Каму не сорамна жыць за чужы кошт
Хіба маглі ўявіць сабе нашыя бабулі, што наступіць час, калі ім прыйдзецца на свае небагатыя пенсіі ўтрымліваць няўдалых дзяцей, а то і ўнукаў-гультаёў? На жаль, такая карціна зараз прысутнічае за рэдкім выключэннем у кожнай вёсцы, ужо не кажучы пра гарадское асяроддзе. Разбэшчаныя бессаромныя дзецюкі мала таго, што не працуюць, туляючыся па хатах, дык яшчэ нярэдка і руку падымаюць на тых, хто ў прамым сэнсе іх корміць.
З некалькімі тыпічнымі прадстаўнікамі такой “народнасці” прыйшлося пазнаёміцца на нядаўнім сходзе, што адбыўся ў Марохараўскім сельскім Савеце. Рабочая група райвыканкама не першы раз арганізуе падобныя сустрэчы з людзьмі, што вядуць антыграмадскі лад жыцця. Мэта такіх мерапрыемстваў не толькі паўшчуваць іх, але і аказаць практычную дапамогу ў працаўладкаванні.
Сёння на ўліку мясцовай улады знаходзіцца больш за 180 афіцыйна незанятых чалавек. Частка людзей з’ехала ў Расію на заробкі, іншыя прыстроіліся на тэрыторыі сваёй краіны. Адкрыта лайдачаць каля 30 вясковых небаракаў, але час завітаць у Савет знайшлі ўсяго трое. І гісторыі іхнія падобныя. Саракадзевяцігадовы Аркадзь знаходзіцца на ўтрыманні сваёй дачкі-дэкрэтніцы, на якую раней быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Мужчына тры гады назад пасля канфлікту звольніўся з “Жыткавічыхімсервісу”, дзе працаваў на земснарадзе, перабіваецца зараз халтурамі, у поле зроку міліцыі апошнім часам не трапляў. Па ўласным прызнанні спіртным не злоўжывае, але і занятак шукаць не імкнецца, маўляў, яго ж, кажуць, няма. Рабочая група рэкамендавала грамадзяніну стать на ўлік біржы, каб прайсці навучанне па новай прафесіі. А пакуль да восені яго аформяць рабочым у сельсавет.
Працу надоечы прапанавалі і жыхару Дубровы Леаніду, які таксама жыве за кошт сям’і. Хлопцу 27 гадоў, а ён не саромяецца цягнуць грошы з маці і бабулі і пры тым, будучы на падпітку, учыняць дома скандалы. Два сігналы ў РАУС ужо паступіла, пасля трэцяга абяцаюць паставіць на ўлік. За паўтара года малады чалавек, што, між іншым, мае не адну кваліфікацыю, відаць, прывык да вольнага жыцця. Ва ўсялякім разе на запрашэнне загадчыцы фермы ісці жывёлаводам, яшчэ раздумвае: згадзіцца ці пачакаць?
Затое ў трэцяга 57-гадовага ўдзельніка сустрэчы работы хоць адбаўляй. Працалюбівы Мікалай абрабляе больш за 80 сваіх сотак, ды яшчэ роднай сястры на яе трох гектарах дапамагае. Зноў жа на шабашкі завуць. Загана ягоная – у пастаянных выпіўках ды пакурыць у хаце мужчына любіць, а гэта ўжо небяспека для жыцця. Колькі людзей забралі такія “нецвярозыя” пажары, на сходзе засведчыў дакументальны відэафільм, што паказалі аўдыторыі.
Падводзячы вынікі размовы, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі зазначыў, што падчас своеасаблівай рэвізіі спісаў непрацуючых важна дайсці да кожнага чалавека, разабрацца ў ягонай сітуацыі і па магчымасці аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні. Гэта задача для ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.
Святлана Шакалян
фота аўтара