Пяты накірунак наша рубрыка трымае ў Азяранскі сельскі Савет, што на Жыткаўшчыне, самая глухая вёска якога – Бячанская Буда
Знаходзіцца яна ў жывапісных зарасніках першазданнай прыроды на тэрыторыі нацыянальнага парка “Прыпяцкі”.
Знаёміцца з яе насельнікамі едзем разам са старшынёй мясцовага выканкама Міхаілам Аліфіраўцом. Па дарозе ён расказвае, што першымі пасяленцамі вёскі некалі была заможная шляхта, зараз жа засталося ўсяго 14 чалавек: адны пенсіянеры, пераважна былыя калгаснікі. Жывуць яшчэ трое дачнікаў, гародніну ў парніках вырошчваюць. Зямля тут здавён урадлівая, ва ўсялякім разе да падэшваў маіх туфляў яна такі добра прыстала – абутак потым мыць прыйшлося.
Вядома вёска з ХІХ стагоддзя. Згодна з першым перапісам 1897 года ў ёй пражывала 76 душ, было 19 двароў. А свой залаты век Бячанская Буда перажыла ў 1950-60 гадах, калі налічвала больш за 250 чалавек. Пасля вайны вясковая дзятва хадзіла ў сваю пачатковую школу, давала людзям працу ферма, клуб быў і магазін.
У добрага пчалавода не бывае дрэннага года
Зараз жа населенны пункт абслугоўвае аўталаўка, а будынак стацыянарнай гандлёвай кропкі служыць “офісам” Рыгора Шруба, які даглядае пчальнік акцыянернага таварыства “Тураўшчына” – адзінае на вёсцы вытворчае падраздзяленне. Гаспадарку з крылатымі рупліўцамі перавезлі сюды шэсць гадоў таму. Не без здзіўлення потым я даведалася з кнігі “Памяць”, што ў аснове назвы суседняга населеннага пункта Бечы, які даў адну палову наймення нашай вёскі, ляжыць літоўскае слова “бітэ” – пчала. Напэўна, колішнія жыхары займаліся бортніцтвам. А Буда стала быць — выселкі з Бечаў: адбудаваная побач вёска. Так што вуллі вярнуліся, так бы мовіць, на сваю гістарычную радзіму.
…У памяшканні стаяў салодкі мядовы пах. Рыгора Рыгоравіча мы засталі за збіваннем рамак. Мужчына – патомны пчаляр, родам з Хільчыц, на працу ездзіць з Азяранан, дзе жыве з сямьей. Шмат сакрэтаў рамяства яму перадалі бацька і дзед. Ад апошняга, дарэчы, ў спадчыну перайшлі
арыгінальныя, сплеценыя з лазы раёўні, падобныя на лакіраваныя кошыкі з накрыўкай. Па словах пчаляра, такіх больш няма нідзе. Свае практычныя веды Рыгор Шруб падмацаваў і прафесійнай адукацыяй, атрымаўшы ў прафтэхвучылішчы дыплом пчаляра, прычым з адзнакай. “Шчыруе як пчолка”, — гэта пра яго. Мужчына прызнаецца, што за 30 гадоў гэта справа яму ніяк не надакучыла, жартуе: “Не дай паесці, а парабіць”. І за клопат нястомныя працаўніцы дзячаць добрай аддачай: летась 124 сям’і нанасілі тону якаснага мёду. Сёлетняя вясна не была цёплай (першая пчала, выляцеўшы з вулля 8 сакавіка, падцвердзіла даўнюю пагодную прыкмету), але ў добрага пчалавода, як вядома, няма дрэннага года.
Ад цывілізацыі – у глуш
Калі мы яшчэ толькі рушылі з Азяран, старшыня Савета Міхаіл Валянцінавіч параіў заехаць да самай каларытнай у Бячанскай Будзе асобы – сапраўднага манаха, айца Сафронія, у міру Сяргея Скрыгалоўскага, які жыве тут ужо гадоў з дзесяць.
— Наогул кажучы, я прыпісаны да сталічнага манастыра, а ў глуш збег ад цывілізацыі, — так просіць напісаць пра прычыну свайго пустэльніцтва хударлявы мужчына ў чорным убранні, што ў знак адрачэння ад мірскога носяць манахі. – Тут, у адзіноце, мяняецца мысленне, чалавек духоўна самаўдасканальваецца, гэта вельмі каштоўны вопыт. За маланаселеннасць я і выбраў гэту вёску, да таго ж, тут недалёка, у Хваенску – радзіма майго дзеда, што быў царкоўным старастам.
