Радуе ветэранаў народны ансамбль Жыткаўшчыны “Весялуха”
Ветэранская арганізацыя КСУПа “Бялёў” на цяперашні час налічвае 191 чалавек. З 2005 года гэтае немалое грамадскае фарміраванне ўзначальвае Кацярына Макарэвіч. Жанчына па сваёй натуры працавітая і творчая, яна імкнецца, каб кожны пажылы чалавек у аграгарадку не застаўся без належнай увагі, па магчымасці займаў актыўную жыццёвую пазіцыю. Менавіта такія ўмовы для ветэранаў і імкнецца ствараць Кацярына Мікалаеўна.
У многім гэтаму спрыяе і яе асноўная прафесійная дзейнасць. Макарэвіч узначальвае мясцовы Дом культуры. Таму ветэранам ёсць дзе сабрацца, каб абмеркаваць свае надзённыя пытанні. У СДК нават дзейнічае для пажылых клуб па інтарэсах “Каму за 50”. Прыходзяць яны і на многія культурна-масавыя мерапрыемствы. А яшчэ ёсць краязнаўчая музейная экспазіцыя “Палессе”. Па словах Кацярыны Мікалаеўны, ветэраны прынялі ў яе стварэнні непасрэдны ўдзел: падзяліліся старадаўнімі прадметамі побыту і ўласнымі ўспамінамі. Цяпер музей з’яўляецца сродкам выхавання у маладога пакалення любові да сваёй малой радзімы і яе традыцый.
Удзельнічае старшыня пярвічкі і ў рабоце сельсавецкай назіральнай камісіі, падтрымлівае цімураўскі рух у школе.
– Пажылым людзям не столькі наша дапамога патрэбна, хаця яна і нялішняя, а простыя чалавечыя ўвага і стасункі, – гаворыць Кацярына Мікалаеўна. – На жаль, па прычыне саліднага ўзросту не ўсе ветэраны маюць магчымасць прыйсці ў дом культуры, магазін, іншыя ўстановы, каб сустрэцца і паразмаўляць з людзьмі. Таму наведваем такіх вяскоўцаў дома, і кожны новы візіт для іх – вялікая радасць.
Асабліва шмат станоўчых эмоцый праяўляюць дзядулі і бабулі, калі культработнікі разам са старшынёй пярвічкі прыходзяць да іх з песнямі з нагоды юбілеяў ці іншых святаў. Тады ў хатах ветэранаў і песні гучаць несціханна, і падарункі ўручаюцца дзякуючы старанню Макарэвіч і яе самадзейных артыстаў з народнага ансамбля “Весялуха”. Дапамагае ў гэтым і сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, жанчына асабіста стварыла гэты калектыў і пенсіянеры ў ім таксама ўдзельнічаюць, тым самым знаходзяць выхад сваім творчым здольнасцям.
Вось такая яна, Кацярына Макарэвіч. Не толькі прафесіянал у сваёй справе, але і вясковы грамадскі акітывіст: старшыня ветэранскай пярвічкі, дэпутат і давераная асоба сельсавета. З чаго відавочна, што карыстаецца жанчына ў жыхароў аграгарадка Бялёў заслужанай павагай і аўтарытэтам, бо на кожнай пасадзе працуе для карысці людзей.
Радуе ветэранаў народны ансамбль “Весялуха”