«Мой родны горад гонар і любоў»

 Сапраўды, у мінулыя выхадныя раённы цэнтр выглядаў асабліва прыгожа. Вуліцы былі расквечаны сцягамі. На гарадской плошчы хораша аформлена сцэна для асноўнай часткі свята і гала-канцэрта. За сцэнай, дзякуючы намаганням будаўнікоў, адбівае рознымі колерамі ў промнях сонца новы гасцінічны комплекс, нібы хоча засведчыць: хутка, хутка зажыву паўнакроўным жыццём…

 


 


Жыткавічы “Занявесціліся”!


Зранку бойкі рух у гарадскім парку імя Міколы Гамолкі: тут даводзяцца да ладу падворкі сельскіх Саветаў, выставы сельгаспрадукцыі. У клопатах майстры — стваральнікі прыгожага, прадстаўнікі розных промыслаў, на якія багата наша зямелька. На ўвесь горад нясуцца пазыўныя радыёгазеты — у эфіры спецыяльны выпуск “Славім горад, у якім жывём”. Па вуліцы ж Карла Маркса таксама нямала выстаў — шмат зроблена дзецьмі гарадскіх школ і іх настаўнікамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі горада. Ручайкі цікаўных назіраюць за апошнімі прыгатаваннямі і кіруюць на цэнтральную плошчу, дзе ў адзінаццаць гадзін дня распачынаецца ўрачыстае адкрыццё свята.


Хвалюючая хвіліна святочных урачыстасцяў распачалася з шэсця, якое ўзначалілі юныя барабаншчыцы. Следам за імі чатыры юныя палешукі ў нацыянальным беларускім адзенні прынеслі да галоўнай сцэны сцяг “Дажынак-2010”, а побач з імі дзяўчаты, што трымаюць у руках вянкі з каласоў. Дзяўчаты і хлопцы нясуць і дажыначны прыгожы вянок. Тут і Багатуха, багіня жніва і ўрадлівасці. Разам са сваімі сяброўкамі-жнейкамі дэманструюць пахкія хлябы-караваі. У святочнай калоне — ветэраны-хлебаробы, пераможцы “Жніва-2010”, дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў.


Багатуха сустракае ўсіх гасцей і радасна адзначае, што “…зямельку ножачкамі перамерала, і ўбачыла, што зжалі хлебаробы палі нязмерныя і вывезлі зернейка ў засекі. Я дарую дажыначныя караваі тым, хто сёння ў святочным жыткавіцкім доме!”


Кранальна гучыць песня “Хлеб усяму галава”, якую выканаў Дзяржаўны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, а жнейкі ў гэты момант падносяць караваі кіраўнікам раёна і сельгаспрадпрыемстваў…


 


Раённае свята «Дажынкі-2010»


З уручэння караваяў — такога прыемнага моманту і распачалося раённае свята “Дажынкі-2010”. Пачэснае ж права адкрыць яго прадастаўлена старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Мікалаю Какоры, які, у прыватнасці, адзначыў, што на працягу многіх гадоў свята горада і раённыя дажынкі ідуць побач, яны займаюць асаблівае месца ў грамадскім жыцці жыткаўчан (жыткаўчане – тут: жыхары раёна), аб’ядноўваючы людзей усіх пакаленняў цудоўнымі пачуццямі любові і ўдзячнасці да роднага краю. Традыцыйна горад сустракае гэты дзень абноўленым, квітнеючым і зіхацеючым усімі фарбамі восені.


Як адзначыў у сваім прывітанні выступоўца, глыбока сімвалічна сённяшняе ўшанаванне перадавікоў сельскай гаспадаркі, і мы аддаём даніну глыбокай павагі самаахвярнай працы вяскоўцаў на хлебнай ніве. Жніво прайшло ў большасці гаспадарак сёлета на вельмі высокім арганізацыйным узроўні. Ураджайнасць збожжа па раёну склала 28,5 цэнтнера з гектара, намалочана 27,2 тыс. тон зерня, у тым ліку каля 12 тыс. тон пшаніцы, што амаль на 2 тыс. тон болей мінулагодняга паказчыка.


На думку Мікалая Какоры, дасягнутае — вынік напружанай працы перш за ўсё сялян. Але гэта таксама і вынік той пастаяннай падтрымкі і дапамогі, якую аказвае аграрнай галіне наша дзяржава.


Кіраўнік раёна таксама падкрэсліў, што вельмі прыемна з-за таго, што сёлета пасля доўгага перапынку Жыткавіцкі раён прыняў удзел у рэспубліканскіх “Дажынках-2010”, дзе адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўшчына” ўшанавана за другое месца па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод сельгаспрадпрыемстваў.


Далей Мікалай Какора адзначыў: паспяхова працягваюць слаўныя працоўныя традыцыі маладыя людзі, якія працавалі сёлета вадзіцелямі і ў складзе маладзёжных экіпажаў. Усіх пераможцаў ён назваў патрыётамі сваёй зямлі.