Свае жыццё з верай ён звязаў у 23 гады, зараз яму сорак. Айцец Сафроній дапамагае на службах настаяцелю Хваенскай царквы і прымае ўдзел ва ўзвядзенні перароўскага храма: па адукацыі ён тэхнік-будаўнік. Мужчына аказаўся вельмі цікавым субяседнікам. Спачатку патлумачыў, што духавенства падзяляецца на белае, да якога адносяцца свяшчэннікі, што служаць у праваслаўных храмах, і абавязкова маюць сям’ю, і чорнае – манахаў, прысвячаючых сваё жыццё служэнню Богу, яны даюць зарокі “целомудрия, послушания и нестяжания (добровольной нищеты)”. У манахі бацюшка пайшоў, па ўласным прызнанні, таму, што ў гэтым сане чалавек адчувае сябе больш вольным.
Каб дадаць у сваё жыццё яшчэ больш аскезы, ён зрабіў на балоце скіт з вышкай, дзе самотнікам чытае кнігі і разважае. Аднойчы правёў там аж два тыдні, як Рабінзон. З дому, а яго бацькі жывуць на Светлагоршчыне, пайшоў яшчэ 16-гадовым юнаком. З той пары ўсё ў дарозе. Між іншым сваё пустэльніцтва манах спалучае з вандроўкамі па свеце, як сам кажа, у пазнавальна-даследніцкіх мэтах. Быў у Польшчы і Сербіі, Грэцыі і Італіі, іншых краінах. З кожнага месца Сяргей Скрыгалоўскі прывозіць на памяць каменьчык і кладзе яго пад вялікі камень на падворку. Каля хаты ўжо вырас цэлы каменны сад, самы большы валун падарожнік прыгатаваў для будучага сувеніра з Цібета, трапіць туды – яго наступная мара і мэта. Цікава, што такі вольны лад жыцця не дзівацтва, а праца. Чатыры разы на год Сяргей Скрыгалоўскі ездзіць ў Мінск да “куратараў” са справаздачамі пра вопыт свайго пустэльніцтва.
У побыце Сафроній непераборлівы: мяса, якое абуджае плоць, манах наогул не есць, а гародніну вырошчвае сам. На ўласным вопыце пераканаўся, што каб пракарміць сябе, чалавеку дастаткова ўсяго паўтары соткі. Менавіта такі лапічак, дзе ўжо зелянее часнок і цыбульнае пер’е, і распрацаваны на яго селішчы сярод някошанай травы. Невялікая сціплая хацінка манаха, купленная ўсяго за 200 долараў, прыкметная здаля. Па-першае, што жыве тут “воцерковленный” чалавек, сведчыць два крыжы – маленькі над брамаю веснічак і вялікі побач з ганкам. А па-другое, неардзінарную асобу жыльца выдае малюнак на бакавой сцяне. Гаспадар ўласнаручна выпісаў на ёй двух чорных буслоў у промнях сонца. Рэдкія птушкі, як і манахі, аддаюць перавагу адасабленню і пустэльніцтву.
Няма таго, што раньш было
У Бячанскай Будзе прыцягнуў увагу яшчэ адзін двор, ля якога навязаныя пасвіліся аж тры каровы. Аказалася, што жыве тут самы старэйшы чалавек Надзея Аляксееўна Дашкевіч, якой на Троіцу будзе 88 гадоў. Так здарылася, што яна, як і папярэднія суразмоўцы, таксама не мясцовая. Пераехала жанчына сюды з Хваенску ў канцы 50-х гадоў. Раней працавала ў калгасе, а зараз далей двара нікуды не ходзіць, жывёлу даглядае сын Мікалай, халасцяк. Успамінаючы пра сваё жыццё, бабуля раз-пораз уздыхае, маўляў, няма таго, што раньш было. Вёска гула, людзям работы хапала, хлеб за 16 капеек быў смачнейшы і не п’янствавалі людзі столькі. Але ж трэба, як той казаў, жыць як набяжыць.
У той дзень стаяла не па-майску халоднае надвор’е: было ветрана, збіраўся дождж. Але вока лашчыла зазелянелае наваколле, апранутыя ў новае лісце шаты дрэў. Недзе побач з вёскай гучна адлічвала гады смелая зязюля.
Святлана ШАКАЛЯН.