Чарговы поспех Гіравікоў
Паспяхова завяршылі свае выступленні на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па гіравому спорту ў горадзе Асіповічы жыткавіцкія спартсмены. Менавіта яны склалі добрую палову каманды Гомельскай вобласці, якая заняла ў зацятым змаганні першае месца.
Слесар Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода Аляксандр Цырыбка заняў першае месца ў вагавой катэгорыі да 75 кілаграмаў. На вышэйшую прыступку ў вагавой катэгорыі да 70 кілаграмаў падняўся таксама малады настаўнік Канстанцін Юзюк. Другія месцы ў вагавых катэгорыях да 65 і 60 кілаграмаў занялі адпаведна навучэнцы Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1 Аляксандр Івашкевіч і Дзмітрый Карпаў. Дарэчы, Дзмітрыю не хапіла ўсяго пару ачкоў да запаветнага рубяжа — здачы на майстра спорту. Толькі ў здольнага юнака ўсё яшчэ наперадзе. У дасягнутым чарговым поспеху нашых гіравікоў немалая заслуга вопытнага трэнера Сяргея Юзюка, усяго выкладчыцкага калектыву Жыткавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” на чале з дырэктарам Леанідам Макарэвічам.