Першы запеў марафону
Амаль пад сатню жыткаўчан прыйшлі ў мінулую суботу ў гарадскі парк імя Міколы Гамолкі на адкрыццё летняй пляцоўкі “Музычны марафон”. Дзякуючы народнаму ансамблю народнай песні “Сваты” раённага цэнтра фальклору першы запеў мерапрыемства атрымаўся галасістым, звонкім і надзвычай мілагучным.
Што менавіта самадзейнаму калектыву “Сваты” выпаў гонар адкрываць летняе свята музыкі, песні і танца, выпадковым не назавеш. Пяты раз ладзіцца яно ў райцэнтры і столькі ж разоў народны ансамбль з’яўляецца яго ўдзельнікам. Дарэчы, “Сваты” – адзін з найбольш любімых калектываў у аматараў народнай творчасці жыткавіцкага краю. Менавіта гэтая заслуга, а таксама высокі прафесіяналізм і цудоўнае выканальніцкае майстэрства, якія ўласцівы калектыву, і сталі вызначальнай падставай для ўдзелу ў такім вялікім мерапрыемстве. Сапраўды, на канцэртную пляцоўку штолета выходзяць найбольш вядомыя самадзейныя артысты з раёна. І “Сваты” у гэтым немалым спісе на лідзіруючых пазіцыях.
Не расчараваў ансамбль сваіх заўзятараў і сёлета. Паслухаць выступленне прыйшлі не толькі людзі пажылога ўзросту, але і моладзь. Апошняе надзвычай парадавала арганізатараў. Як толькі артысты падняліся на сцэну, іх прывіталі дружнымі і гарачымі апладысментамі. І такая цёплая атмасфера панавала на працягу ўсяго канцэрта. “Сваты” шчыра дарылі гледачам нумары са свайго багатага рэпертуару: песні, танцы, гумарэскі і музычныя кампазіцыі. Чым неаднойчы прыводзілі адпачываючых у парку людзей ў вялікае захапленне. Таму ад выступлення самадзейнага калектыву, а яно доўжылася больш гадзіны, усе атрымалі цудоўны настрой, які ніхто не хаваў. Вось некаторыя меркаванні жыткаўчан, якія давялося пачуць ад іх:
– Я вельмі люблю народныя песні, таму на музычны марафон самадзейных артыстаў раёна прыходжу пастаянна. Адпачываю на ім, як кажуць, душой, атрымліваю асалоду ад таго, што ў чарговы раз можна дакрануцца да народнай песеннай спадчыны, паслухаць арыгінальныя аўтарскія кампазіцыі. А яшчэ на летняй пляцоўцы можна сустрэцца з сябрамі, гэта, так бы мовіць, таксама своеасаблівая разрадка ад паўсядзённых клопатаў, жывыя стасункі, якіх часта не атрымаеш дома.
– Што ў гарадскім парку ладзіцца такое мерапрыемства, даведаўся з раённай газеты. Вырашыў упершыню наведаць, паглядзець. Чаго дома ся-дзець, тым больш што надвор’е цудоўнае. Скажу, што ад канцэрта атрымаў задавальненне, таму і на іншыя выступленні прыйду паслухаць.
– Мне вельмі прыемна, што такое цудоўнае пачынанне нашых культработнікаў, як летні музычны марафон, моцна пусціла карані на культурнай ніве нашага раёна. Хаця, скажу, прыжывалася яно вельмі і вельмі цяжка. Асабліва гэта было прыкметна ў першыя два гады, калі гледачоў можна было на пальцах пералічыць. А цяпер паслухаць лепшыя самадзейныя калектывы раёна прыходзяць цэлымі сем’ямі, сяброўскімі кампаніямі, з’явілася шмат пастаянных прыхільнікаў. Так што, хто жадае актыўна і змястоўна адпачываць, дарога ўсім у гарадскі парк свабодная. Тым больш што канцэрты бясплатныя. А яшчэ на летняй пляцоўцы можна і азнаёміцца з арыгінальнымі вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рамеснікаў з нашага раёна. А народнаму ансамблю “Сваты” дзякую за іх старанне і прыгожыя песенныя нумары.
Што застаецца сказаць пасля такіх шчырых і прыхільных прызнанняў гледачоў самадзейным артыстам. Канечне ж, спяшайцеся вечарам па суботах у гарадскі парк імя Міколы Гамолкі на новыя сустрэчы з песняй і музыкай, наперадзе ўсіх чакае яшчэ столькі цікавых канцэртаў.