Астатняя частка выступлення старшыні райвыканкама звернута жыхарам райцэнтра, які з моманту заснавання святкуе 510-годдзе: за гэты працяглы перыяд горад прайшоў ад панскага мястэчка да сучаснага дынамічна развіваючага гарадскога населенага пункта, сучаснага, адкрытага для дзелавога супрацоўніцтва, набываючага новыя і новыя прыцягальныя для жыцця рысы. Заўважныя змены ўнутры яго адбываюцца, як перакананы М. Какора, дзякуючы сумесным намаганням органаў улады ўсіх узроўняў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўсіх грамадзян. Для гараджан будуецца жыллё, развіваецца гандаль і сетка грамадскага харчавання, як дзяржаўная, так і прыватная. Значная ўвага ў апошні час удзяляецца дзейнасці камунальных службаў, добраўпарадкаванню горада. Інакш, зазначыў М. Какора, проста нельга. У гэтым годзе актыўна вялася праца па добраўпарадкаванню вуліц горада: толькі прадпрыемствам “Жыткавіцкі камунальнік” на гэтыя мэты выдаткавана больш 383 мільёнаў рублёў. Пастаянна вядуцца работы па абуладкаванню кветнікаў і клумб, узнікаюць малыя архітэктурныя формы. Немагчыма ўявіць сённяшнія Жыткавічы без горадаўтваральных прадпрыемстваў — Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, Жыткавіцкага камунальніка, ААТ “Жыткавічлес”, “Сатурн-1”. Толькі за 9 месяцаў бягучага года прадпрыемствамі прамысловасці горада выраблена таварнай прадукцыі больш чым на 53 мільярды рублёў і тавараў народнага спажывання больш чым на 25 мільярдаў рублёў.


Годны ўклад у развіццё горада ўносяць прадстаўнікі розных прафесій, структур, а таксама малы бізнэс. Дасягнутае, — на думку М. Какоры, вынік умелага кіраўніцтва, багатага вопыту гаспадарання, працалюбства, арганізаванасці і майстэрства ўсіх жыткаўчан на сваім рабочым месцы. Нягледзячы на наяўнасць шэрагу вострых праблем, яны вырашацца, калі мы будзем гэтак жа мэтанакіравана працаваць і разам дасягаць пастаўленых мэтаў.


Кіраўнік раёна павіншаваў усіх са святамі, асаблівыя словы падзякі выказаў жанчынам напярэдадні Дня маці.


Урачыстасць працягваецца запрашэннем на сцэну пераможцаў жніва, якія занялі першае месца ў раённым спаборніцтве па ўборцы сёлетняга ўраджаю. Старшыня райвыканкама ўзнагародзіў: дыпломам першай ступені экіпаж камбайнераў у складзе старэйшага камбайнёра Мікалая Лебядзінскага і Віктара Вянгура, вадзіцеля Аляксандра Лоўгача з ААТ “Тураўшчына”. Пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю сярод маладзёжных экіпажаў прызнаны Дзмітрый Макарэвіч і Андрэй Макарэвіч (КСУП “Чырвоны Бор”), а сярод вадзіцеляў лепшым з’яўляецца Ігар Замжыцкі (ААТ “Тураўшчына”). Акрамя высокіх узнагарод, маладыя хлебаробы адзначаны і каштоўнымі падарункамі аддзела па справах моладзі райвыканкама, якія ўручыў начальнік аддзела Дзяніс Гаўрылаў.


Асаблівым дыпломам, які быў уручаны Уладзіміру Радаўцу, як знак удзячнасці за плённую працу ўзнагароджана ААТ “Тураўшчына”.


Прыемныя хвіліны ўшанавання чакалі на сцэне і камбайнераў Мікалая і Пятра Струкаў, вадзіцеля Уладзіміра Пятрычыца з гэтай жа гаспадаркі, а таксама КСУП “Чырвоны Бор” — ім начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Наўныка ўручыў дыпломы другой ступені. А ўзнагароды трэцяй ступені атрымалі: камбайнеры Уладзімір Кірыловіч і Міхаіл Клімовіч, вадзіцель Мікалай Блоцкі з ААТ “Тураўшчына” і сялянская гаспадарка М.Р. Шруба.


