Сустрэча ў Кольна
Зацікаўленая размова адбылася днямі ў жыхароў аграгарадка Кольна з членамі інфармацыйнай групы, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч. Мерапрыемства-сустрэча прайшла ў памяшканні Руднянскага сельсавета.
Напачатку члены інфармацыйнай групы азнаёмілі прысутных у межах Адзінага дня інфармавання насельніцтва з яго тэматыкай. На гэты раз яна тычылася ролі сродкаў масавай інфармацыі пры вырашэнні надзённых праблем людзей. Як гэта робіць калектыў установы “Рэдакцыя газеты “Новае Палессе” і было расказана людзям. Дарэчы, варта адзначыць, што прысутныя вельмі прыхільна ставяцца да раённай газеты, чытаюць яе.
Другая частка мерапрыемства была прысвечана адказам на пытанні жыхароў. Іх задавалі няшмат, але людзі гаварылі пра самае набалелае. У прыватнасці, узнята была праблемы работы радыёкропак. Не абмінулі жыхары ўвагай і праблему, звязаную з транспартным абслугоўваннем іх населенага пункта. Сур’ёзна было абмеркавана і пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў Савета. Тон гэтай размове задала старшыня райсавета Ніна Рамановіч. Па яе словах, у населеных пунктах сельсавета насельніцтву патрэбна нямала яшчэ папрацаваць па навядзенню парадку і ў авангардзе гэтай справы павінна быць мясцовая ўлада і дэпутаты. Яшчэ на сустрэчы гаварылася і аб арганізацыі адпачынку, пры чым тут стаўка павінна рабіцца на здаровы лад жыцця. І гэта таксама залежыць ад актыўнасці як саміх людзей, так і мясцовай улады. Толькі пры такой умове можна станоўча вырашыць любое пытанне.
С. БЕЛКА.