Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі рэгіёна
Першым да кіраўніка ведамства звярнуўся пенсіянер з вёскі Запясочча. Мужчына лічыць, што не павінен аплачваць за жонку, інваліда першай группы, вываз адходаў. Пазіцыю тлумачыць тым, што ягоная палавіна, якая прыкавана да ложку, маўляў, “не пакідае смецця”, а, дасылаючы жыроўку, камунальная служба парушае яго грамадзянскія правы. Адказваючы на прэтэнзію, міністр патлумачыў, што яго падначаленые дзейнічаюць выключна ў рамках закона, згодна з якім кожны чалавек абавязаны аплачваць паслугі па ўтылізацыі адходаў, незалежна ад аб’ёму апошніх.
Жыхары кааператыўных дамоў пасёлка Чырвонае тры месяцы не могуць разлічыцца за пастаўленае ў іх кватэры цяпло. Аб гэтым паведамілі адразу двое патэлефанаваўшых на прамую лінію. Як высветлілася, Аляксандр Церахаў знаходзіцца ў курсе спраў. Праз тыдзень звярнуўшымся паабяцалі даць адказ.
У гэты ж дзень на асабістым прыёме ў міністра ЖКГ пабывалі тры чалавекі. Адна жанчына прыгадала сітуацыю двухгадовай даўніны, калі, на думку заяўніцы, незаслужана звольнілі яе мужа, работніка КУП “Жыткавіцкі камунальнік”.
На нездавальняючую якасць рамонту скардзіліся жыткаўчанкі, што жывуць у доме №14 па вуліцы Сацыялістычная горада Жыткавічы. Пасля таго, як чацвёрты і пяты паверхі будынка ўцяплілі, ў шэрагу кватэр, па іх словах, усё роўна захавалася празмерная вільготнасць і прамярзанне сцен. Кіраўнік ведамства выказаў меркаванне, што прычына такой сітуацыі крыецца ў рамонтным альбо канструкцыйным браку дома. Каб дэталёва разабрацца, як дапамагчы людзям, ён даручыў стварыць на ўзроўні райвыканкама кампетэнтную камісію. “Калі праблема ёсць, — падкрэсліў, звяртаючыся да кіраўнікоў раённых службаў, чыноўнік, — трэба шукаць выйсце, сама яна не вырашыцца. Узважана і прафесійна неабходна падыходзіць да кожнага звароту”.
Святлана ШАКАЛЯН