Вялікая група маладых хлебаробаў з розных гаспадарак раёна, што перанялі бацькаву навуку і працягваюць традыцыі, адзначана падарункамі, якія ўручылі Аляксандр Наўныка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Дашкевіч. Былі адзначаны на свяце ўраджаю кіраўнікі гарадскіх арганізацый, якія аказвалі шэфскую дапамогу ў вырошчванні і ўборцы ўраджаю. Гэта — Т. Сівалобава, дырэктар Жыткавіцкага філіяла ПУП “Калінкавіцкі малочны камбінат”, В. Атліванаў, дырэктар ААТ “Жыткавічыхімсервіс”, А. Ляшкевіч, дырэктар ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, В. Палуянаў, дырэктар камунальнага даччынага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, У. Валадзько, начальнік філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Калінкавічыводбуд”, К. Комар, дырэктар рэспубліканскага вытворчага хлебапрыёмнага ўнітарнага прадпрыемства “Жыткавіцкая хлебная база”.


Пасля ўрачыстага ўзнагароджання гучаць пажаданні, каб на гэтай зямлі заўсёды расло і каласілася жыта, расла агародніна, поўніліся садавінай сады, бо чалавек нараджаецца на зямлі, каб сеяць, збіраць ураджай і зноўку сеяць. Такая бясконцая філасофія чалавечага жыцця! Яна была ўдала падмацавана святочным выступленнем—кампазіцыяй Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Г. Цітовіча (падрыхтаванай сумесна з самадзейнымі калектывамі раёна) “Беларусь — квітней і прыгажэй”. Шмат апладысментаў выклікаў выхад на сцэну з артыстамі і нашага земляка, вядомага балетмайстра Міколы Котава…


 


У Жыткавічах сёння свята…


Другая частка святочнай урачыстасці, якая прысвячалася юбілею роднага горада, усім яго гасцям і жыхарам, пачалася з сімвалічнага падняцця сцяга горада Жыткавічы — гэтую ганаровую місію выканалі ганаровыя грамадзяне горада Жыткавічы Адам Аліфяровіч і Галіна Давыдзенка. І тут арганізатары падрыхтавалі нямала цікавых для погляду сцэнічных малюнкаў.


Так, на плошчу выехаў цэлы эскорт скутэраў, а ў руках вадзіцеляў — рознакаляровыя сцягі. Ім на змену перад сцэнай прайшоў духавы аркестр дзіцячай музычнай школы, а затым з’явіўся цэлы карагод дзяцей у казачных касцюмах, якія прыйшлі на свята разам са сваімі выхавальнікамі, педагогамі. Прыгожае шэсце дзяцей, сімвалізуючае “Жыткавічы — горад дзяцінства”, працягвалі групы моладзі, маладых сем’яў, спартсменаў, таленавітых жыткаўчан, пераможцаў розных конкурсаў, фестываляў, алімпіяд. Завяршылася святочнае шэсце кампазіцыяй “Жыткавічы — горад дабрыні і сардэчнасці”, якое сведчыла аб тым, што на нашай зямлі ў братэрстве і дружбе жывуць прадстаўнікі розных народаў.


Нямала цёплых слоў у адрас жыткаўчан было сказана і гасцямі свята — Д. Баланіні, намеснікам кіраўніка адміністрацыі горада Тарэлія (Італія), намеснікам кіраўніка адміністрацыі Фацежскага раёна Курскай вобласці Аляксандрам Еўсюковым, генеральным дырэктарам рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсервіс”, благачынным Тураўскай царкоўнай акругі Г. Хаткевічам, старшынёй Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў Віталіем Адзішчавым, намеснікам старшыні Любанскага райвыканкама Аляксандрам Бойка, якія прыехалі на свята з падарункамі. Напрыклад, дэлегацыя з Фацежа падаравала герб свайго горада, які зойме сваё годнае месца ў будучым гісторыка-краязнаўчым музеі. Гэты музей, па словах старшыні райвыканкама, будзе пабудаваны на месцы сённяшняй цэнтральнай бібліятэкі. Гэта было прыемнай навіной для жыткаўчан.


Сярод гасцей свята таксама былі начальнік упраўлення па ўзаемадзеянню з органамі мясцовага самакіравання сакратарыяту Савета Рэспублікі Аляксей Сцепаненка, начальнік абласнога ўпраўлення сацыяльнай абароны насельніцтва Пётр Савіцкі, дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Саскевіч.


Дзень горада — гэта агульнае свята. Яно аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў — і зусім маленькіх, і ўжо дастаткова дарослых, тых, чыімі турботамі, намаганнямі жывуць і харашэюць нашы Жыткавічы і хто ў бліжэйшыя гады будзе вызначаць іх будучыню.


