Жывёлагадоўля кармамі моцная

уладзімір ярмашМагутны “Амкадор” Уладзіміра Ярмаша, механізатара акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс” у гэтыя дні працуе практычна без прастояў. Яно і нядзіўна, бо трактарыст задзейнічаны на адным з самых важных участкаў сельгасвытворчасці – на нарыхтоўцы сіласу з кукурузы. У такі гарачы для вяскоўцаў час ён дапамагае працаўнікам КСУПа “Чырвоны Бор”.  У апошнія дні ў сельгаспрадпрыемстве значна павялічыліся тэмпы ўборкі на палетках з вышэйзгаданай культурай.

Як толькі ад месца закладкі фуражу пасля разгрузкі ад’язджае чарговая адзінка тэхнікі, за справу адразу бярэцца Ярмаш. На сваім пагрузчыку ён імкліва падбівае прывезеную масу уверх траншэі, а потым пачынае яе старанна ўтоптваць коламі трактара. Працуе да таго часу, пакуль не падвязуць чарговую порцыю здробненай кукурузы. У такім рытме “Амкадор”  ва ўмелых руках механізатара рухаецца, пакуль “зялёнка” не ператворыцца ў роўны і цвёрды пласт. Важнасць сваёй работы Уладзімір разумее вельмі добра — ад таго, як ён пастараецца, у канчатковым выніку будзе залежаць, наколькі якасным назапасяць корм на зімоўку грамадскаму статку. А гэты паказчык спецыялістамі гаспадаркі кантралюецца вельмі сур’ёзна. Пры павышанай вільготнасці масы ў яе пастаянна дабаўляюць здробненую салому, каб давесці такі параметр да нормы. Аб гэтым сведчыць і наступная лічба:  для сіласавання ўжо выкарыстана 365 тон саломы, якая, дарэчы, перад тым, як трапіць у траншэю, таксама здрабняецца.

— Лічу, што ў гаспадарцы справы на ўборцы кукурузы складваюцца нядрэнна, — расказвае Уладзімір Ярмаш. — Гружаная масай тэхніка  ідзе з поля да сіласных траншэй з невялікімі перапынкамі. І хаця шмат працы, але яна радуе, бо вяскоўцы будуць мець для жывёлы добры запас корму, а значыць, і прывагі, і надоі.

Уборачная плошча “каралевы палёў” у камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор” сёлета складае амаль тысячу гектараў. Практычна палова  з гэтай колькасці ўжо скошана. Пры ўраджайнасці амаль дзвесце цэнтнераў з аднаго гектара атрымана больш за дзевяць тысяч тон кукурузнай “зялёнкі”. Асноўная яе частка пайшла на закладку ў сіласныя траншэі, больш за тысячу тон паступіла на грамадскія фермы на корм жывёле. Усяго ў гаспадарцы плануюць закласці з кукурузы 18000 тон сіласу. Мяркуючы па штодзённых вытворчых здабытках мясцовых механізатараў, такое заданне выканаць ім па сілах. Напрыклад, з пачатку ўборкі кукурузы кожны дзень у траншэі паступала па чатырыста тон, а ў апошні час гэты паказчык узрос удвая. Асноўныя прычыны гэтаму  павелічэнню кіраўнік сельгаспрадпрыемства Віктар Рако-віч бачыць тры: ўзрасла ўраджайнасць і зменшылася плячо перавозкі масы з поля да месцаў яе закладкі, а яшчэ  плённа працуюць на кукурузных палетках такія механізатары як Дзмітрый Макарэвіч, Вадзім Літвінчук, Андрэй Сініла і іншыя. Кожны з іх упэўнены, што грамадскі статак гаспадаркі зімой будзе мець паўнацэнныя рацыёны, а жывёлаводы — належную аддачу. Таму і прыкладваюць свой прафесіяналізм і старанне, каб планы ператварыць у рэальнасць.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.