Напярэдадні свята Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прызыўнікам з нашага раёна ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі павесткі на вайсковую службу
Традыцыйна гэтае мерапрыемства прайшло ля помніка загінуўшым чырванаармейцам і партызанам.
Шмат шчырых і цёплых слоў было выказана на мерапрыемстве будучым навабранцам. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі, вайсковая служба гэта вельмі адказны перыяд у жыцці кожнага юнака, таму што ён становіцца на варту , каб ахоўваць мір і спакой сваёй краіны, а таксама сваіх родных і блізкіх людзей.
– Імёны воінаў навечна высечаны на памятных плітах абеліска. У гады варожай навалы гэтыя людзі яскрава прадэманстравалі прыклады мужнасці і самаахвярнасці, патрыятызму, аддаўшы за свабоду роднай зямлі свае жыцці. Яны таксама былі маладымі, будавалі планы на будучае, але, калі спатрэбілася, узялі зброю і сталі на абарону Бацькаўшчыны, і выканалі гэты пачэсны салдацкі абавязак годна. Гэтак жа годна і вы прайдзіце праз суровыя салдацкія будні і вяртайцеся дадому жывымі і здаровымі, – звярнуўся да прызыўнікоў Леанід Міхайлавіч.
Добрай службы, надзейных таварышаў шчыра і цёпла будучым навабранцам жадаў і ветэран Узброеных Сіл СССР Віктар Партнягін, які падрабязна расказаў юнакам, што іх чакае ў арміі. Несумненна, што на пэўны час хлопцам прыйдзецца разлучыцца са сваімі роднымі, сябрамі, каханымі. Віктар Партнягін даў прызыўнікам наказ не забываць падчас службы самага роднага і блізкага чалавека – маці. Менавіта яна будзе непакоіцца найбольш за сына, турбавацца, каб у яго ўсё ў вайсковай часці зладзілася выдатна. Менавіта з такім пачуццём звярнулася да будучых салдат Галіна Барысевіч, сына якой сёлета прызываюць на тэрміновую службу. Па традыцыі свае пажаданні навабранцам выказалі і прадстаўнікі працоўных калектываў, дзе хлопцы да прызыву паспелі папрацаваць. Зразумела, што ў сваіх прамовах яны зычылі хлопцам не толькі паспяхова авалодаць ваеннымі спецыяльнасцямі, але і вярнуцца памужнелымі ў свае арганізацыі і на прадпрыемствы, дзе распачыналі працоўны шлях. Своеасаблівую ўрачыстасць атмасферы мерапрыемства надавалі і музычныя нумары, і пранікнёна-ўзнёслыя словы вядучых.
Галоўную дзею ўрачыстасці правёў начальнік аддзялення прызыву Жыткавіцкага ваеннага камісарыята Алег Брэеў. Кожнаму юнаку ён уручыў павестку, дзе пазначаны час і дата, калі хлопцам патрэбна прыбыць у ваенкамат, каб далей кіравацца ў вайсковыя злучэнні. Служыць, як вынікала з павестак, нашы землякі будуць у многіх радах войск.
– Падчас бягучай кампаніі на службу прызвалі прыкладна семдзясят чалавек, –расказаў Алег Брэеў. – Яны годныя па стану здароўя. Радуе і адукацыйны ўзровень нашых навабранцаў, практычна ўсе ідуць у армію пасля заканчэння вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. Многія маюць вадзіцельскія пасведчанні. Увогуле, хачу сказаць, што прызыўнікі з Жыткавіцкага раёна свой пачэсны і ганаровы абавязак выконваюць у армейскім страі заўсёды годна. Гэта неаднаразова пацвярджаецца добрымі водгукамі, якія прыходзяць у ваенкамат з вайсковых часцей. Спадзяюся, што і цяперашнія юнакі, якія яшчэ толькі стануць салдатамі, працягнуць такую слаўную традыцыю.
Сапраўды, цяперашнім навабранцам ёсць з каго браць прыклад. І ў першую чаргу, з тых хлопцаў, што ўжо праявілі сябе ў арміі з лепшага боку. У ліку такіх гвардыі малодшы сяржант Аляксандр Смалянец, які служыць у другой мабільнай роце 383 гвардзейскай асобай мабільнай брыгады. Родам Аляксандр Юр’евіч з аграгарадка Азяраны. У вайсковай часці ён знаходзіцца з 17 лістапада мінулага года. Вось як расказвае камандаванне злучэння пра нашага земляка:
“За час службы Аляксандр Смалянец зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку. Строга прытрымліваецца парадку дня, сочыць за чысцінёй і ўнутраным парадкам. Матэрыяльную частку, правілы эксплуатацыі зброі, ваеннай тэхнікі і іншай маёмасці ведае дасканала. Беражліва адносіцца да сваёй зброі і ваеннай тэхнікі. Пастаянна клапоціцца пра стан уласнага абмундзіравання, дапамагае і вучыць ваеннаслужачых свайго аддзялення. За час службы ў другой мабільнай роце Аляксандр Смалянец прымаў удзел у правядзенні палявога выхаду з баявымі стрэльбамі, а таксама трэніроўцы СНР у рамках праверкі ГШ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пры арганізацыі і правядзенні вышэйзгаданых мерапрыемстваў гвардыі малодшы сяржант Аляксандр Юр’евіч Смалянец праявіў сябе як адказны і старанны ваенаслужачы, граматны метадыст і добры камандзір. Задачы, якія ставяцца перад яго аддзяленнем, заўсёды выконваюцца ў вызначаны тэрмін і са станоўчым вынікам”.
Словы ўдзячнасці камандаванне вышэйзгаданай брыгады выказвае і ў адрас яшчэ аднаго ваенаслужачага з нашага раёна гвардыі радавога Андрэя Кісялёва. Родам хлопец з аграгарадка Кольна, да службы працаваў у мясцовай гаспадарцы. Праявіў сябе са станоўчага боку і ў вайсковай часці:
“Гвардыі радавы Андрэй Віктаравіч Кісялёў служыць у другой мабільнай роце з 17 лістапада 2015 года. За час праходжання службы зарэкамендаваў сябе толькі з лепшага боку. Сочыць за выкананем парадку дня, падтрымлівае чысціню. Матэрыяльную частку, правілы эксплуатацыі зброі, ваеннай тэхнікі і іншай маёмасці ведае. Беражліва адносіцца да зброі і ваеннай тэхнікі. Акуратны, правільна падганяе снаражэнне. За час службы ўдзельнічаў у правядзенні палявога выхаду з баявымі стрэльбамі і трэніроўцы падраздзяленняў СНР у рамках праверкі ГШ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пры правядзенні і арганізацыі гэтых мерапрыемстваў гвардыі радавы Андрэй Віктаравіч Кісялёў праявіў сябе як адказны і старанны ваеннаслужачы”.
Безумоўна, што бацькі могуць ганарыцца сваімі сынамі: не падвялі! Будзем чакаць, што і ў адрас цяперашніх прызыўнікоў-жыткаўчан ад камандзіраў будуць паступаць толькі падзякі за стараннае асвойванне вайсковай навукі. Брацца за яе ім прыйдзецца ўжо вельмі хутка – адпраўкі на службу распачнуцца 16 мая. Што ж у добры шлях, прызыўнікі!
Сяргей Белка.