Вельмі прыгожа праходзіла на сцэне цырымонія ўшанавання маладажонаў, сем’яў, якія пражылі разам і справілі сярэбраны і залаты юбілеі сямейнага жыцця. Відавочна, што для Ігуменава Аляксандра і Макарэвіч Інгі, Рыгора Лук’яновіча і Таццяны Ханеня, Сяргея Аліфіраўца і Ліліі Балагуравай, якія злучылі свае сэрцы ў адзін саюз падчас юбілею горада, гэты дзень будзе назаўсёды асаблівы. Сведкамі і гарантамі іх шчасця сталі тысячы жыткаўчан, якія назіралі, як маладажонаў, згодна старажытнай традыцыі, абсыпалі жытам, ставілі на ручнік, як ім імянное дрэва падарыў старшыня райвыканкама. І добрае пры гэтым гучала пажаданне Паляшучкі-вядучай: “Саджаючы дрэвы, людзі думаюць аб будучыні сваіх дзяцей. Добра было б зрабіць гэта традыцыяй — высаджваць імянныя дрэвы маладажонаў у парку, скверах, на вуліцах нашага горада, тады б наш горад пераўтварыўся б у квітнеючы горад-сад…”


На святочнай сцэне ўшанавалі сярэбраных юбіляраў сямейнага жыцця — Валерыя Леанідавіча і Інэсу Аляксандраўну Касьянчык, а таксама сямейныя пары, якія сёлета адзначаюць залатое вяселле — Зайцавых Святлану Сяргееўну і Аляксандра Маркавіча, Друк Ганну Андрэеўну і Міхаіла Іванавіча, Рудэнковых Вольгу Адамаўну і Сяргея Аляксеевіча. Іх павіншавала і ўручыла падарункі старшыня райсавета Ніна Рамановіч. Віталі на сцэне і новага жыткаўчаніна — сын нарадзіўся ў сям’і Кірэйчука Аляксандра Сяргеевіча.


Дыпломамі райвыканкама за праведзеную работу па добраўпарадкаванню адзначаны калектывы: САШ №2, аддзела культуры, аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”,прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыества “Віцязь Палескі”, а званне “Дом узорнага парадку” прысвоена першаму пад’езду дома №4 мікрараёна Азёрны. Былі ўшанаваны і гаспадары Пётр Савіч і Марыя Сяргееўна Клімовічы, уладальнікі лепшай сядзібы райцэнтра, а таксама арганізацыі і прадпрыемствы, якія зрабілі нямала дзеля добраўпарадкавання тэрыторый прадпрыемства і горада.


Завяршылася дзея выдатнай канцэртнай праграмай, якая прыйшлася даспадобы жыткаўчанам і гасцям горада.


 


Не перасохлі нашы крыніцы


 Два святы, як дзве ракі, што зліліся ў адну паўнаводную плынь, не маглі абысціся без песень і танцаў, без вясёлай музыкі і гумару. А яшчэ працавалі ў нашым райцэнтры так званыя пляцоўкі — своеасаблівыя асяродкі культуры, гісторыі, майстэрства нашага краю.


Дзве багатыя выставы прадставілі жыхарам і гасцям горада супрацоўнікі Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. І нават заезджы чалавек, пабываўшы ля гэтых выстаў, мог даведацца, адкуль пайшлі Жыткавічы, гісторыю развіцця горада, пра людзей, якімі ён славіцца. Была падабрана багатая, змястоўная літаратура пад рубрыкай “Жыткавічы – горад чытаючы”. Бібліятэчныя работнікі правялі літаратурна-музычную кампазіцыю “Пра людзей, зямлю і хлеб”, наладзілі віктарыну “Што я ведаю аб горадзе сваім?”


Да цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы падключыліся ў гэтай добрай справе і яе філіялы №59 і 60 — бібліятэкі, што знаходзяцца ў мікрараёнах Азёрны і Жыткавічы-1. Іх агульнымі намаганнямі для цікавых, дапытлівых былі наладжаны выставы дзіцячых часопісаў “Адкрываем багацце часопіснага царства”, у якой пачэснае месца сярод другіх знайшлі нашы беларускія часопісы “Вясёлка”, “Пазашкольнае выхаванне”, “Мастацтва”, “Родная прырода”, “Маладосць”, “Во саду ли, в огороде” — карысныя парады садаводам і агароднікам, а таксама “Книга — тайна, книга — клад, книга — друг для всех ребят”.


А побач з бібліятэчнымі выставамі хораша суседнічалі малюнкі дзяцей, што наведваюць Жыткавіцкую дзіцячую школу мастацтваў імя Уладзіміра Будніка. Звяртаюць на сябе ўвагу малюнкі Яны Флярко, Аліны Зеро, нацюрморт “С сухими листьями», «Девушка» Марыны Кулакевіч. У асобны аддзел вылучаны малюнкі Святланы Бандзюк, Каці Маркевіч, Дар’і Валадзько, Веры Кірэйчук, Анастасіі Купрацэвіч і многіх другіх падлеткаў. Ен так і называецца — “Пра свет і дом, дзе мы жывём”. І калі ўважліва прыглядзецца да кожнага малюнка, то можна ў многіх з іх заўважыць абрысы нашага роднага горада. Вось чыгуначная станцыя, вось каплічка, што ў мікрараёне Азёрны нашага райцэнтра. А гэта значыць, што дзеці не проста малявалі, а прапусцілі ўсе сюжэты і занатоўкі праз свае сэрцы і душы, пасля чаго наш горад, безумоўна, стаў для кожнага з іх радней і бліжэй.


