Зямлю бацькоў славіць
Яркай зоркай на культурным небасхіле Жыткаўшчыны заззяў народны клуб аматараў музыкі і песні “Вечарніца” пры раённым цэнтры фальклору. Яго самадзейныя артысты не аднойчы радавалі жыхароў нашага і іншых рэгіёнаў сваім творчым і спеўным талентам, мілагучнымі і звонкімі галасамі. Сабрала ж іх у адзіную палітру выдатны знаўца народнай творчасці, яе прапагандыст Ганна Лой.
Менавіта ў 2012 годзе яна звярнулася да такіх жа ўлюбёных у беларускую песню землякоў. На гэты заклік у хуткім часе адгукнуліся аднадумцы. Інтарэс да музыкі і спеваў быў настолькі вялікім, што ўжо праз месяц у калектыў арганізавалася 14 чалавек. У сваёй большасці гэта культработнікі розных устаноў, але іх вялікае жаданне выказваць свае эмоцыі і пачуцці, душэўныя парывы праз музыку і песню стала прамой дарогай у клуб “Вечарніца”. Яго ўдзельнікі вельмі ахвотна выступаюць з канцэртнымі праграмамі ў маланаселеных пунктах, перад жыхарамі горада, у бальніцы сястрынскага догляду. Дзякуючы ўдала падабранаму рэпертуару, гледачы з вялікім задавальненнем наведваюцца на мерапрыемствы, дзе выступае “Вечарніца”. Выконваюць самадзейныя артысты творы беларускага і рускага песеннага мастацтва. Самымі любімымі з’яўляюцца “Мы вам жадаем”, “Мае лапці на той старане”, “Шэрая вуця”, “Шумяць вербы”, “Ой, сад на дварэ” і іншыя. Дарэчы, з апошняй песняй “Вечарніца” выступіла на раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”, які праводзіўся прафсаюзамі.
Увогуле самадзейныя артысты клуба жаданыя госці на розных сцэнічных пляцоўках. За тры гады дзейнасці яны дэманстравалі сваё выканальніцкае майстэрства на многіх агульнараённых і гарадскіх святах. У 2014 годзе на Міжнародным фестывалі “Славянскія літаратурныя дажынкі-2014” за значны ўклад у прапаганду музыкі і песні, роднага слова аматарскі клуб “Вечарніца” ўзнагароджаны дыпломам праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. А ўжо праз год калектыву прысвоена ганаровае званне “народны” за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць.
“Вечарніца” пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, павышае сваё выканальніцкае майстэрства, каб адпавядаць самым эстэтычным запытам слухачоў. Зараз удзельнікі клуба ў сваіх канцэртных выступленнях паказваюць нямала і гумарыстычных замалёвак. А такіх мерапрыемстваў у самадзейных артыстаў надараецца вельмі шмат. Прычым, гэта не толькі канцэрты, але і шматлікія вечарыны-сустрэчы, вечарыны-ушанаванні ў гонар людзей, якія многія гады сябруюць з музыкай і песняй. І на кожным такім мерапрыемстве гучаць яны несціхана.
З кожным днём творчыя здабыткі народнага клуба “Вечарніца” становяцца ўсё важэйшымі і важэйшымі. Гэта прыносіць радасць не толькі самім артыстам, але і тым людзям, перад якімі яны выступаюць. Як адзначыла Ганна Лой, “Вечарніца” ўласнай дзейнасцю паслядоўна выконвае сваё галоўнае прызначэнне – бацькоўскую зямлю творчасцю нястомнай славіць.
Сяргей Белка
Фота з архіва