Не толькі планаваць, але і выконваць

На базе камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Коленскае» прайшоў раённы семінар, на якім былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні работы жывёлагадоўчай галіны.


У будзённых клопатах сустрэў малочнатаварны комплекс «Пасека» КСУПа «Коленскае» ўдзельнікаў мерапрыемства: кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, райсельгасхарчу, абслугоўваючых арганізацый, старшынь сельвыканкамаў на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Мікалаем Какорам. Нягледзячы на гасцей, мясцовыя жывёлаводы не прыпынялі вытворчых працэсаў: вялі кармленне жывёлы, рамонт памяшканняў, побач закладвалася кукурузнай масай сіласная траншэя. Многія не першы раз наведваюць гэтае структурнае падраздзяленне гаспадаркі, таму змены, якія тут адбываюцца, адразу трапляюць у поле зроку. Сярод іх і праведзеная рэканструкцыя аднаго з памяшканняў для ўтрымання маладнячку. Каб павялічыць умяшчальнасць фермы, да яго зроблена капітальная павець, дзе цялят можна ўтрымліваць не толькі зараз, але і зімой. Ды і ўнутры памяшкання таксама ўсё перароблена нанава, таму мэта, якая ставілася перад рэканструкцыяй, мясцовымі працаўнікамі дасягнута. Цяпер можна ўтрымліваць тут намнога больш цялят, да таго і працаёмкія працэсы сталі механізаванымі.


Размяшчэнне жывёлы на стойлавае ўтрыманне з’яўляецца на сёння важным пытаннем для гаспадарак. Грамадскае пагалоўе вырасла на дзве з паловай тысячы галоў, таму і зразумелая цікавасць удзельнікаў семінара да таго, якім шляхам ідуць па вырашэнню гэтай задачы ў «Коленскім», прычым не толькі на комплексе «Пасека», але і на таварнай ферме «Кольна», дзе гэтым летам збудаваны цялятнік больш чым на дзвесце галоў маладняку. Усе гэтыя работы выкананы з мінімальнымі затратамі.


Разгледзелі падчас работы ўдзельнікі семінара і стан работы па ўзнаўленню статка. З гэтай мэтай наведалі пункт штучнага асемянення. Тут разгарэлася дыскусія, ініцыятарам якой стаў старшыня райвыканкама. Мікалая Міхайлавіча цікавіла думка спецыялістаў па пытанні: «Чаму ў раёне не на поўную сілу скарыстоўваецца закладзены генетычны патэнцыял дойнага статка?» Як вынікала з размовы, прычына ў недастатковай рабоце з цёлачным пагалоўем, дакладней, яго вырошчваннем. Не ўсё ў гаспадарках робіцца, каб стварыць для цёлак адпаведныя ўмовы ўтрымання, кармлення, асемянення, раздою. Вынік гэтых недахопаў агучыў начальнік райплемстанцыі Адам Аліфяровіч: «Цялушак у сельгаспрадпрыемствах дастатковая колькасць, а вось асемяняюць іх у сельгаспрадпрыемствах такой вагой, якая не адпавядае тэхналагічным патрабаванням. Адпаведна патрэбна чакаць і прадуктыўнасці ад такой цялушкі». Дарэчы, варта зазначыць, што вырошчванне і продаж тэхналагічных цялушак цяпер можа прыносіць неблагія фінансы гаспадаркам. Але як паказвае практыка, гэтая магчымасць не выкарыстоўваецца сельгаспрадпрыемствамі.


Асабліва падрабязна ішла гаворка падчас практычнай часткі семінара пра арганізацыю кармлення грамадскага статка. Не сакрэт, што ён у шэрагу гаспадарак не дакормліваецца. І прычына тут не ў тым, што няма кармоў, а ў іх тэхналагічным расходаванні, збалансаванасці, своечасовасці падачы ў кармушкі. Збоі з гэтым на фермах відавочныя. Вырашыць гэтую праблему сёлета збіраюцца ў раёне кардынальным чынам. У кожнае сельгаспрадпрыемства для кармлення набываюцца кормараздатчыкі «Гаспадар», на якіх можна рыхтаваць кормасумесі. Удзельнікі семінара пабачылі, як працуе гэтая машына на практыцы, і які корм атрымлівае жывёла.