Чым багаты, тым і рады. Яшчэ раз пераконваешся ў справядлівасці гэтага выразу, калі ідзеш уздоўж наступных выстаў, якімі быў багаты ў гэты дзень наш горад-юбіляр. Вось вырабы дзяржаўнай установы адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця”, зробленыя рукамі бацькоў дзяцей, побач плён творчасці дзіцячага садзіка “Вясёлка” прадстаўляюць яго работніцы Алена Друк і Алена Харлан.


А сапраўднай пляцоўкай для дэманстрацыі свайго майстэрства, сваіх вырабаў стаў уваход у парк імя Міколы Гамолкі. Нельга прайсці міма, ахвота спыніцца і палюбавацца плёнам рук, творчай фантазіі нашых землякоў. Вось вышыўка крыжом, бісерам і камбінаваная вышыўка вучаніцы восьмага класа Аляксандры Некрашэвіч з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №3 райцэнтра і яе маці Надзеі Мікалаеўны, што працуе ў КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Шырока прадстаўлены работы педагогаў і іх выхаванцаў з Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1. Вабяць да сябе выстава мастацкіх работ Алы Ачапоўскай – кіраўніка гуртка “Юны мастак” і яе вучняў, выстава вышыванак крыжом Ірыны Радзіеўскай. Аж чатырма стэндамі прадстаўлены вырабы хлопчыкаў і дзяўчынак Жыткавіцкага Дома творчасці. Не пакідаюць раўнадушнымі да сябе мастацкія вырабы Валянціны Арлянковай з аддзела спорту і турызму, самабытнай мастачкі Ларысы Дрынеўскай і многія другія.


І што тут казаць, адной з важнейшых кульмінацый свята сталі агледзіны сялянскіх, вясковых падворкаў, да якіх з такой дбайнасцю, заклапочанасцю і адказнасцю рыхтаваўся кожны сельскі Савет нашага раёна. Тут сапраўды было што паглядзець, чым палюбавацца! Бо любіць беларус і плённа папрацаваць, і смачна паесці, і чарачку на свята выпіць, і паспяваць пад гармонік і баян, і ў скокі пайсці.


Гасцінна, з адкрытай палескай душой сустракаў кожны падворак пачэсных гасцей на чале са старшыней Жыткавіцкага райвыканкама Мікалаем Какорам. А ў ліку іх былі таксама прадстаўнікі Італіі і Германіі. І было бачна, з якой цікавасцю аглядаюць яны прадметы нашага вясковага побыту, слухаюць мілагучную мову, становяцца зацікаўленымі сведкамі нашых танцаў і песень.


Багатая сядзіба Верасніцкага сельсавета, на славу папрацавалі людзі, таму прыемна ўсім палюбавацца шчодрым ураджаем жыта і пшаніцы, буракоў і морквы, гарбуз і кукурузы. Гасцінна запрашае на свой падворак Вольга Іванаўна Мажака — весялуха, казачніца, чалавек, які, як кажуць, за словам у кішэню не палезе. Колькі звычаяў ведае, колькі мясцовых жартаў-прыгаворак! Можна адразу ўключаць дыктафон. З захапленнем расказвае пра вяселле, якое ў іх вёсцы праводзіцца ў пяць прыемаў. І кожны з іх па-свойму цікавы.


Што ні сядзіба, што ні новы падворак, то свой сцэнарый, свая праграма, свой у нечым адметны ўклад жыцця. Хата Мілевіцкага сельсавета — адна з самых, вобразна кажучы, салодкіх, так і называецца — “У гасцях у мёдаміра”. Адмысловыя палешукі нават на дрэва вулле зацягнулі. І не падобна нават гэта на гаспадара-лайдака, які сустрэў гасцей лежачы на ўслоне. Але добрага перцу дала гэтаму часоваму трутню вострая на язык гаспадыня, хочацца верыць, што пасля такога прачуханца ён хутка выправіцца.


“Наша хата дарамі восені багата” — так называецца сядзіба Марохараўскага сельсавета, яе насельнікі часова пераўвасобіліся ў артыстаў, прадстаўляюць той ці іншы від агародніны і ў вершаванай форме на ўсе лады расхвальваюць свае годнасці. Тут табе і вясковы калодзеж, і конь, і рушнікі з дыванамі. Гасцей запрашаюць да багатага стала, гучаць жарты, грае ммузыка і так нязвычна, а таму і цікава бачыць, як у бубен па-майстэрску б’е менавіта жанчына…


