Гэта наша жнейка, з нашае старонкі

Беларускі селянін ў даўнейшыя гады, дзякуючы паэтам і пісьменнікам, у нашым уяўленні атаясамліваецца не інакш як з вобразам пана сахі і касы, а сялянка-жнейка з царыцай. Наколькі прымальны гэтыя ўзнёслыя параўнанні да сучаснага вяскоўца, на Жыткаўшчыне гэта выяўлялі падчас правядзення раённага конкурсу “Валадар сяла”, які прайшоў у мінулыя выхадныя на адным з сенакосаў і збожжавым палетку КСУПа “Коленскае” каля вёскі Боркі. Саперніцтва ў ім аспрэчвалі маладыя хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны ў гадах.


Яшчэ сонца не паспела ўзняцца над бліжэйшым борам, а ў месцы правядзення мерапрыемства ўжо было шматлюдна. Гэта работнікі гарадскога цэнтра культуры ладзілі на сенажаці імправізаваную сцэнічную пляцоўку. Хапала спраў і ў лідэраў маладзёжнага руху раёна, сакратара райкама БРСМ, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, якія таксама рыхтаваліся да правядзення конкурсу. Дарэчы, яны і выступілі ў якасці арганізатараў мерапрыемства разам з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Не прымусілі чакаць сябе доўга і ўдзельнікі будучай дзеі. Адна за другой каманды пад’язджалі да вызначанага месца. Такая арганізаванасць зразумелая, які ж дбайны гаспадар ці гаспадыня ў гарачы час касавіцы і жніва будуць бавіцца доўга дома. Нездарма ж існуе выслоўе: касі каса, пакуль раса. А ранак сапраўды выдаўся росным, таму і чакалі арганізатары мерапрыемства ад яго ўдзельнікаў добрых вынікаў. Паказаць сваё майстэрства патрабавалася на касьбе і жніве. Прычым зрабіць гэта неабходна было прыладамі працы нашых продкаў: косамі і сярпамі.


Уся дзея пачалася з урачыстага адкрыцця. Касцоў і жней, яны прадстаўлялі ўсе калектывы сельгаспрадпрыемстваў раёна, добрым словам прывітаў старшыня райвыканкама Мікалай Какора (ён падаў ідэю правядзення такога конкурсу), а пасля абвяшчэння членаў журы і правілаў конкурсу пачалося саперніцтва. На першым яго этапе касцам неабходна было адкляпаць касу. І вось ужо на ўсе лады і галасы касцы пачынаюць кляпаць і ладзіць косы. Як адзначыў прадстаўнік каманды адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Іван Паўлавіч Казак, умець падагнаць касу да ладу вельмі важная навука, бо ад выклепкі будзе залежаць уся далейшая работа. Таму касцы вельмі стараліся адбіць свае косы, каб потым інструмент не падвёў іх. Тым больш што і журы звяртала ўвагу, наколькі якасна мужчыны кляпалі свае косы. Першы этап пройдзены, пасля каманды для касцоў пачаўся другі этап выпрабавання — асноўны. Па яго ўмовах мужчыны павінны былі скасіць участак шырынёй метраў пяць і даўжынёй метраў па трыццаць. Ацэньвалася ўсё — і хуткасць працы, і якасць касьбы, і як пакладзены валок, і гэтак далей. Шчыра ўзяліся за справу касцы. Ідуць яны па сенажаці то грамадою, то шнурам, то паасобку, то парамі. Пад сталёвым звонам кос схіляе свае галовы лугавая трава.


Асабліва ўдала вядзе касьбу сямідзесяціпяцігадовы Сяргей Макарэвіч, які выступае за каманду КСУПа”Чырвоны Бор”. У яго працы ніводнага лішняга руху, таму літаральна за два праходы ён скасіў адмераную дзялянку, паклаўшы на яе сярэдзіне высокі роўны валок травы. І гэта нягледзячы на свой узрост.


— Касіць з дзяцінства пачаў, — расказвае Сяргей Трафімавіч. — І зараз з касой працаваць даводзіцца вельмі часта. Па тон сем-восем накошваю сена для патрэб уласнай жывёлы. Вельмі задаволены, што мяне запрасілі на такое цікавае свята.


Скажам, што па выніках спаборніцтва Сяргею Трафімавічу заслужана прысвоена пачэснае званне “Валадар касы” з уручэннем прыза і ганаровай стужкі.


Сярод маладых касцоў такой пашаны быў удастоены Уладзімір Сянюк з каманды КСУПа “Коленскае”. Дарэчы, хлопец выступаў разам са сваім бацькам, які і навучыў яго ўпраўляцца з гэтай прыладай працы. Таму і скасіў сваю дзялянку не толькі хутка, але, так бы мовіць, што брытвай збрыў, ніводнай травінкі не пакінуў.


