Пра родны край і добрых людзей
Надзейнай апорай творчай дзейнасці пісьменніка, публіцыста, драматурга Уладзіміра Гаўрыловіча заўсёды былі і застаюцца святло роднай зямлі і цяпло добрых людзей. Удумлівы погляд на нашу рэчаіснасць, на паводзіны чалавека у канкрэтных жыццёвых сітуацыях – менавіта гэтым пранізаны творы знакамітага палешука. Яго герой — часцей за ўсё просты чалавек, асоба, якая годна нясе ў сабе рысы беларускага характару.
Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч — нарадзіўся 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна ў шматдзетнай сям’і. Закончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Вятчынскай сярэдняй школы, дырэктарам Бялёўскай сярэдняй школы, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №2 г. Жыткавічы, галоўным рэдактарам жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе”. У снежні 2005 года выбраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. На цяперашні час жыве і працуе ў Гомелі.
Уладзімір Гаўрыловіч – аўтар кніг: “Споднія яблыкі” (1999), “Дзе над горадам лунаюць буслы” (2000), “Забранае шчасце” (2001), “Глыбокія карані” (2001), “На варце – днём і ноччу” (2001), “На мяжы” (2003), “Крокі па роднай зямлі” (2005), “Адкрый сваё сэрца” (2006) “Плата за каханне” (2007), “Запах черемухи” (2007). Рэдагаваў калектыўны зборнік аўтараў Жыткавіцкага краю і пісьменнікаў Гомельшчыны.
Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (2001 год), расійскай прэміі імя Мікалая Мельнікава (2007), літаратурнага конкурсу Саюза беларускіх пісьменнікаў і газеты “Звязда” (2001), абласнога літаратурнага конкурсу імя асветніка Кірылы Тураўскага (2007). Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы твор у галіне прозы, за кнігу “Плата за каханне” ўзнагароджаны статуэткай “Залаты Купідон”.