Эфектыўнасць кіравання з апорай на прыватны інтарэс
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам знаходзіўся ў нашым раёне і наведаў сялянскую гаспадарку Міхаіла Шруба. У цэнтры ўвагі беларускага лідара было выкананне яго даручэнняў па развіцці агародніцтва і бульбаводства ў Беларусі, а таксама стан і перспектывы развіцця ў краіне фермерскіх гаспадарак.
Кіраўнік дзяржавы зрабіў своеасаблівыя агледзіны палеткаў фермерскай гаспадаркі, дзе вырашчаны сёлета выдатны ўраджай цыбулі і бульбы, азнаёміўся з арганізацыяй гэтай вытворчасці. Прысутныя міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы і старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон праінфармавалі Прэзідэнта, як рэалізуецца рэспубліканская праграма па бульбаводстве. Сёлета, дарэчы, у сельгасарганізацыях краіны пад гэтую культуру адведзена 51 тыс.га. Чакаецца, што будзе атрымана 1 мільён тон бульбы, пры гэтым рэнтабельнасць перавышае 60%, даходзячы ў некаторых раёнах да 100%. Ураджайнасць складае каля 230 ц/га.
У той жа час існуе шэраг недахопаў у вырошчванні бульбы, якія патрабуюць найхутчэйшага ўхілення. У прыватнасці, не хапае сховішчаў, пакуль ёсць недасканалая сістэма насенняводства, вырошчванне бульбы часцяком з’яўляецца дробнатаварнай вытворчасцю ў гаспадарках, адсутнічаюць лагістычныя цэнтры па рэалізацыі запатрабаванай прадукцыі. Як адзначалася, адпаведнай Праграмай, разлічанай да 2015 года, прадугледжваецца павялічыць пасяўныя плошчы бульбы да 65 тыс.га, а аб’ёмы вытворчасці — да 9 млн.т, пры гэтым на экспарт пастаўляць не меней 500 тыс.т. Будзе таксама перагледжана сістэма насенняводства, і цыкл вытворчасці насення скарочаны з 9 да 7 гадоў.
Як праінфармаваў Прэзідэнта на дагледжаных палетках сялянскай гаспадаркі Міхаіл Русы, плануецца арганізаваць спецыялізаваныя гаспадаркі па вырошчванню бульбы, пабудаваць неабходную колькасць сучасных бульбасховішчаў, павялічыць вытворчасць крухмалу і стварыць сыравінныя зоны. На ўсе гэтыя мэты запатрабуецца Br1,5 трлн.
Праблемы, якія трэба вырашыць з бульбай, характэрны і для агародніны ў цэлым. Па-першае, патрэбны добрае насенне, па-другое, — сховішчы. Як распавёў А.Якабсон, будаваць іх можна нават з саломы. І патрэбна спецыялізацыя — не 30 гектараў той жа бульбы ў кожнай гаспадарцы, а мінімум 300 у некалькіх, як ужо зрабілі ў вобласці.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу прысутных кіраўнікоў урада і вобласці, што будаваць неабходна па такой схеме, якая б была аптымальнай па кошце і даўгавечнай. А. Лукашэнка падкрэсліў, што за наступныя два гады неабходна папрацаваць максімальна напружана, каб рэалізаваць гэтую праграму. Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў сялян неабходна закупіць усю бульбу, якую яны захочуць прадаць, і па добрым кошце. Справа ў тым, што сёлета на сусветным рынку другі хлеб значна вырас у кошце, і такая тэндэнцыя будзе захоўвацца многія гады, і ў рэспублікі, як падкрэсліў Прэзідэнт, з’яўляюцца добрыя экспартныя магчымасці, якія былі страчаны ў мінулыя гады. “У гэтым наша шчасце. У нас нафты і газу няма. Вось яна наша нафта і газ. Той жа кошт. Бяры і прадавай”, — адзначыў ён. “За два гады праграма па бульбаводстве павінна быць рэалізавана цалкам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ на палетку, дзе акуратнымі радамі жаўцелі цыбуліны, адбылася зацікаўленая гутарка Аляксандра Лукашэнкі з мясцовым фермерам Міхаілам Шрубам, якая доўжылася літаральна да завяршэння рабочага візіту. “Наша гаспадарка дэманструе, што сельскагаспадарчая вытворчасць можа быць бізнэсам, гэта значыць, прыбытковай справай, і гэты бізнэс можа самаразвівацца”, — распавёў кіраўнік фермерскай гаспадаркі Міхаіл Шруб.
