 мільёна рублёў надбавак за малако і 142,2 мільёна за жывёлу, здадзеную вагой да ста кілаграмаў. Годам раней на гэта было патрачана 359 мільёнаў рублёў. Значная фінансавая падтрымка прыватным гаспадарам аказвалася і ў выглядзе крэдытных рэсурсаў. Гэтую магчымасць выкарысталі тры чалавекі. На набыццё трактароў, малочнага абсталявання ім было выдзелена амаль сто мільёнаў рублёў крэдытаў.
Захады дзяржавы па развіцці прыватных гаспадарак апраўданы. Найперш асабісты падворак з’яўляецца пастаяннай крыніцай занятасці вяскоўца, з якой можна атрымліваць даходы. Вельмі важна гэта для тых населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць месцы для працаўладкавання, а таксама маленькіх вёсак. Такіх паселішчаў і ў нашым раёне маецца нямала. На жаль, многія жыхары, асабліва моладзь, не імкнецца скарыстацца такой магчымасцю. Таму лозунг савецкіх часоў пра прыватны падворак і дзяржаўны клопат пакуль не траціць сваёй актуальнасці.
Сяргей БЕЛКА.