Бялёўскі каравай
Шчодра аддзячыла сёлета хлебная ніва працаўнікам КСУПа “Бялёў” за іх старанні. Мясцовыя земляробы ў чарговы раз даказалі, што яны сапраўдныя гаспадары на сваёй зямлі.
Збожжавы клін у гаспадарцы ў гэтым годзе займаў 880 гектараў. Яго значна пашырылі, у параўнанні з папярэднім больш як на трыста гектараў. Гэта вынік старання такіх механізатараў як Леанід Папок, Віктар Яскавец, Анатоль Чмыхун, Аляксандр Брынявец, Віталь Чмыхун, Мікалай Чэркас, Васіль Макарэвіч. Яны дбайна восенню і вясной аралі, сеялі, даглядалі пасевы азімых і яравых каласавых культур. Нягледзячы на мноства цяжкасцей, плён працы ў іх атрымаўся даволі нядрэнным. Буйным і важкім коласам парадаваў збожжавы грамадскі палетак. Убіраць яго для камбайнераў было адно задавальненне. Хаця, па праўдзе кажучы, жніво для бялёўскіх хлебаробаў выдалася вельмі гарачым у прамым і пераносным сэнсе. Асабліва адчувалася гэта на старце кампаніі. Камбайнавы парк сельгаспрадпрыемства малалікі, усяго тры машыны. Яны даўно не новыя, а нагрузка на кожную амаль па трыста гектараў складала. Але самае крыўднае, што агрэгаты, нягледзячы на старанні механізатараў, не хацелі ўключацца ў работу. Паломкі тэхнікі на пачатковым этапе жніва здараліся адна за адной. Цяпер гэтыя і іншыя неспадзяванасці, што ўзнікалі падчас жніва, успамінаюцца, як страшны сон, хаця і з аптымістычным завяршэннем. Тады ж патрабавалася, як кажуць, перабудоўвацца на маршы. Да гонару спецыялістаў і камбайнераў з гэтай бядой тут справіліся і работа пайшла. Працаўнікі прыкладвалі ўсе свае спрактыкаванасць і майстэрства, не лічыліся з часам, каб нагнаць упушчаныя тэрміны. І ў “гонцы” за хлебам сапраўдную адданасць хлебаробскай справе ў чарговы раз прадэманстраваў камбайнер Аляксандр Гаўрылаў, які і задаваў тон на жніве калегам.
У гэтага механізатара быў яшчэ адзін важкі стымул паказваць узор працавітасці на збожжавым палетку. Летась яму не хапіла некалькіх тон намалочанага зерня, каб уліцца ў ганаровую кагорту камбайнераў-тысячнікаў раёна, і на гэтым жніве Аляксандр сур’ёзна нацэліўся выправіць становішча. Акрамя таго, ён бы стаў першым камбайнерам у гаспадарцы, каму скарыўся такі рубеж. Тым больш што для дасягнення запаветнай мэты меліся ўсе прадпасылкі: сонечныя без адзінай хмаркі дні, добры ўраджай, вялікая плошча каласавых. Толькі працуй самааддана, што і рабіў падчас уборкі хлебароб. І варта сказаць, Гаўрылаў дамогся свайго. Гэта засведчана і ў рашэнні райвыканкама, у якім падведзены вынікі жніва-2016. Камбайнер КСУПа “Бялёў” Аляксандр Гаўрылаў (на здымку) заняў у раённым працоўным саперніцтве на ўборцы каласавых трэцяе месца. Яго намалот склаў 1300 тон на ўмоўны камбайн. Менавіта старанне на хлебнай ніве вось такіх механізатараў дазволіла і гаспадарцы забяспечыць станоўчы вынік. Пры ўраджайнасці 31,5 цэнтнера з гектара аграрыі КСУПа “Бялёў” дабіліся валавага намалоту 2771,6 тоны. Летась апошні паказчык склаў толькі 1943 тоны. Важкая прыбаўка па збору зерня каласавых дазволіла гаспадарцы заняць другое месца ў раёне. Падагульняючы каафіцыент вынікаў работы сёлета склаў 1,412. Канечне, нельга адмаўляць у гэтым і адчувальную дапамогу механізатараў суседніх сельгаспрадпрыемстваў, якія сваёй тэхнікай вялі абмалот збажыны на бялёўскіх палетках.
У гэтыя восеньскія дні земляробы КСУПа “Бялёў” заклалі трывалы падмурак будучага ўраджаю. У сельгаспрадпрыемстве пасеяны азімыя зерневыя культуры больш як на тысячы гектарах. Гэтаму нездарма надаецца важнае значэнне, бо менавіта азімыя сваёй ураджайнасцю і фарміруюць у большасці вагу агульнагаспадарчага каравая. Адным словам, робіцца ўсё, каб наступным летам у КСУПе “Бялёў” зноў быў вялікі хлеб. У гэтым і ёсць сакрэт хлебаробскай справы.