Арыгінальна прадстаўлены падворак Рычоўскага сельсавета з багатымі дарункамі поля, з разнастайным сялянскім начыннем, з мужыком, што адбівае касу-літоўку. Кожны сельскі Савет паказаў сваю самабытнасць, свой твар, сваё “я” у самым добрым сэнсе гэтай літары. Ну як, скажыце, можна ўявіць Перароўскі сельсавет з яго Прыпяццю, маляўнічымі прыроднымі мясцінамі без рыбалкі і паляўніцтва? Сядзіба так і называлася — “Паляўнічы прывал”. Жадаючым тут можна было пастраляць з лука ў дзікіх птушак, павудзіць рыбку, палюбавацца на гусейі курэй, пачухаць нават дзікую свінку Дашку…


А як жа яшчэ як не “Рыбачок” можа называцца падворак Юркевіцкага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзіцца рыбгас і возера Белае. І ніяк нельга адпусціць гасцей, не пачаставаўшы смачнай юшкай…


І ўсё было шчыра, ад душы, без прэтэнзій на нейкія там прызавыя перамогі. Хаця ў рэшце рэшт месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — у Ленінскага сельсавета, другое — у Марохараўскага, а трэцяе раздзялілі Руднянскі і Мілевіцкі сельсаветы.


У праграме святочнага дня прынялі ўдзел усе самадзейныя калектывы, што носяць званне народных, а таксама прадстаўнікі Жыткавіцкага дзіцячага Дома творчасці, школ, дзіцячых садкоў, гарадскіх цэнтра і Дома культуры.


 


І над горадам віруе свята


…Да двух гадзін дня святочныя мерапрыемствы толькі дасягнулі свайго эпагея, ахапіўшы ўвесь цэнтр горада. Тым больш што некаторыя відовішчы былі ўпершыню прадстаўлены жыхарам і гасцям раённага цэнтра. Таму шматлікія гледачы, якія прыйшлі на цэнтральны стадыён, быццам зачараваныя глядзелі ў бездань блакітных нябёсаў.


Самалёт АН-2, за штурвалам якога сядзеў кіраўнік старэйшага ў краіне Бабруйскага аэраклуба, заснаванага яшчэ ў 1936 годзе, Аляксандр Кудрыцкі, зрабіўшы некалькі кругоў над горадам, “выкінуў” невялікі дэсант спартсменаў-парашутыстаў, якім было неабходна прадэманстраваць ўвесь свой прафесіяналізм не толькі ў лунанні, але ж і ў дакладнасці пасадкі.


Чатыры самыя лепшыя спартсмены аэраклуба парашутаваліся з амаль кіламетровай вышыні з элементамі дзяржаўнай сімволікі, і нават, нягледзячы на даволі моцны бакавы вецер, справіліся з пастаўленай задачай паспяхова.


Аднак на гэтым спартыўныя падзеі, прысвечаныя 510-й гадавіне горада, не скончыліся. Аматары футбола, валейбола, баскетбола, веласпорту, легкай атлетыкі і іншых спаборніцтваў змаглі атрымаць асалоду ад гэтых падзей.


Але ж, бясспрэчна, найбольш відовішчным быў футбол.


Вызначыць пераможцу першынства раёна было не так і проста. Каманды Чырвоненскага сельскага Савета і МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” “Газавік” змаглі па-сапраўднаму “нацягнуць” нервы балельшчыкаў, як струны. І гэта працягвалася не толькі падчас асноўнага часу гульні. На працягу дзевяноста хвілін атакі “Газавіка” пераходзілі ў контратакі чырвоненцаў. Таму, паказаўшы роўную гульню, футбалістам прыйшлося працягваць спаборніцтвы ўжо дадатковыя трыццаць хвілін.


Першымі прарвалі абарону праціўніка “Газавікі”, аднак і гэты, першы за гульню гол, не дазволіў выявіць пераможцу. Практычна на апошніх хвілінах матча, выкарыстоўваючы апошнюю спробу, чырвоненцы зраўнялі лік — 1:1.


Таму і вызначыць пераможцу павінны былі пасляматчавыя пенальці. Як вядома любому балельшчыку, гэта латарэя, і цяпер фартуна ўсміхнулася камандзе Чырвоненскага сельскага Савета. З лікам 5:4 вызначыўся новы пераможца першынства раёна.


У гэты ж час у гарадской гімназіі разгортваліся не менш цікавыя падзеі. Менавіта да дня горада было прысвечана адкрыццё мотагуртка ў рамках рэалізацыі праектнай ініцыятывы ПРААН “Развіццё асобы праз тэхнічную творчасць”, якая была разгорнута дзякуючы дапамозе праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “ Мінімізацыя вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.


Менавіта гэтай падзеі з нецярпеннем чакалі юнакі. Першыя сорак пяць навучэнцаў у бліжэйшы час пачнуць заняткі, але ж ад жадаючых трапіць у гурток не было адбою.


