Любоў павінна быць ва ўсім

Нехта скажа: творчыя людзі — дзівакі. І яе таксама многія лічаць дзівачкай. Яе, нашу зямлячку, мастачку Наталлю Чарнагалову. Але ж гэта на самай справе не так. Не дзівачка яна. Сказаў бы гэтак — яна востры і ёмкі талент настрою. Перакананы: мае Наталля аголенае, чуйнае сэрца да людзей.


У Брэсце, дзе жыве мастачка, добра ведаюць яе карціны і незалежны характар. Дзіўна многім: ну зусім не баіцца таго, што яе погляды могуць не супадаць з меркаваннем навакольных, а некаторыя ўчынкі здольныя здзівіць. А яна на такія рэчы не звяртае нават увагі: «Хай сабе здзіўляюцца на шчасце!» У яе нават такія развагі выклікаюць амаль дзіцячую радасць. Вось і сёння яна сядзіць перада мной і разважае аб жыцці, аб яго светлых праявах, аб чысціні чалавечай душы. І я зноў згаджаюся сам з сабой: а як жа цяжка творчым людзям жыць, калі цябе не разумеюць, альбо не хочуць разумець, што ты хочаш сказаць мастацкім творам, што ты хочаш данесці — хоць і пра сябе, у рэшце рэшт. Як важна, каб творчага чалавека разумелі.


— Я люблю жыццё, якое ёсць, ва ўсіх яго праявах. У мяне спадчыннае адчуванне прыгажосці свету, жыццядайнага хараства прыроды, творчай працы чалавека. Любоў павінна быць ва ўсім, што ты робіш. Мне гэта разуменне прыйшло ад гарэмніц бабулі і маці. Адна пражыла сто гадоў, другая — дзевяць дзесяткаў. Але яны, як мастачкі, кожны лапік зямлі ўпрыгожвалі, у кветках у іх усё патанала, у любові.


Я таксама ніколі не чакала, калі мяне наведае натхненне, а сама ішла яму насустрач. Усё жыццё ішла. Малявала — і на душы расцвітала свята. Ды што там — нават у майстэрню збіралася ў самым прыгожым адзенні, бо Тварыць — гэта свята. Яшчэ толькі размешваю фарбы, а прыемна ўжо хвалююся ў прадчуванні першага дотыку да палатна. Я заўсёды разумела, што каб прыйсці да людзей, аднаго таленту мала, трэба шмат працаваць, і заўсёды — любіць тое, што робіш. І заўсёды спяшалася працаваць. Асабліва, калі душа спявае і кахае. Хачу і цяпер, каб мяне пачулі і зразумелі.


Мастачка нядаўна вярнулася з Вялікабрытаніі — і адразу выбралася ў родныя Жыткавічы, дзе асірацела пасля смерці матулі хата.


— Я вярнулася з Вялікабрытаніі дадому з яшчэ большым перакананнем: любоў павінна быць ва ўсім, што ты робіш. Прыехала на сваю маленькую радзіму, у пустую бацькоўскую хату. І хачу аднаго — Пісаць. Хачу напісаць карціны, прысвечаныя роднай зямлі. І я абавязкова зраблю гэта.


Я ёй веру: яна сапраўды любіць пісаць родную прыроду, адлюстроўваць усё роднае. Перадае на палотнах буянства фарбаў — мусіць, не выпадкова нарадзілася падчас травеньскага красавання садоў… Дарэчы, нагадаем, што Наталля піша свае карціны звычайна без пэндзля, а пальцамі ў пальчатках. Так душэўны стан аўтара, па яе меркаванню, лягчэй перадаецца гледачу. Стварэнне ж карцін для Наталлі — гэта яе жыццё. Аснова. І ў рэдакцыю прыйшла не з пустымі рукамі — з маленькімі карцінкамі-сімваламі. Падаравала амаль усім супрацоўнікам. Шчырая, чалавек-настрой…


— Ну, дык дзяліцеся, як там справы ў замежжы?


