Перад лёсавызначальным выбарам

Наш субяседнік – Алена Іванаўна ШПАКЕВІЧ, дэпутат, старшыня Юркевіцкага сельскага Савета. Мы папрасілі яе падзяліцца сваімі ўражаннямі аб ходзе прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.


— Алена Іванаўна, Вы заўважаеце, што распачата перадвыбарчая кампанія? Якія яе прыкметы?


— Зразумела, я цікаўлюся яе ходам, найперш дзякуючы электронным і друкаваным сродкам інфармацыі. З увагай сачу за інфармацыямі, якія зыходзяць ад Цэнтральнай выбарчай камісіі.


— А ці сачылі за выступленнямі кандыдатаў у дэпутаты па тэлебачанню?


— Усіх уважліва слухала. Старалася абдумаць кожнае выступленне, каб зразумець дзеля чаго гэтыя людзі збіраюцца стаць прэзідэнтам.


— Якія высновы зрабілі? Якімі падаліся Вам прэтэндэнты?


— З якой мэтай большасць ідзе да ўлады мне проста дагэтуль незразумела. Маючы такую магчымасць, як гадзіна ў прамым эфіры, многія не змаглі раскрыць свой патэнцыял. Увогуле, склалася цвёрдае перакананне, што ніводзін з кандыдатаў не разумее, што пасада прэзідэнта – вельмі сур’ёзная, штодзённая, карпатлівая работа. Работа, а не адпачынак. І, зразумела ж, адказнасць за свой народ, за краіну. Многія выступоўцы былі непадрыхтаваныя, гучала многа агульных фраз. А адзін з кандыдатаў увогуле вельмі здзівіў многіх выбаршчыкаў – скарыстаў выдзелены эфір за два разы не больш 10 хвілін… Складваецца ўражанне, што палітыкі стаміліся ад саміх сябе.


— Няўжо так і не пабачылі, і не пачулі хоць нейкага рацыянальнага зерня?


— Ну, чаму ж. У некаторых былі асобныя рацыянальныя думкі. Аднак іх, на маю думку, ніхто не перашкаджаў рэалізаваць, не чакаючы прэзідэнцкіх выбараў. Чакалі гэтага моманту? Каб кандыдату паверылі, ён павінен быў бы хоць што-небудзь даказаць справамі ў гэтым накірунку, нават на той працы, дзе ён хаця б працаваў, іначай усё выглядае крыху смешна.


На мой погляд, стаць нават кандыдатам у прэзідэнты – ужо вялікая адказнасць, свядомы выбар чалавека, і смеласць. Кандыдат павінен быў навучыцца ўпэўненасці, адпаведна трымацца на людзях, правільна сябе весці, павінен даходліва распавесці пра сваю праграму: можа, на яго погляд, у рэспубліцы не так, дык як гэта трэба вырашаць. А калі трэба выпраўляць, то прапануй адпаведна праграму, каб я, як выбаршчык, табе паверыла. Што чую: размытыя лозунгі і, на жаль, злосная крытыка.


— А як Вы ацэньваеце ўзровень разумення эканамічных праблем кандыдатамі ў дэпутаты?


— Дзіўна, але ніхто з іх не разумее, што рабіць і як кіраваць эканамічнымі працэсамі. За рэдкім выключэннем, былі адзінкавыя рацыянальныя ідэі, склалася цвёрдае перакананне, што кандыдаты нічога не разумеюць у эканоміцы. Новыя ідэі адсутнічаюць. Кандыдаты проста сыплюць свядома невыканаемыя абяцанні: вось, дайце нам шанс, а там паглядзім, што будзе. Можа, выжывем…


— А што Вам найбольш не спадабалася?


— Заклікі на плошчу, каб выказаць нейкі пратэст. Гэта ўвогуле нейкі тэатр абсурду. Я не разумею. Ёсць заканадаўства, ёсць пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе можна весці агітацыю за сябе любімага… Клін сышоўся на чатырох плошчах! Мінск – вялікі горад! Агітуйце ў вызначаным месцы. Я, дарэчы, сталіцу ведаю даволі добра. Пераканана, што нельга несці палітыку туды, што з’яўляецца ў рэшце рэшт візітоўкай краіны, дзе штодзённа знаходзяцца турысты, замежнікі і простыя грамадзяне, што прыйшлі сюды адпачыць. Не, мы менавіта там хочам, заяўляюць многія кандыдаты. А нармальным людзям, пераканана, гэтага не трэба, і яны разумеюць: ідзе прызыў да нечага незаконнага. А людзі хочуць жыць спакойна, хто хоча пайсці на сустрэчу з кандыдатам – ён і так прыйдзе ў вызначанае месца.


Тут іншая справа. Мы ж дагэтуль, акрамя “галоў у экране”, так і не бачылі кандыдатаў, ні прадстаўнікоў іх. Сустрэч ніхто не праводзіць. Гэта накладвае пэўны адбітак на маё асабістае разуменне існуючай перадвыбарнай сітуацыі.


Мне, дарэчы, не імпануе, што кандыдаты крытыкуюць не дзяржаўную пабудову рэспублікі, а толькі аднаго чалавека – дзеючага кіраўніка краіны. Гэта зборная асаблівасць іх мыслення, таму на дадзены момант не бачу, каму з іх, выступоўцаў, можна было б даверыць краіну, сваё, у рэшце рэшт, жыццё.


— Дзякуй, Алена Іванаўна, за шчырыя развагі.


Гутарыў У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.