СТАЦЬ НА ЎЛІК – ПА-НОВАМУ!
Расскажыце ў “Новым Палессі”, якія новаўвядзенні ў заканадаўстве будуць неўзабаве ў парадку пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў?
Вольга Дзмітрыеўна, жыхарка раёна.
Як мы ўдакладнілі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, з 1 студзеня 2011 года ўступяць у сілу новыя правілы пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 552 ад 27 кастрычніка 2010 года ўносіць шэраг істотных дапаўненняў у дзеючае цяпер Палажэнне аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. Каб жыхары раёна здолелі больш дакладна зразумець сутнасць асноўных змяненняў, якія адбудуцца ў гэтай сферы з пачаткам наступнага года, разгледзім іх на канкрэтных сітуацыях.
1. Па дзеючаму цяпер заканадаўству пры пастаноўцы на ўлік улічваецца агульная плошча жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці ці карыстанні грамадзян і членаў іх сем’яў, з якімі яны становяцца на ўлік. Па новых жа правілах будзе ўлічвацца жылплошча ўсіх пражываючых з грамадзянінам членаў сям’і, у тым ліку і тых, якія на ўлік не становяцца. Разгледзім прыклад: сям’я з чатырох чалавек пражывае ва ўласнай палове дома плошчай 43 квадратныя метры. Адначасова ў аднаго з членаў сям’і маецца ва ўласнасці трохпакаёвая кватэра. Калі цяпер без гэтага ўласніка астатнія тры чалавекі могуць стаць на ўлік, то з 1 студзеня 2011 года пры разгледжванні пытання аб пастаноўцы іх на ўлік разам з плошчай дома абавязкова будзе ўлічвацца і плошча гэтай кватэры.
Разам з тым адзначу, што змяненні не будуць датычыцца тых выпадкаў, калі муж і жонка, якія жадаюць стаць на ўлік, заключылі шлюб упершыню і ніводзін з іх не мае ва ўласнасці жылых памяшканняў.
2. На сённяшні дзень асобамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць быць прызнаны разведзеныя і аўдавеўшыя муж і жонка, якія выхоўваюць дзяцей, не заключылі новы законны шлюб і не маюць ва ўласнасці жылля. На жаль, гэтыя абставіны выкарыстоўваюць некаторыя несумленныя грамадзяне. Яны, маючы ва ўласнасці дастатковую колькасць жылой плошчы, каб стаць на ўлік, афармляюць фіктыўны развод, пасля чаго “былы” муж ці жонка, на якога не было зарэгістравана жыллё, ідзе ва ўладныя структуры ці сельвыканкам і становіцца на ўлік грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па новых правілах разведзеных мужа і жонку можна будзе паставіць на ўлік толькі пры ўмове, што агульная плошча жылля, якое было ў іх карыстанні, будзе меншай за 15 квадратных метраў на чалавека. Так што, схема з фіктыўнымі разводамі перастане дзейнічаць.
3. Грамадзянін, як маючы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без аўкцыёну атрымлівае зямельны ўчастак для будаўніцтва ўласнага дома. Праз некаторы час ён уступае ў жыллёва-будаўнічы кааператыў, у складзе якога за льготны крэдыт будуе сабе кватэру. Аднак з новага года грамадзянам прыйдзецца выбіраць толькі адзін спосаб паляпшэння сваіх жыллёвых умоў. Калі вы без аўкцыёну атрымалі ўчастак для будаўніцтва дома, то не зможаце пабудаваць кватэру з дапамогай ільготнага крэдыту і, адпаведна, наадварот.
4. Па існуючых правілах на ўлік грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, можа быць пастаўлены чалавек, які жыве ў сельскім населеным пункце і не мае ў ім ва ўласнасці жылля. Пры гэтым не мае значэння тое, што, напрыклад, у суседняй вёсцы гэтага ж сельсавета ён ужо валодае домам. У адпаведнасці з новымі правіламі, калі ў грамадзяніна на тэрыторыі аднаго сельсавета маецца ва ўласнасці жыллё з дастатковай агульнай плошчай, то яго нельга будзе прыняць на ўлік, які будзе весці мясцовы сельвыканкам.
Жыхароў сельскай мясцовасці датычыцца і яшчэ адно новаўвядзенне ў жыллёвым заканадаўстве. З 1 студзеня 2010 года вяскоўцы, якія маюць права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, змогуць станавіцца на ўлік як у сельскім, так і ў раённым выканаўчым камітэце.
5. Важныя змены адбудуцца і ў парадку прыняцця на ўлік дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Цяпер яны, калі не дасягнулі паўналецця, прымаюцца на ўлік грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з даты першаснага атрымання статусу “дзяцей-сірот” толькі па заяве апекуноў, а паўналетнія дзеці-сіроты (да 23-х гадоў уключна) — з дня падачы такой заявы. Такім чынам, калі па нейкіх прычынах апекуны своечасова не падалі адпаведнай заявы, то іх падапечныя пасля дасягнення паўналецця пры пастаноўцы на ўлік траплялі ў канец чаргі. Прынятыя дапаўненні дазволяць ставіць усіх дзяцей-сірот на ўлік, незалежна ад іх узросту і даты падачы заявы, з дня атрымання статусу “дзяцей-сірот”, што значна ўзмацняе іх сацыяльную абароненасць.
Падводзячы вынікі вышэйсказанага, неабходна зазначыць, што Указ Прэзідэнта № 552 уносіць вельмі важныя і неабходныя карэкціроўкі ў дзеючы парадак уліку грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры выкарыстанні якога выявілася шмат недахопаў і недапрацовак. Новыя ж правілы дазволяць прымаць на ўлік толькі тых грамадзян, якія маюць рэальную патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, што, на маю думку, будзе вельмі справядліва.
Падрыхтаваў У. ЛЯСНЫ