Які двор, такі і гаспадар
Каб даведацца пра чалавека, дастаткова кінуць вока на яго жытло. Дбайнасць гэтай семянчанскай сям’і бачна ўжо з вуліцы. Шмат кветак у палісадніку, драўлянае карункавае аздабленне хаты і фарбаваны яркімі колерамі плот сведчаць: жывуць тут людзі неабыякавыя.
Акунцы — Надзея Тарасаўна і Аляксандр Пятровіч — пенсіянеры. Маюць вялікі працоўны стаж. Жанчына 35 гадоў аддала сельскай гаспадарцы, яе муж больш за чатыры дзясяткі шафёрыў. Хутка пара адзначыць паўстагоддзя сумеснага жыцця. Іхні дом амаль равеснік сямейнага саюзу. Тут параслі дзеці – сын і дзве дачкі, ва ўтульную сядзібу любяць наведвацца ўнукі.
— Як ажаніліся, адразу будавацца пачалі, — успамінае Надзея Тарасаўна. — Гаспадарку вялікую трымалі, сеялі багата, але і прыгажосць наводзіць не забываліся. Муж у мяне — майстар, усё парабіў сваімі рукамі, а мне больш падабаецца займацца палісаднікам.
Яе астры і вяргіні ведае не адно пакаленне семянчанцаў. Колькі дзяцей прыходзіла да жанчыны па букеты на школьныя лінейкі: ніколі нікому не шкадавала. Няхай будзе людзям радасць. Рупліўцам на вёсцы слыве і Аляксандр Пятровіч — некалі з металалому ён сабраў трактар, які да гэтага часу спраўна бегае. А два гады таму мужчына “вырасціў” пад вокнамі з пластыкавых бутэлек вось такія вечназялёныя пальмы. І двор упрыгожыў, і экалогіі дапамог, збіраючы па наваколлях выкінутую тару.
Адчуваецца, што пра сваю сядзібу гаспадары клапоцяцца з любоўю ды стараннем і атрымліваюць ад гэтага сапраўднае задавальненне. І, напэўна, служаць прыкладам іншым аднавяскоўцам.
— Яны з тых людзей, што не трэба прымушаць да навядзення парадку, — кажа старшыня Чырвоненскага сельскага Савета Зоя Купрацэвіч, якая і параіла наведаць Акунцоў. — Сапраўдныя гаспадары. Радуе, што такія адказныя жыхары ў нас ёсць у кожным населеным пункце, і з ліку моладзі, і сярод сталых людзей і пенсіянераў.
Разам з тым, у пытаннях добраўпарадкавання ў сельвыканкаме хапае і праблемных аспектаў. Пакуль яшчэ далёка не ўсе жыхары ўсвядомілі, што належнае ўтрыманне сядзібы ці пад’езда павінна быць нормай жыцця. Да такіх прыходзіцца прымяняць розныя меры ўздзеяння.
Так, падчас цяперашняга месячніка, што доўжыцца ў кастрычніку, па словах старшыні, толькі ў дзвюх вёсках — Сяменчы і Відошыне — выдалі больш за 80 прадпісанняў аб ухіленні выяўленых недахопаў. Сумеснымі намаганнямі тут прыбралі могілкі ды іншыя грамадскія месцы. Зоя Міхайлаўна ўдзячна за разуменне і дапамогу работнікам устаноў культуры, аховы здароўя, гандлю і школам. У ліку партнёраў кіраўнік мясцовай ўлады называе таксама КСУП “Чырвоны Бор” і Ляхавіцкае лясніцтва.
За два тыдні, што застаюцца да лістапада, сельвыканкам будзе адпрацоўваць пяць астатніх населеных пунктаў: работы наперадзе шмат, а перадзімовы час прыспешвае.
Святлана Шакалян