Спраў хопіць усім
Правядзенне так называемых “чыстых чацвяргоў” у нашым раёне з’яўляецца даўно дзейсным сродкам, каб палепшыць добраўпарадкаванасць прыватных, грамадскіх і вытворчых тэрыторый. Падчас апошняга такога карыснага мерапрыемства ў райцэнтры работнікі райвыканкама і іншых арганізацый ачышчалі ад смецця гарадскія могілкі.
Ужо а дзявятай гадзіне раніцы ў месцы пахавання кіпела праца. Больш чым з дзясятак работнікаў райвыканкама дружна распраўляліся з кучай апалай лістоты, зламаных галін і іншага друзу. Мужчыны віламі вырывалі зляжалае смецце, а жанчыны награбалі яго на посцілкі і выносілі за агароджу, каб выкінуць усё на трактарны прычэп, або спецыялізаваную машыну для вывазу смецця. Было добра бачна, што справа на ўсе старанні прасоўваецца не вельмі хутка, выкінутае ў кучу добра-такі збілі дажджы. Але недарэмна кажуць, што вочы баяцца, а рукі робяць.
Сапраўды, фронт работы па добраўпарадкаванні гарадскіх могілак даволі значны. Але варта сказаць, што ўвесь гэты беспарадак стварылі жыткаўчане ўласнымі рукамі. Прыбралі за агароджамі на магілках, і ўсё смецце пакінулі тут жа на тэрыторыі ля месца пахавання. Што яшчэ патрабуецца: свой жа пачэсны абавязак перад продкамі выкананы, на іх магілах чыста, а там — хоць трава не расці. Няхай прыбіраюць тыя, каму гэта па службе прадугледжана. Менавіта такі светапогляд і ператварае памятнае месца для многіх гараджан у звычайную звалку. Так і хочацца запытаць жыхароў: а што слабо сабраць пасля сябе смецце ў пакет ці мех і вынесці іх за агароджу могілак? Камунальнай службе тады значна лягчэй і хутчэй удасца прыбрацца пасля нашай дзейнасці. Усё ж рабіць гэта тэхнікай намнога прасцей, чым уручную. Да таго ж не спатрэбіцца прыцягваць дадатковых рабочых, адрываць іх ад асноўнага занятку. Толькі, відаць, чакаць гэтага прыйдзецца нямала гадоў. І на могілках пройдзе яшчэ не адзін суботнік. Вось крыўдна толькі адно, гараджане не вельмі спяшаюцца ў іх паўдзельнічаць, хаця такая дапамога надзвычай патрэбная. Напэўна прызвычаіліся, што ўлады прымуць захады і знойдуць магчымасць паправіць нашу неахайнасць. Дарэчы, працаваць прадстаўнікі калектываў будуць на могілках і ў наступныя чацвяргі. Так што, калі маеце жаданне, паважаныя жыткаўчане, далучайцеся. Вашы працоўныя рукі лішнімі не будуць. Справы хопіць усім.
Сяргей Белка.