Чалавек, які сапраўды любіць сваю зямлю, за прайшоўшыя 17 гадоў — сялянская гаспадарка была створана ў 1993 годзе — на справе даказаў гэта. Так, першапачатковы зямельны надзел гаспадаркі складаў усяго 28 га. У лютым 2003 года да гаспадаркі быў далучаны не вельмі эфектыўна працуючы калгас “Шлях да камунізму”. Сёння сельгасугоддзі займаюць 1862 га, з іх ралля — 804 га. Спецыялізацыя гаспадаркі вельмі шырокая. Гэта агародніна і мяса — тут нядаўна ўзведзены свінагадоўчы комплекс еўрапейскага ўзроўню, і ўжо атрымліваюць паказчыкі на ўзроўні, а то і вышэй еўрапейскіх. Але асноўны бізнэс — гэта агародніна. Сёлета, як распавёў фермер Прэзідэнту, ён чакае ўраджай ад 8 да 12 тысяч тон, атрыманы добры ўраджай збожжа, у тым ліку кукурузы. І кіраўнік фермерскай гаспадаркі абвяргае нярэдкае меркаванне пра тое, што ўраджайнасць у фермераў ніжэй, чым у кааператывах ці камунальных гаспадарках. Шруб, напрыклад, цыбулі збірае 450 цэнтнераў з гектара, па вобласці гэтая лічба значна ніжэйшая. Усе свае поспехі Міхаіл Шруб тлумачыць уласнай інвестыцыйнай праграмай — ён уклаў у свой бізнэс 15 млрд. рублёў, якія не ўзяты аднекуль, а зароблены на гэтай зямлі.
Сёлетнія вынікі працы гаспадаркі, а год з нялёгкіх, па-добраму ўразілі Прэзідэнта, хаця ж ён адзначыў, што дастаткова добра валодаў інфармацыяй, як ідуць справы менавіта ў гэтай гаспадарцы, якая з’яўляецца па-сутнасці лепшай у краіне. Рэнтабельнасць за першае паўгоддзе бягучага пасткрызіснага года склала 26,1%, а было і 50-60. Сярэднямесячная зарплата аднаго працаўніка, занятага ў сельскай гаспадарцы, склала больш 1 млн. рублёў.
Падобным гаспадаркам дзяржава аказвае ўсебаковую падтрымку — гэта недарагія крэдыты, вызваленне ад выплаты падаткаў на тры гады, тая ж меліярацыя і апрацоўка зямлі ці магчымасць лізінгу, доступ да племяннога фонду, шэраг іншых відаў дапамогі. Але Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў наступнай пяцігодцы будуць фінансавацца толькі канкрэтныя праекты. Пры гэтым Міхаілу Шрубу Прэзідэнт рэкамендаваў новы падыход да гаспадарання. Прадпрымальнаму фермеру пры падтрымцы дзяржавы прапанавана стварыць прыватны аграхолдынг з ліку трох-пяці гаспадарак. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта будуць не самыя лепшыя гаспадаркі. Фермер сам падбярэ патрэбныя кадры, а эфектыўнасць кіравання з апорай на прыватны інтарэс, на яго думку, бясспрэчна, прывядзе да поспеху. Падобныя холдынгі, па меркаванню Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ствараць усюды, ва ўсіх абласцях, з цэнтрам апоры на моцныя фермерскія гаспадаркі.
