Парадавалі трубачы з “Інтрады”

У рамках шостай імпрэзы камернай і духоўнай музыкі ў Жыткавіцкай дзіцячай школе мастацтваў імя Уладзіміра Будніка адбылася творчая сустрэча і майстар-клас кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Мікалая Волкава. “Палескія сустрэчы” — менавіта так называлася прэм’ера канцэртнай праграмы.


Перад прысутнымі з канцэртнай праграмай выступіў ансамбль трубачоў “Інтрада”, кіраўніком якога і з’яўляецца Мікалай Волкаў. А з уступным словам выступіла, вяла праграму і давала глыбокі прафесійны каментарый да кожнага нумара трубачоў доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. “Інтрада”, як патлумачыла В. Дадзіёмава, пераводзіцца ў першую чаргу як уступ. Але, забягаючы наперад, скажам, што парадаваў яе уступ, так і апошнія нумары “Інтрады”, якую нездарма называюць залатымі трубамі Беларусі.


Першым нумарам гурта музыкантаў стаў канцэрт рэмажор, тры часткі Дж. Тарціні ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Максіма Шулепа і канцэртмайстра, дыпламанта міжнародных конкурсаў Кацярыны Ракуць. Пра неверагодныя магчымасці трубы, якая можа перадаць любыя адценкі чалавечага голасу, засведчылі і наступныя музычныя нумары канцэртнай праграмы. А сярод іх “Інтрада” А. Анегера, “Два эскізы” Г. Гарэлавай, “Так казаў стары Бах” В. Войцік у выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Антона Матвеева, магістраў музыкі Дзмітрыя Гарбарука і Максіма Паліёнкі. Надзвычай уражвае майстэрскае, віртуёзнае валоданне трубачамі сваімі музычнымі інструментамі. Нездарма многія кампазітары пішуць менавіта для іх свае новыя кампазіцыі. А ўвогуле ў яго рэпертуары заходнееўрапейскія, рускія і беларускія мелодыі. Як старажытныя, так і сучасныя.


У завяршэнні свайго выступлення гурт “Інтрада” у поўным складзе выканаў “Тры эскізы” У. Каральчука, “Фландрыю” Я. Глебава, “Рускую” з балета “Пятрушка” І. Стравінскага і “Польку” М. Чуркіна. Што і казаць, на вышыні былі як самі трубачы, так і канцэртмайстар, дыпламант міжнародных конкурсаў Кацярына Ракуць.


Пасля творчай сустрэчы і майстар-класа дырэктар Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Варапаева падзякавала ансамбль “Інтрада”, яго кіраўніка Мікалая Волкава і прафесара Вольгу Дадзіёмаву за цікавую, цёплую сустрэчу і папрасіла прыязджаць да нас найчасцей.


С. КУЛАКЕВІЧ.


НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы з “Інтрадай”. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.