Даўгі мучаць, але і працаваць вучаць
Калектыў Жыткавіцкай хлебнай базы падвёў вынікі сваёй мінулагодняй дзейнасці. Аб тым, наколькі яна была паспяховай і якія цяжкасці даводзілася пераадольваць працаўнікам прадпрыемства, карэспандэнт “раёнкі” папрасіў расказаць дырэктара Канстанціна Комара.
— Канстанцін Іванавіч, якімі засталіся ўражанні ад мінулага года?
— Адчуванні ад 2016-га ў калектыву засталіся даволі розныя. Калі казаць пра наша прадпрыемства, гэта даволі спакойны пачатак, які плаўна перайшоў у сярэдзіну. А вось трэці квартал мы будзем памятаць яшчэ вельмі доўга. Ён характарызаваўся бясконцымі запазычанасцямі па абавязковым плацяжам, выплатай заробкаў неймавернымі высілкамі, а таксама поўным крахам сістэмы разлікаў у прадпрыемстваў хлебапрадуктаў. Здавалася б, што на паспяховае заканчэнне года няма надзеі, але нам сітуацыю удалося накіраваць у больш паспяховае рэчышча.
— Як гэта выглядае ў лічбах?
— Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг склала летась 4198 тысяч рублёў. Тэмп роста — 123,18 працэнта да папярэдняга, 2015 года. Асноўную долю выручкі мы атрымалі ад захавання зерня — 46,56 працэнта, 13,24 працэнта — гэта частка ад захавання зерня дзяржзаказу, 19,77 працэнта выручкі нам прынёс гандаль і крыху больш 20 працэнтаў зарабілі ад пагрузкі і выгрузкі збажыны і яе рэалізацыі.
Цяпер спынюся на расходнай частцы нашай дзейнасці. Агульны яе сабекошт летась склаў 2987 тысяч рублёў супраць 2462 у 2015 годзе. Тэмп роста — 121,32 працэнта. Скажу адно, што па прычыне вострага дэфіцыту абаротных сродкаў многае з запланаванага не зроблена, таму што затраты прадпрыемства зведзены да мінімальных: выплата заробкаў, падаткаў, разлік за энергарэсурсы. Адсюль і даволі значны прыбытак ад рэалізацыі, які вырас на 38,15 працэнта. Канечне, гэта радуе, але разам з тым павялічылася падатковая нагрузка на прадпрыемства. Ёсць і станоўчыя моманты. Напрыклад, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за прайшоўшы год вырасла на 2,5 працэнтных пункты, а рэнтабельнасць прадаж — на 1,58, і дасягнулі гэтыя паказчыкі велічыні 20,49 і 14,58 працэнта адпаведна. Такім чынам, чысты прыбытак за прайшоўшы год атрыманы 342 тысячы рублёў, што на 18,75 працэнта вышэй, чым было ў папярэднім.
— Як гэта адбілася на матэрыяльным дабрабыце працаўнікоў хлебнай базы?
— Фонд заработнай платы за мінулы год склаў 791 тысячу рублёў, 118 з якіх выплачаны за кошт прыбытку. Усе добра памятаюць, як атрымлівалі трынаццатую зарплату і выплаты да прафесійнага свята, а таксама на агародніну. Хаця і са спазненнем, але атрымалі і дапамогу да водпуску. Гэтымі фактамі хачу сказаць, што на хлебнай базе бездакорна выконваюцца прапісаныя ў калектыўным дагаворы дамоўленасці паміж адміністрацыяй і прафкамам. Што тычыцца памеру сярэдняга заробку, за мінулы год гэта 658,60 рублёў, прырост да папярэдняга — 119,03 працэнта. Хаця дабіцца такога было вельмі няпроста. Ужо таму, што з лістапада 2015 года з-за фінансавых неспадзяванасцей не падымалася тарыфная стаўка першага разраду.
На цяперашні час кіраўніком краіны ставяцца канкрэтныя задачы па велічыні заробку. Будзем працаваць у гэтым напрамку. Па ўзгодненаму бізнес-плану пры дасягненні пэўных паказчыкаў мяркуем павялічыць недзе ў трэцім квартале тарыфную стаўку прыкладна на 15-20 працэнтаў.
— Складваецца ўражанне, што ў такі няпросты час у вас на прадпрыемстве складваецца ўсё надзвычай цудоўна.
— На жаль, гэта не так. У прыватнасці, намі не выкананы паказчык па зніжэнні затрат на вытворчасці ў памеры 14,5 працэнта. Але і той узровень — 5,94 працэнта, якога дасягнулі, вывеў нас у лідары па галіне. Асабліва вялікай праблемай для хлебнай базы з’яўляюцца разлікі з дэбіторамі. У некаторыя перыяды летась дэбіторская запазычанасць даходзіла да 1500 тысяч рублёў, а гэта 36 працэнтаў нашай гадавой выручкі. Па прычыне збояў у разліках з намі, мы самі са жніўня па снежань хадзілі ў даўжніках за энергарэсурсы, па падатках, у апошні дзень месяца выплочвалі заробкі. Было прыкладзена шмат сіл і энергіі, каб вярнуць заробленыя грошы. За апошнія два месяцы мы здолелі знізіць дэбіторскую запазычанасць на 500 тысяч рублёў, што і дазволіла нам паспяхова завяршыць год і выканаць усе паказчыкі.
— Якая асноўная задача стаіць перад калектывам на год цяперашні?
— Іх многа. Але ў першую чаргу неабходна ўкласці ў асноўны капітал 75 тысяч рублёў інвестыцый. Гэтыя грошы пойдуць на мадэрнізацыю вытворчасці, што ў далейшым дасць эканомію сродкаў на вытворчасці. Значна павялічваем выдаткі і на ахову працы і стварэнне бяспечных яе умоў. Адным словам, наперадзе многа спраў, якія калектыў пастараецца ўзорна выканаць з улікам напрацаванага вопыту і дапушчаных памылак.
Гутарыў Сяргей Белка