Як паказаў конкурс касцоў, ёсць сапраўдныя гаспадары ў нашых вёсках, якія ўмеюць добра касіць.


— Каманду касцоў не цяжка было падабраць, — зазначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Тураўшчына” Уладзімір Чарнушэвіч. — Лічу так, што сапраўдны гаспадар цяпер павінен мець на сваім падворку касу. У нас такіх нямала.


Згодна з гэтым і ідэолаг КСУПа “Коленскае” Раіса Петрушкевіч, бо такія конкурсы не толькі выхоўваюць павагу да працы селяніна, але і адраджаюць народную традыцыю, дапамагаюць яе распаўсюджванню. Пасля сенажаці цэнтр дзеі конкурса перамясціўся на жытнёвы палетак. Тут сваё ўменне жаць сярпамі дэманстравалі жанчыны. Па ўмовах конкурсу яны павінны былі выжаць пяць снапоў, паставіць “бабку”. Зноў жа асноўны акцэнт пры ацэнцы канкурсантаў журы рабіўся не толькі на хуткасць выкананай справы, але наколькі ўсё зроблена якасна.


Гнуцца нізка на ніўцы спіны жнеек у моры збожжа. Раз–пораз, апісваючы дугу, рукі жанчын акуратна складваюць у снапы жмені калосся. І вось ён — звязаны першы сноп. На дзіва выжала яго маладая дзяўчына з КСУПа “Бялёў” Ірына Туміловіч.


За гэта яна атрымала ад арганізатараў конкурсу ўзнагароду. Але да перамогі яшчэ далёка. Сонца прыпякае, але жнейкі не зважаюць на гэта, усё хутчэй мільгаюць у іх руках сярпы. Вельмі дружна працуе каманда жнеек з КСУПа “Людзяневічы” Людміла Турмовіч і Алена Цырыбка, старанна падразаюць збажыну, імкнуцца не пакінуць за сабой ніводнага каласка. Адзін за другім кладуцца за імі снапы, якія яны потым складваюць у “бабку”. Усё — справа закончана. Людміла і Алена вельмі шчаслівыя. Хаця і маладыя дзяўчаты, але навучылі іх маці выдатна ўпраўляцца з сярпамі. Толькі нязначная памылка, адзін снапок у іх атрымаўся танчэйшым, чым прадугледжвалася ўмовамі конкурсу, пазбавіла іх першага месца. А вось пераможцамі конкурсу жней стала каманда КСУПа “Чырвоны Бор”. Ды і тое па дадатковым паказчыку: песня, якую зацягнула Вольга Дарошка, адыграла вырашальную ролю ў тым, што ёй і яе напарніцы па камандзе Галіне Васілеўскай прысвоена ганаровае званне “Валадарка сярпа”. Дарэчы, адзначыла спецыяльнымі ўзнагародамі журы і самую маладую жняю Кацярыну Іванову, якая выступала за КСУП “Дзякавічы”, і самую вопытную Вольгу Пяшэвіч з КСУП “Коленскае” .


У камандным заліку першае месца ў касцоў і жней з КСУПа “Чырвоны Бор”, другое — з КСУПа “Коленскае” і трэцяе — з ААТ “Тураўшчына”. Ад арганізатараў усе атрымалі заслужаныя ўзнагароды, а дырэктару КСУП “Коленскае” Валянціну Карпаву ўручана грамата райсавета за цёплы прыём удзельнікаў мерапрыемства.


Мерапрыемства ператварылася ў сапраўднае свята. Таму садзейнічала і тое, што ўсе касцы і жнейкі былі апрануты ў народныя строі, музычнае суправаджэнне, а таксама салодкія сталы, каб удзельнікі маглі падсілкавацца. Усё ж касьба і жніво — справа цяжкая і вымушае моцнага здароўя.


— Свята атрымалася цудоўным, хаця і праводзіцца ўпершыню, — зазначае старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Дашкевіч. — У такі гарачы час жніва людзі знайшлі магчымасць прыехаць на мерапрыемства, паказаць, што яны ўмеюць валодаць і касой, і сярпом, а значыць, жыве сялянская традыцыя. Радуе, што моладзь да такой важнай справу далучаецца, таму будзем думаць, каб у наступны раз конкурс папоўніўся і іншымі этапамі. Патрэба ў тым ёсць, гэта цудоўнае правядзенне вольнага часу, нездарма ж каманды раз’язджаліся не са словамі развітання, а пажаданнямі новых сустрэч.


С. БЕЛКА.


НА ЗДЫМКАХ: Каманда-пераможца з КСУП «Чырвоны Бор». Фота А. КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.