Паважай сваё, каб іншыя паважалі
Самабытнае беларускае свята зладзілі на сцэне гарадскога цэнтра культуры ўдзельнікі раённага этапа абласнога конкурсу дзіцячых фальклорных калектываў “Шануем спадчыну сваю”. Беларусь мае ўласную гісторыю і непаўторную культуру, якая жыве і сілкуе народ, бо закладзена ў яго генетычным кодзе.
Усё, што напрацавана нашымі продкамі, не павінны забываць сучаснікі. Традыцыі свайго краю трэба ведаць і папулярызаваць, абуджаючы ў людзей нацыянальны гонар і пачуццё патрыятызму. Ніхто не будзе спрачацца, наколькі важна рабіць гэта з самага маленства, са школьных гадоў.
Колькі выдатных нумароў паказалі за дзве гадзіны ўдзельнікі конкурсу. Спявалі і танчылі, радавалі інструментальнымі творамі, забаўляліся нацыянальнымі гульнямі і паказвалі шэраг старажытных абрадаў. Хлопцы і дзяўчаты не саромеючыся і карагод вадзілі, і комін жанілі, а яшчэ хадзілі ў сваты, багач спраўлялі, дажынкі і ўваходзіны. Гэтыя святы яшчэ помняць іхнія бацькі, якія бачылі, як замаўлялі на добры ўраджай і шчаслівую долю прашчуры. А сёння традыцыю падхапілі нашчадкі. Як прыемна было чуць з дзіцячых вуснаў прыгожую родную мову, дасціпны жарт ці спрадвечную “Купалінку”. Надавалі выступленням каларыт нацыянальныя ўбранні і прылады, сцэнічныя інтэр’еры беларускай хаткі ці стылізаванае жытнёвае поле. Шкада, што гледачамі дзейства былі толькі ягоныя ўдзельнікі – гэта было варта вялікай аўдыторыі.
Конкурс “Шануем спадчыну сваю” арганізуе раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Ладзіцца ён раз у два гады і мае на мэце захаванне рэгіянальных і мясцовых традыцый мастацкай культуры, яе пераемнасці, далучэнне вучняў да фальклору. Сёлета на ўдзел ў творчым спаборніцтве ўстановы адукацыі падалі 14 заявак. У чатырох з шасці прапанаваных намінацый выступіла звыш паўсотні вучняў. Пасля конкурснага прагляду журы, якое прадстаўлялі работнікі адукацыі і культуры, падсумавала вынікі. Найвышэйшую адзнаку атрымалі артысты з Хлупінскага дзіцячага сада-базавай школы, якія выступілі з каляндарна-земляробчым святам “Дажынкі”. Першага месца таксама ўдастоены сольныя выканаўцы – Марыя Багай, вучаніца Запясоцкага дзіцячага сада-базавай школы і Андрэй Дарошка з Тураўскай сярэдняй школы №2.
Гэтыя пераможцы раённага этапа са сваёй праграмай другога снежня адправяцца на занальны тур конкурсу, а потым, будзем спадзявацца, Жыткавічы выйдуць і на вобласць.
Святлана Шакалян
Фота аўтара