“Думаю, з’явіцца шмат такіх людзей, якія пойдуць тваім шляхам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. А ў якасці заахвочвання за згоду ўзяць на сябе такую адказнасць, Прэзідэнт прапанаваў фермеру прафінансаваць будаўніцтва новага сховішча для агародніны. Міхаіл Шруб паабяцаў абавязкова прадумаць гэтае пытанне і праінфармаваць Прэзідэнта,тым больш што гаспадарка, якая занялася і свінагадоўляй, а цяпер вяртаецца да буйной жывёлагадоўлі, мае вострую неабходнасць у пашырэнні зямельнага надзелу, дзе будзе наладжана эфектыўная вытворчасць найперш збожжа.
І збожжа, і бульба, і цыбуля, і капуста і многае іншае ў Шруба растуць вельмі няблага. Сялянская гаспадарка не мае праблем ні з захоўваннем вырашчанага выдатнага ўраджаю, і як пераканаўся кіраўнік дзяржавы, ні з перапрацоўкай.
Кіраўнік дзяржавы меў магчымасць агледзець, як сартуецца і фасуецца агародніна, яе потым і прапанавалі паспрабаваць. І вонкавы выгляд, і смакавыя якасці — на высокім узроўні. Спадабаліся Аляксандру Лукашэнку і яго сыну Мікалаю вырашчаныя ў гаспадарцы памідоры. Прэзідэнт быў здзіўлены смакавымі якасцямі кавуноў, якія цяпер вырошчваюць у Рэчыцкім раёне. Тут жа была агледжана выстава новай прадукцыі, якую выпускае перапрацоўчая вытворчасць вобласці. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў яе якасць, адзначыўшы, што дзяржава недарэмна выдаткоўвала вялікія сродкі, каб атрымаць такі годны вынік.
Асаблівую цікавасць Прэзідэнта выклікалі падыходы Міхаіла Шруба ў будаўніцтве жывёлагадоўчых памяшканняў. Узводзяцца яны тут так называемым гаспадарчым спосабам. Гаспадарчы падыход фермера да будаўніцтва кароўнікаў Прэзідэнт паставіў у прыклад віцэ-прэм’еру І. Бамбізе. Аляксандр Лукашэнка не хаваў, што ад знаёмства з фермерам і яго падыходамі да гаспадарання на зямлі атрымаў вялікае задавальненне. Ен нават падкрэсліў, што калі Беларусь пачне вырашаць пытанне аб прыватызацыі зямлі, то яе найперш трэба прадаваць такім людзям, як Міхаіл Шруб, якія даказалі на справе, што могуць і ўмеюць працаваць на гэтай зямлі эфектыўна. Нам толькі важна мець болей такіх прадпрымальных людзей.
Развітваючыся з Міхаілам Шрубам, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз агучыў намер дапамагчы фермеру са стварэннем холдынгу і ўдакладніў, што гэта праект не на перспектыву, а на найблізкую будучыню. Ужо ўвесну новы холдынг павінен пачаць працу, а наступнай восенню даць першыя вынікі ў выглядзе ўраджаю. Прэзідэнт перакананы, што эфектыўнасць кіравання з апорай на прыватны інтарэс, з сучаснымі тэхналогіямі вырошчвання і ўборкі, перапрацоўкі, захоўвання агародніны і бульбы, рэканструкцыяй жывёлагадоўчых аб’ектаў і працэсам вытворчасці іншай сельскагаспадарчай прадукцыі па сучасных рэсурсазберагаючых тэхналогіях — аснова сельскагаспадарчай галіны краіны. А. Лукашэнка ўпэўнены, што ў фермера з Жыткавіцкага раёна будзе вучыцца гэтаму ўся краіна. І сам ён збіраецца яшчэ не аднойчы наведаць прадпрымальнага фермера.
У рабочай паездцы кіраўніка дзяржавы суправаджалі, акрамя адзначаных вышэй прадстаўнікоў беларускага ўрада і кіраўніцтва вобласці, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка, старшыня Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, іншыя афіцыйныя асобы.
У.ГАЎРЫЛОВІЧ.