— Гэтая праектная ініцыятыва была даволі няпростай і нязвычнай, — падкрэсліў у сваім выступленні начальнік аддзела па справах моладзі Д. Гаўрылаў. — Аднак дзякуючы падтрымцы органаў улады, аддзела адукацыі, кіраўніцтва і педагогаў гімназіі і фінансаванні ЕС/ПРААН, гэтую справу ўдалося паспяхова рэалізаваць. Моладзь, якая цікавіцца тэхнічнымі відамі творчасці, цяпер зможа не толькі рэалізаваць свой патэнцыял, але і дасягнуць шмат іншых здабыткаў у сацыяльнай сферы. Выхаванцы мотагуртка пад кіраўніцтвам спецыялістаў будуць займацца ў абсталяваным памяшканні і на мотапляцоўцы, тым самым гэта дазволіць ім пазбегнуць негатыўнага ўздзеяння вуліцы. Акрамя гэтага, юнакі атрымаюць не толькі кваліфікаваныя веды, але ж пасля вучобы змогуць здаць экзамен на атрыманне вадзіцельскага пасведчання катэгорыі А. Пажадаў поспехаў у занятках і кіраўнік праекта ЕС/ПРААН Андрэй Панігін. — Адкрыццё мотагуртка, гэта сапраўды значная падзея для моладзі нашага палескага рэгіёна, — адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора. — Вельмі прыемна, што такі падарунак, прымеркаваны да 510-годдзя Жыткавіч, да спадобы моладзі. Цяпер галоўнае — знайсці творчы падыход да гэтай справы. Тым больш што такіх гурткоў у вобласці адзінкі.


Да гэтых пажаданняў далучыўся і вядомы ўсім нам кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення мотаклуба “Начныя ваўкі” Павел Канін.


Затым урачыста была перарэзана чырвоная стужка, што і адзначыла адкрыццё мотагуртка.


Не засталося гэтае мерапрыемства і без стрытрэсера. Добры прыклад фігурнай язды даў Уладзімір Пятроў, які не адзін год займаўся ў аналагічным мотагуртку. Таму і наша моладзь упэўнілася, што праз год-другі яны таксама змогуць паказаць не менш захапляльнае відовішча.


Напрыканцы гэтага мерапрыемства і старшыня райвыканкама Мікалай Какора змог паспрабаваць сябе ў якасці байкера, зрабіўшы круг па мотапляцоўцы на адной з апошніх мадэляў Мінскага мотавелазавода.


Не забыліся ўдзельнікі адкрыцця мотагуртка і наведаць вучэбны класс.


Не менш цікава праходзілі мерапрыемтвы і на гарадской плошчы. Музычна-забаўляльная праграма “Танцуйце, Жыткавічы!”, якая супадала з выступленнем самадзейных артыстаў, праходзіла на цэнтральнай гарадской сцэне.


Разам з гэтым шматлікія гледачы з нецярпеннем чакалі і яшчэ аднаго відовішча. “Бег на шпільках”, удзел у якім павінны былі прыняць жанчыны і дзяўчыны, таксама быў захапляльным. Па умовах конкурсу ўдзельніцы павінны былі як мага хутчэй прабегчы амаль стометровую дыстанцыю на шпільках не ніжэй сямі сантыметраў. Таму азартная гонка, ініцыятарам якой выступіў аддзел культуры пры фінансавай падтрымцы аддзела эканомікі райвыканкама, удалася на славу.


Бясспрэчнай пераможцай у бегу стала Антаніна Сінгаеўская. Яна і атрымала галоўны прыз спаборніцтва — лічбавы фотаапарат. І гэта не выпадкова. Антаніна не раз станавілася пераможцай сярод дзяўчат у легкаатлетычных спаборніцтвах.


Далей наступіў самы хвалюючы момант ўзнагароджання пераможцаў розных конкурсаў, якія праводзіліся з нагоды свята.


У конкурсе кветкавых кампазіцый найбольшую фантазію праявілі прадстаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Жыткавіцкі дзіцячы Дом творчасці”. Сярод скульптур з бульбы пераможцам стала ДПТВ–182. Асобна была ацэнена арыгінальная скульптура, прадстаўленая КСУП “Марохараўскі”.


Не менш захапляльна праходзіў конкурс “Міс краса, доўгая каса”, таму і адзнакі ўдзельнікам конкурсу былі дадзены самыя высокія. Першае месца дасталося КУП “Жыткавіцкае РКБА”, на другой пазіцыі апынулася Жыткавіцкае Райпа, сярод індывідуальных прадпрымальнікаў пераможцай стала Алена Купрацэвіч.


“Ізюмінкай” жа афіцыйнай часткі святкавання Дня горада стаў праезд юбілейнага каравая, які ўвабраў у сябе ўсе пажаданні жыхароў і гасцей свята, сярод якіх быў і далейшы росквіт нашага палескага куточка, развіццё рэгіёна і дабрабыт працавітых палешукоў.


