Наперадзе – новыя рэйсы

Сярод аўтатранспартных прадпрыемстваў Жыткаўшчыны, бадай, аднымі з першых досвітак новага дня сустракаюць вадзіцелі адасобленага структурнага падраздзялення “Кааптранс” Жыткавіцкага райпа. Дастаткова адзначыць, што ў палове пятай гадзіны раніцы пад загрузку ўжо зарульваюць хлебныя аўтафургоны, а ў пяць гадзін у рэйсы адпраўляюцца камандзіровачныя.


— У нашым калектыве працуе 107 чалавек, у тым ліку 76 вадзіцеляў і 10 трактарыстаў, — расказвае дырэктар “Кааптранса” Іван Вянгура. — А надзейныя тылы стараюцца забяспечыць зваршчыкі і токары, слесары і электрыкі, іншыя катэгорыі работнікаў.


Калі коратка ахарактарызаваць галоўны накірунак дзейнасці аўтабазы райпа, то гэта дастаўка разнастайных тавараў з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі на мясцовую гандлёвую базу, а адтуль — па ўсіх крамах раёна. У дождж і снег, слоту і спякоту. Зімой і летам, удзень і ўначы. Разбіся ў блін, а прывязі. Ніякія спасылкі і ні на што не прымаюцца. У кожнай вёсцы, самай аддаленай ад райцэнтра, самай што ні на ёсць неперспектыўнай своечасова павінен быць хлеб і ўсё астатняе да яго. Плюс тавары прамысловай групы. Згодна загадзя распрацаванага і зацверджанага графіка вёскі, у якіх адсутнічаюць гандлёвыя кропкі, рэгулярна наведваюць аўталаўкі. Мясцовыя насельнікі могуць набыць усё неабходнае для сябе ў гэтых своеасаблівых магазінах на колах, да таго ж зрабіць патрэбныя заказы да наступнага прывозу. Няпісаным законам для кааператараў быў і застаецца просты і зразумелы лозунг: “Вяскоўцам — паўсядзённыя клопат і ўвага”.


Ашчаднае выкарыстанне аўтамабіляў і трактароў, граматная, гаспадарлівая эксплуатацыя іх — адно са зразумелых патрабаванняў кіраўніцтва, бо амартызацыйны знос асобных адзінак тэхнікі дасягае 85 працэнтаў. Вядуць зварачныя работы, фарбуюць, падаўжаюць тэрміны разумнай эксплуатацыі тэхнікі ўласнымі рукамі. Тут за доўгія гады работы вырасла нямала адмысловых спецыялістаў, майстроў сваёй справы. Узяць, напрыклад, слесара Мікалая Некрашэвіча. Беспамылкова паставіць “дыягназ” той ці іншай “хваробе”, выправіць няспраўнасць і дасць чарговую пуцёўку ў жыццё аўтамабілю.


А зараз, шчодраю пасляўборачнаю парою, нагрузкі на аўтатранспарт значна ўзраслі. Акрамя таго, што тавары трэба завозіць на базу з Мінска, Гомеля, Віцебска, Магілёва, Гродна, ні ў якім разе нельга ігнараваць багатыя восеньскія кірмашы, што даюць неблагую грашовую выручку. У сярэднім за тыдзень да дзевяці машын вывозяць нашу прадукцыю — агародніну, садавіну, свежыя грыбы — на продаж у Гомель і Мінск.


Як вядома, адным з накірункаў зніжэння расходаў на паліва застаецца пераабсталяванне аўтамабіляў для работы на газаматорным паліве. Менавіта з гэтай мэтай на газ пераведзена 32 аўтамабілі. Не сакрэт, што паралельна з гэтым станоўча вырашаюцца і немалыя экалагічныя пытанні. Дбаюць і пра набыццё новай тэхнікі. Нядаўна атрымалі ГАЗ-3309, які будзе абслугоўваць аддаленыя гандлёвыя кропкі Ленінскага сельсавета. Аўтамабільны парк “Кааптранса” ў недалёкай перспектыве павінны папоўніць і тры новыя “ІЖ-2717” на базе “Жыгулёў”.


Такім чынам кіраўніцтва мясцовай аўтабазы пад пастаянным прыцэлам і кантролем трымае пытанні, накіраваныя на болей эфектыўнае выкарыстанне аўтатранспартных сродкаў шляхам дакладнай арганізацыі падрыхтоўкі грузаў для адпраўкі, удакладнення маршрутных схем і графікаў дастаўкі тавараў, ліквідацыі звышнарматыўных прастояў пад пагрузачна-разгрузачнымі аперацыямі, скарачэння парожніх прабегаў, абнаўлення парка. А яшчэ тут аказваюць паслугі ўсім жадаючым па ворыве, культывацыі, баранаванні, акучванні, пасадцы, колцы, касьбе траў, перавозцы розных грузаў.


І поспех прыходзіць да таго, хто да яго імкнецца і стараецца для гэтага зрабіць усё магчымае. Да гонару мясцовых аўтатранспартнікаў варта зазначыць, што па выніках працоўнага саперніцтва за 2009 год калектыў заняў першае месца сярод аналагічных падраздзяленняў Гомельшчыны. За 9 месяцаў 2010 года агульны прабег склаў 1578 тысяч кіламетраў, было перавезена 23,1 тысячы тон грузаў. Аб’ём валавых даходаў да мінулага года склаў 107,7 працэнта.


Бясспрэчна, гэтыя поспехі не прыйшлі самі па сабе, за імі — напружаная праца ўсяго калектыву. Сярод тых, хто крочыць у авангардзе працоўнага саперніцтва, Іван Мікалаевіч Вянгура называе вадзіцеляў Валерыя Бандзюка, Генадзя Казачка, Валерыя Скаргоўскага, Васіля Пашэвіча, Аляксандра Макуха, механізатараў Міхаіла Чэркаса, Міхаіла Масціча. Іх нязменны дэвіз: даставіць груз своечасова, утрымліваць даручаны ім транспарт у тэхнічна спраўным стане, не парушаць дысцыпліну. Сваё прафесійнае свята годна сустракаюць і тыя вадзіцелі, стаж работы якіх перавысіў 25 і 30 гадоў. Яны змянілі не адну машыну, але толькі не месца работы. За гэта і паважаюць іх у калектыве.


С. ВЕЧАРОВЫ.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.