Кіраўніцтвам і спецыялістамі КСУПа “Чырвоны Бор” прыкладваюцца немалыя намаганні, каб у бягучым годзе нарасціць вытворчасць малака
Дзень 29 лютага намнога прыблізіў мясцовых жывёлаводаў да выканання пастаўленай задачы.
Менавіта ў канцы лютага ў сельгаспрадпрыемстве атрымалі першыя надоі малака на капітальна адрамантаванай і мадэрнізаванай малочнатаварнай ферме. Праведзеная рэканструкцыя дазваляе цяпер працаваць па самых сучасных тэхналогіях. Жывёла ўтрымліваецца ў памяшканнях бяспрывязна, на саламянай падсцілцы, даенне кароў ажыццяўляецца ў малочным блоку, які аснашчаны неабходным тэхналагічным абсталяваннем. Створаны добрыя бытавыя ўмовы для жывёлаводаў, што ў сукупнасці з механізацыяй асноўных вытворчых працэсаў значна аблягчае іх працу.
— Зараз на ферме ўтрымліваецца больш за сотню дойных кароў. Ад кожнай з іх надойваем амаль па адзінаццаць кілаграмаў малака штодзённа. Садзейнічае гэтаму і добрая кармавая база, жывёле ў кармушкі паступаюць паўнацэнныя кормасумесі і канцэнтраты, — расказвае загадчык Людміла Ханеня. — Усё малако з нашага структурнага падраздзялення пастаўляецца на перапрацоўку толькі гатункам “экстра”. Калектыў задаволены тым, у якіх умовах даводзіцца працаваць.
Але вытворчасць малака на новай ферме зараз хаця і важны, але не асноўны клопат для спецыяліста. Людміла Віктараўна больш турбуецца пра будучае развіццё вытворчасці малака. Для гэтага, найперш, патрэбна запоўніць маладняком новыя памяшканні, каб з іх вырасціць высокаўдойных кароў.
— Можна сказаць, што палову задачы вырашылі з пагалоўем. Цяпер на ферме маецца чатыры сотні цялушак, якія ў гэтым годзе пачнуць цяліцца, значыць, вытворчасць малака пойдзе ўгару, — гаворыць Людміла Ханеня. — Усяго ферма разлічана на восем соцен дойных кароў. Да нашага гонару ўсе цялушкі вырашчаны ў гаспадарцы. Спадзяюся, што ўласнымі сіламі вырашым пытанні і па недастаючаму пагалоўю. Хаця плануецца закуп маладняку і ў іншых гаспадарках, каб хутчэй ферма выйшла на праектную магутнасць.
Сярод задач на будучае, якія ставіць гаспадыня фермы перад сабой і калектывам — таксама навесці на тэрыторыі вытворчага аб’екта належнае добраўпарадкаванне. І тут таксама ўжо бачны зрухі. Новымі агароджамі разбіты будучыя клумбы і газоны, якія мяркуецца засеяць кветкамі і травой у бягучым годзе. Увогуле па цяперашніх справах чырванаборскіх жывёлаводаў бачыш, што яны імкнуцца, каб у галіне найхутчэй адбыліся станоўчыя перамены, выраслі паказчыкі. Пачатак гэтай справе быў пакладзены кіраўніком Віктарам Раковічам адразу, як ён узначаліў гаспадарку. Летась аснова для будучага “малочнага прарыву” толькі ўзмацнялася. Крэпне яна і сёлета. Напрыклад, валавая вытворчасць малака ў КСУПе “Чырвоны Бор” за два месяцы ў параўнанні з такім жа перыядам мінулагоднім павялічылася на 117,6 працэнта. І рэзервы для далейшага росту яшчэ далёка не вычарпаны.
Сяргей Белка.