Ёсць аснова для будучых поспехаў

Больш за пяцьдзесят цэнтнераў  з гектара намалацілі ў мінулым годзе хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Менавіта на гэтым дасягненні працаўнікоў сельгаспрадпрыемства найперш спыняецца яго дырэктар Уладзімір Іванавіч Радавец, калі распачаў аповед пра найбольш яркія старонкі з мінулагодняй дзейнасці калектыва.

— Народная мудрасць сведчыць, што зямлю не падманіш. Нашы механізатары, спецыялісты зрабілі практычна ўсё, каб грамадскія палеткі парадавалі добрай аддачай. І ў многім нам гэта ўдалося. Найперш мы значна абнавілі машынна-трактарны парк новымі сучаснымі машынамі і агрэгатамі, якія дазвалялі нам выконваць увесь комплекс работ на палетках, пачынаючы ад пасяўной і заканчваючы ўборкай. Таму і ўраджайнасць усіх культур выдалася адпаведна высокай. Мне, як кіраўніку акцыянернага таварыства, было вельмі прыемна падымацца на сцэну галоўнага хлебаробскага свята “Дажынкі-2010”, якое прайшло ў Лідзе, за заслужанай узнагародай, дыпломам другой ступені, за перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці зерня. Так высока ацаніла дзяржава нашы старанні на збожжавым палетку. Хаця год для земляробаў быў не з простых па пагодных умовах. Прывяду толькі адзін прыклад гэтага: маразы вынішчылі ўсе пасевы азімага рапсу, якія прыйшлося перасяваць вясной.


Увогуле, калі размова зайшла пра ўзнагароды, то адзначу, што працаўнікі гаспадаркі ў мінулым годзе за добрыя паказчыкі былі адзначаны на самых розных узроўнях. На абласных дажынках віталі камбайнераў Мікалая Лебядзінскага і Віктара Вянгуру, галоўнага агранома Мікалая П’яўку. Механізатару Фёдару Мажака аб’яўлена падзяка абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Мікалай і Пятро Струк, Ігар Замжыцкі, Аляксандр Лоўгач, Уладзімір Пятрычыц і іншыя – гэта ўсё механізатары і вадзіцелі, праца якіх годна ацэнена раённай уладай. Ды і кіраўніцтва самога таварыства ў прайшоўшым годзе ў дзень свайго прафесійнага свята выдаткавала для ўзнагароджвання сваіх працаўнікоў трыццаць мільёнаў рублёў. Не менш важнай падзеяй, лічу, для таварыства з’яўляецца і тое, што напрыканцы года аператару машыннага даення чэрніцкай фермы Мікалаю Якубоўскаму ў Мінску прэм’ер–міністрам Сяргеем Сідорскім уручаны медаль “За працоўныя заслугі”. Гэта прамое сведчанне таго, што ў акцыянерным таварыстве склаўся даволі працаздольны калектыў, які можа вырашаць яшчэ больш значныя задачы.


ААТ “Тураўшчына” – суб’ект гаспадарання даволі малады. Але сваімі працоўнымі здабыткамі ўжо гучна заявіў многімі высокімі вытворчымі паказчыкамі аб сваім патэнцыяле. У новым годзе працаўнікамі сельгаспрадпрыемства будзе зроблена ўсё, каб ён раскрыўся яшчэ больш. Планаў у нас шмат. Многія з іх ужо пераўтвараюцца ў жыццё. Распачата будаўніцтва завода па перапрацоўцы малака. На поймавых лугах паспяхова развіваем мясную жывёлагадоўлю. І гэты пералік добрых спраў можна працягваць і працягваць. Галоўнае, што кожнаму работніку, кожнаму спецыялісту, якія працуюць у таварыстве ў новым годзе, знойдзецца вялікае поле для дзейнасці, для раскрыцця сваіх творчых і прафесійных здольнасцей. Значыць, кожны зможа забяспечыць дабрабыт сабе і сваім сем’ям. Менавіта здароўя усім працаўнікам сельгаспрадпрыемства, дабрабыту, плённай працы і важкіх здабыткаў і поспехаў, а таксама шчасця – усяго гэтага хочацца пажадаць кожнаму члену калектыва ў новым годзе. Бо гэта, на маю думку, і з’яўляецца найтрывалейшай асновай працвітання і развіцця адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” ў гэтым годзе і ў будучых.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.