Але ж і на гэтым свята не прыпынілася. Выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў арт-групы “Беларусы” і цыганскага ансамбля “Аллюр” прыйшліся даспадобы гледачам. Добрым дапаўненнем да ўсяго гэтага стаў феерверк, які расквеціў вячэрняе неба над Жыткавічамі ў рознакаляровыя пырскі агеньчыкаў.


І нават да поўначы працягвалася свята, напаўняючы наш яшчэ даволі малады горад з пяцісотдзесяцігадовай гісторыяй новым жыццём.


 


Говорят гости праздника


Дуилио  БОЛОНИНИ, заместитель руководителя администрации города Торрельи (Итальянская Республика):


— Приветствовать житковчан на празднике города является для меня огромной честью. Передаю вам приветствия от имени администрации, а также жителей города Торрельи. Ваш город всегда в наших сердцах. Вот уже более 10-ти лет я и мои друзья ежегодно посещаем Житковичи. Сюда нас приводит чувство дружбы и безграничной любви к детям, с которыми мы познакомились, приглашая их на оздоровительные каникулы в Италию из школы-интерната (в прошлом, и из детского дома семейного типа (в настоящее время), а также из многих житковичских семей.


Благодаря этим детям мы ближе узнали ваш город, смогли познакомиться и подружиться с администрацией райисполкома, директором приюта для детей-сирот, а также со многими жителями вашего чудесного города.


Для меня очень важно, чтобы эта дружба продолжалась и укреплялась, невзирая на 2200 км, которые нас разделяют. Только общими усилиями мы сможем сделать многое для того, чтобы улучшить условия жизни и обеспечить достойное будущее детям, которым меньше, чем другим повезло в жизни. Только совместными усилиями можем добиться желаемых результатов.


Чувство дружбы заставляет меня уже в который раз возвращаться к вам. Я всегда делаю с большой радостью, и всегда увожу в своем сердце самые теплые воспоминания о тех людях с которыми мне доводится встречаться и работать на благо детей — будущего планеты.


Пожимая руку вашему председателю с чувством самой искренней дружбы, я пожимаю ее каждому из вас и желаю вам и вашим семьям всего самого наилучшего, крепкого здоровья, успехов, достижений и человеческого счастья…


П.Н. САВИЦКИЙ, начальник областного управления социальной защиты населения:


— Приехал в Житковичи с прекрасным настроением. Очень рад побыть в очередной раз на празднике города, увидеть веселые, улыбающиеся лица, и приятно, что город развивается, с каждым годом хорошеет. Я, как бывший председатель районного исполнительного комитета, хочу от души всех жителей города и района поздравить с этим праздником — Днём города и, конечно же, сельчан с “Дожинками”. Они внесли свою лепту в хлебный каравай Гомельщины, это очень отрадно. Я всегда слежу за развитием района, рад, что он динамично идет вперед.


 


Александр Николаевич ЕВСЮКОВ, заместитель главы администрации Фатежского района Курской области (курирует вопросы сельского хозяйства):


— Мы принимаем участие в празднике с таким же настроением, как и у вас — праздничным. Очень приятно, что вы не только хорошо работаете, но и хорошо умеете отдыхать, веселитесь. Приятно и то, что изменения есть в самом городе-юбиляре. Все улучшается, он краше становится. Наша делегация посещала Житковичи, когда завершалась зима, а вот сегодня вы привели все в соответствие, кругом порядок, все очень нарядно и красочно. В общем, нам приятно находиться здесь, среди вас.


Можно с полной уверенностью сказать, что визит этот не последний. Раньше мы жили в одном государстве, сегодня — в разных. Но мы едины духом и волей, и будем дружить, ведь мы братья. И этот братский дух у нас не искоренить никому.


Праздник ваш очень понравился. Он чем-то схож с нашими, так как у нас одно прошлое. Мы с председателем райисполкома Н.М. Какорой обменивались мнением, что следует наладить обмен делегациями по направлениям деятельности. Запланирована у нас была поездка педагогов, но не состоялась, а у учителей вашего района есть чему поучиться, посмотреть. Будут у нас взаимообмены коллективами художественной самодеятельности. Начинает уже ваша торговля у нас присутствовать на различных мероприятиях, и мы хотели бы, чтобы продукции было больше представлено, ведь она всегда пользовалась и будет пользоваться спросом на нашем рынке. Будем дружить!


Материал подготовили:


У. ГАЎРЫЛОВІЧ,


А. УЛАДЗІМІРАЎ, 


У. МІКАЛАЕЎ,


С. ВЕЧАРОВЫ,  


У. ПРЫАЗЕРНЫ.


Фото с праздника вы можете посмотреть на нашем сайте в разделе левой колонки «фоторепортаж», альбом “Мой родны горад – гонар і любоў”.


 


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.