Калі душа спявае
Хто не ведае ў нашым раёне Таццяну Яўлаш -– вялікага энтузіяста культуры, здольнага арганізатара, адмысловую спявачку і танцорку, нязменнага кіраўніка народнага ансамбля песні “Жытніца” вось ужо звыш 20 гадоў…
Таццяна родам з суседняга Петрыкаўскага раёна, з маленькай вёсачкі Брынёў, што, здаецца, згубілася ў чароўным царстве лясоў сярод спеваў птушак на ўсе лады. Ці не яны ды галасістыя яе родзічы і абумовілі яе далейшы лёс, выбар прафесіі пасля школы на ўсё жыццё? Пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры ў 1980 годзе яна была накіравана ў аддзел культуры Жыткавіцкага райвыканкама, дзе працуе і па сённяшні дзень. Была метадыстам РДК, інспектарам раённага аддзела культуры, а з 1983 года – на клапатлівай, адказнай пасадзе дырэктара раённага Дома культуры. За гэты немалы перыяд часу зарэкамендавала сябе граматным кіраўніком, здольным арганізатарам, вельмі патрабавальным да падначаленага калектыву. А інакш нельга, бо іхняя работа, плён яе -– заўсёды ў людзей навідавоку.
Таццяна Аляксандраўна ўмее згуртаваць вакол сябе людзей рознага ўзросту, увесь час знаходзіцца ў пошуках новых форм работы, асаблівую ўвагу надае развіццю платных паслуг, добраўпарадкаванню як унутры Дома культуры, так і на прылягаючай да яго тэрыторыі. Дзякуючы мэтанакіраванасці, прынцыповасці, высокаму прафесіяналізму за апошнія гады пяць калектываў РДК атрымалі ганаровае званне “народны”. Калектыў Дома культуры штогод з’яўляецца лепшым сярод устаноў культуры раёна, неаднаразова выходзіў пераможцам у абласным і рэспубліканскім конкурсах. Некалькі год запар клубная сістэма раёна, якой кіруе Таццяна Аляксандраўна, з’яўляецца адной з лепшых у вобласці па абслугоўванню сельскага насельніцтва.
Здаўна запаветнай марай Таццяны Яўлаш было стварэнне калектыва, які б выконваў народныя песні, захоўваў, збярог традыцыйную культуру Палесся, мясцовы фальклор. І вось задума збылася: у 1987 годзе быў створаны ансамбль песні “Жытніца”. За высокае выканаўчае майстэрства ў 1992 годзе яму было прысвоена званне “народны”. За гады існавання гэты калектыў дэманстраваў свой прафесіяналізм не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Украіне, шмат разоў прапагандаваў беларускую песню ў Германіі. Гэты гурт тройчы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх “Дажынках”, у шматлікіх абласных святах і фестывалях.
Народны ансамбль песні “Жытніца” — двойчы лаўрэат фестывалю народнага мастацтва нашай краіны “Беларусь — мая песня”, лаурэат міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, лаурэат рэспубліканскага фестывалю “Певчее поле”, неаднаразовы дыпламант Усебеларускага фестывалю народнага гумару, дыпламант міжнароднага фестывалю славянскай культуры “Хотмыжская осень” у Расіі.
У 2004 годзе Таццяна Аляксандраўна была запрошана на прыём з нагоды святкавання Дня жанчын Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам як адзін з лепшых работнікаў культуры вобласці.
У 2008 годзе калектыў стаў лаурэатам чарговага рэгіянальнага фестывалю спявацкага мастацтва “Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных” на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага Народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Цітовіч, прафесара, народнага артыста нашай рэспублікі Міхаіла Дрынеўскага. Аўтарскі калектыў РДК пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны з’яўляецца пераможцам абласнога конкурса на лепшы творчы праект па рабоце з дзецьмі і моладдзю.
За дасягненні высокіх, творчых паказчыкаў, значны ўклад у справу адраджэння нацыянальнай культуры Таццяна Яўлаш была двойчы ўзнагароджана граматамі Міністэрства культуры, а таксама ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі Жыткавіцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Летась ёй была ўручана грамата цэнтральнага камітэта прафсаюзаў работнікаў культуры Рэспублікі Беларусь.
С. ВЕЧАРОВЫ.