Не абышлі ўвагай на семінары і стан работы па добраўпарадкаванню вытворчых аб’ектаў і населеных пунктаў. І ў гэтым, як адзначаў кіраўнік раёна, маюцца сур’ёзныя недапрацоўкі. У першую чаргу, улада на месцах недастаткова працуе ў гэтым напрамку дзейнасці з насельніцтвам.


На выніковым пасяджэнні асноўная ўвага была засяроджана на аналізе работы сельскагаспадарчай галіны за восем месяцаў. Вынікі гэтай дзейнасці агучыла спецыяліст райсельгасхарчу Алена Кузіна. Як было ёю адзначана, за гэты тэрмін прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымана на 95,5 мільярда рублёў, з якіх 50,2 мільярды ў грамадскім сектары. Тэмп росту валавой прадукцыі ў грамадскім сектары ў адносінах да мінулагодняга перыяду склаў 107,5 працэнта. Па гэтым паказчыку раён займае шостае месца ў вобласці. У той жа час, каб дабіцца запланаванага тэмпу росту валавой прадукцыі ў 110 працэнтаў у грамадскім сектары патрэбна было павялічыць яе вытворчасць на 19,8 працэнта да леташняга. Прычыны, па якіх не ўдалося дабіцца запланаванага: вымерзлі палеткі рапсу, недаатрымана ўраджайнасць па прычыне неспрыяльных пагодных умоў, недавыкананы планавы аб’ём нарыхтоўкі травяных кармоў, зніжана вырошчванне буйной рагатай жывёлы па аддзяленню «Хлупін». Заданне па тэмпах росту валавой прадукцыі за восем месяцаў выканалі толькі КСУПы «Дзякавічы», «Чырвоны Бор», умовы дзяржпадтрымкі — КСУП «Коленскае» і сялянская гаспадарка М.Р.Шруба. Відавочна, што астатнім прыйдзецца ў гэтым накірунку яшчэ добра папрацаваць, каб выйсці на запланаваныя паказчыкі. Гэта тычыцца і жывёлагадоўчай галіны. За восем месяцаў бягучага года ў сельгаспрадпрыемствах вытворчасць малака склала 20238,5 тоны. Прырост да леташняга — 7,8 працэнта. Вышэй сярэднераённага маюць прырост малака ў КСУПах Бялёў», «Дзякавічы», «Чырвоны Бор», «Коленскае». У акцыянерным таварыстве «Тураўшчына» гэты паказчык крыху ніжэй за сярэднераённы.


Не меншая ўвага была нададзена пытанням пастаноўкі грамадскага статка на зімова-стойлавае ўтрыманне, выкананню неабходных заатэхнічна-ветэрынарных мерапрыемстваў. Аб чым праінфармавалі галоўныя заатэхнік і ветэрынарны ўрач раёна Р.Кронда і М.Сяргейчык. Як адзначалася, і ў гэтай дзейнасці на месцах яшчэ не ўсё ў парадку. Бясспрэчна, пошук шляхоў па ўкараненню недахопаў быў адным з галоўных на пасяджэнні. Таму былі заслуханы шэраг кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак па тым, як яны збіраюцца выконваць свае вытворчыя праграмы, якія ў свой час абаранялі. Крытыка ў іх адрас была абгрунтаванай. Адзінае, што засталося пачаць неадкладна, выпраўляць недапрацоўкі. Як і што на мерапрыемстве пабачылі, і пачулі. Запланаванае патрэбна выконваць. Нездарма кажуць, узяў слова — трымай.


С. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКАХ: у час семінара. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.