— Мой чарговы тур прайшоў няблага. Былі арганізаваны некалькі майстар-класаў. Выстава ў Канглітоне. Было, дарэчы, шмат наведвальнікаў. Пісала партрэты англічан. Людзям падабаліся мае творы. Увогуле павінна сказаць, што для англічан творчыя людзі — гэтакая дзіковінка. Яны вельмі цікавяцца не толькі самім майстэрствам, але іх працягвае асоба мастака, творчага чалавека. Я заўсёды прадстаўлялася мастачкай з Беларусі. Многія, на жаль, не ведалі, дзе і знаходзіцца наша сінявокая Радзіма, і я, як магла, распавядала пра нас, беларусаў, пра мастакоў. Іх, замежнікаў, прываблівае наша культура. У нас шмат не страчана, аўтэнтыка, дух захаваліся. Але нашы людзі жывуць бядней, таму, трэба канстатаваць, на жаль, матэрыяльныя рэчы ў простага чалавека на першым плане.


— А як Вы пачуваеце сябе дома, на маленькай радзіме?


 — Добра! Я дыхаю вольна і адчуваю сябе шчаслівай. Гэта ж мая зямля… Скарыстоўваю час, каб адкрыць для сябе родную зямлю па-новаму. Мне патрэбны новыя эмоцыі, сюжэты. За імі, дарэчы, два дні ездзіла ў Ляскавічы, на нядаўні этнафестываль «Покліч Палесся».


— І як, Вам спадабалася?


— Ведаеце, я не магла б нават падумаць, што такое дзейства пабачу на свае вочы. Гэта сапраўдны цуд! Столькі ўнікальных рэчаў, трыдыцый у адным месцы! Я, канешне, патрыётка сваёй зямлі, але вялікі гонар быў за родны кут, калі паведамілі, што наша Жыткаўшчына заваявала Гран-пры, а ўсе народныя калектывы сталі лаўрэатамі фестывалю. Шкада толькі, што я позна даведалася, а то абавязкова б прапанавала свае творы, каб людзі бачылі, што ёсць у нас і прафесійныя мастакі. Спадзяюся, што пры падтрымцы раённых улад і работнікаў культуры калі-небудзь мая выстава пройдзе ў родным райцэнтры…


— Жыткавічы, дарэчы, хутка адзначаць сваё 510-годдзе. Што б Вы пажадалі гораду і яго насельнікам – землякам з гэтай нагоды?


 — Горад, зразумела, рэзка адрозніваецца ад таго, калі я была маленькай, хадзіла ў школу. Сёння гэта цудоўны палескі цэнтр. Я заўважаю, як ён змяняецца да лепшага, звонку найперш. Гэта заслуга ўсіх жыткаўчан, якія працуюць дзеля таго, каб жыць у прыгожым куточку і мець даступныя сацыяльныя выгоды.


Я жадаю гораду далейшага развіцця, а сваім землякам не чарсцвець душой, заставацца такімі ж чулымі, шчырымі, клапаціцца не толькі на матэрыяльнае, колькі на духоўнае. Прызнаюся, што я вельмі люблю сваіх землякоў, і жадаю ім звычайнага чалавечага шчасця. І памятаць, што любоў павінна быць ва ўсім, што ты робіш!


… Мы развіталіся, а мне падумалася, што сапраўдны творца ніколі не сядзіць на месцы. Ен шукае для сябе нешта новае, што дасць новы глыток паветра для жыцця, творчасці . Пажадаем ёй і на шляху гэтых пошукаў новых творчых знаходак. І павіншуем: нядаўна яе карціну, прысвечаную маленькай радзіме і вядомаму кампазітару Уладзіміру Будніку, набыў Нацыянальны мастацкі музей краіны. Яе твор ацэнены дастойна.


У.ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.